Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір МАКЕЙ у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Baltіc News Servіce адказаў на актуальныя пытанні знешняй палітыкі нашай краіны.
Беларусь разглядае розныя варыянты выкарыстання партовай інфраструктуры іншых краін у сваіх мэтах, заявіў міністр. Ён заўважыў, што ёсць цікавыя прапановы з расійскага і латвійскага бакоў. «Ёсць і канкрэтныя прапановы, зробленыя літоўскім бокам, — дадаў Макей. — Мы ўжо сёння шчыльна супрацоўнічаем з Клайпедскім портам па перавалцы нашых калійных угнаенняў. Шэраг іншых тавараў таксама праходзіць праз Клайпеду. Ва ўрадзе створана рабочая група, якая займаецца гэтай тэматыкай па даручэнні Прэзідэнта». Па словах кіраўніка міністэрства, у бліжэйшы час плануецца правесці аналіз усіх прапаноў, ацаніць плюсы і мінусы розных праектаў у комплексе. «Мы маем намер прыняць аптымальнае рашэнне, якое будзе адпавядаць інтарэсам нашай дзяржавы, — падкрэсліў Уладзімір Макей. — Але мы не хацелі б замыкацца на нейкай адной краіне».
Адказваючы на пытанне, якое тычылася спрашчэння руху ў прыгранічнай зоне з Літвой, міністр заўважыў, што адпаведныя пагадненні Беларусь мае з Латвіяй, Літвой і Польшчай. «З Латвіяй пагадненне ўжо ўступіла ў сілу, аднак яно тычыцца толькі некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек, што пражываюць з абодвух бакоў мяжы, — канстатаваў дыпламат. — З Літвой у нас гэтая лічба ахоплівае прыкладна паўтара мільёна чалавек». Уладзімір Макей звярнуў увагу на тое, што, пасля ўступлення ў сілу такога пагаднення паміж Беларуссю і Латвіяй, на практыцы ўзніклі канкрэтныя арганізацыйныя і тэхнічныя складанасці пры пераходзе праз мяжу нашымі грамадзянамі. «Мы распрацавалі і ўзгадняем з латвійскім бокам дадатак да заключанага раней пагаднення, — дадаў міністр. — Наколькі мне вядома, ён цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў Еўрапейскім саюзе. Я думаю, мы забяспечым уступленне ў сілу гэтых дадатковых паправак і будзем думаць над тым, як забяспечыць уступленне ў сілу нашага пагаднення з Літвой». Спадар Макей яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што з Латвіяй няма такіх праблем на мяжы, якія існуюць з Літвой. «Гэта і вялізныя чэргі ў пунктах пропуску, а калі мы яшчэ паўтара мільёна чалавек сюды дабавім, то можна ўявіць, які калапс адбудзецца на мяжы», — адзначыў кіраўнік дыпламатычнага ведамства. Рашэнне гэтых пытанняў ён бачыць у павелічэнні колькасці пунктаў пропуску на мяжы, удасканаленні пагранічнай інфраструктуры, забеспячэнні пагранічных, мытных пастоў неабходнымі інфармацыйнымі матэрыяламі, камп'ютарамі.
Што да занепакоенасці літоўскага боку наконт магчымага ўплыву Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе, міністр прапанаваў наступнае выйсце з гэтай сітуацыі: «Давайце сустрэнемся «не для птушачкі», неафіцыйна, але неабходна пасадзіць за стол перагавораў спецыялістаў, каб кожны бок выказаў свае прэтэнзіі». Уладзімір Макей падкрэсліў, што ён абсалютна згодзен з неабходнасцю зняць прадузятасці ў стасунках Беларусі і Літвы ў гэтым пытанні. «У любым выпадку трэба шукаць кампрамісныя, узаемакарысныя рашэнні, — рэзюмаваў міністр. — Мы таксама можам падняць вельмі шмат пытанняў, і, паверце, мы не ўсе аргументы выкарысталі: і ў дачыненні да Вісагінскай АЭС, і да іншых планаў. Мы не хочам даводзіць сітуацыю да абсурду, а накіраваны на тое, каб праз дыялог знаходзіць кампрамісныя рашэнні».
На пытанне карэспандэнта, ці не баіцца Беларусь байкоту з боку лідараў заходніх краін чэмпіянату свету па хакеі, Макей расказаў, што запрашэнні былі накіраваны ўсім кіраўнікам суседніх краін і краін, якія будуць удзельнічаць у чэмпіянаце. «Мы свой абавязак выканалі, — адзначыў міністр, — а прыняць удзел ці не — гэта ўжо справа кіраўнікоў дзяржаў. Мы не разглядаем гэта як нейкі байкот з іх боку. Была спроба розных арганізацый арганізаваць байкот чэмпіянату, але, як бачыце, ён адбудзецца. Спорт павінен быць па-за палітыкай». Уладзімір Макей таксама дадаў, што ў VІP-ложы «Мінск-Арэны» месцы ў асноўным забраніраваны, і ёсць ужо шэраг лідараў, якія заявілі, што прыедуць на чэмпіянат. Больш за тое, па інфармацыі міністра, адбудуцца дзяржаўныя і афіцыйныя візіты, прымеркаваныя да гэтага чэмпіянату.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».