Якім павінен быць падзейны турызм?
Асаблівасці, традыцыі таго ці іншага рэгіёна пазнаюцца не толькі на экскурсіях, але і дзякуючы цікавым падзеям, калі госць становіцца не назіральнікам, а ўдзельнікам імпрэзы. Гэта працуе не проста дзеля забаў, а на імідж мясцовасці. Прычым так званы падзейны турпрадукт павінен быць рэнтабельным, прыносіць яго арганізатарам не толькі маральнае задавальненне, але і прыбытак. Як гэта зрабіць з улікам айчыннага і замежнага вопыту? Меркаванні на гэты конт карэспандэнт «Звязды» пачуў на семінары, які быў арганізаваны праграмай падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі сумесна з упраўленнем спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
Толькі ў нас!
1
— Цэнтрам турызму ў нашым раёне сёння з'яўляецца аграгарадок Адэльск. Мы падлічылі, што летась тут пабывала 1077 турыстаў, — кажа намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый КЛІМОВІЧ.
Чым прывабліваюць гасцей у гэтым невялікім памежным мястэчку? Тым, што прапануюць ім цікавыя імпрэзы, якія ладзяцца толькі тут. Напрыклад, свята млынароў альбо адэльскі фэст святога Антонія (ікона гэтага апекуна Адэльска, якая лічыцца цудатворнай, знаходзіцца ў тутэйшым касцёле). Ёсць у Адэльску і музей народных музычных інструментаў, якія зроблены знакамітым майстрам Мар'янам Скрамблевічам — яго творчасць унесена ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Дудкі, флейты, акарыны, свістулькі, жалейкі, ражкі, трашчоткі…Прычым Мар'ян Антонавіч не толькі раскажа пра асаблівасці вырабу гэтых і іншых інструментаў, сыграе на іх, але і запросіць гасцей самім аб'яднацца ў… аркестр.
Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці працуе ў цесным кантакце са спецыялістамі райвыканкама, якія займаюцца пытаннямі культуры і турызму. Разам рыхтуюць для кожнай групы анімацыйную праграму з улікам пажаданняў гасцей, што, дарэчы, можа быць зроблена і па жаданні любой аграсядзібы. Гэта спрыяе папулярызацыі рэгіёна і, разам з тым, прыносіць грошы, якія ахвотна плацяцца за цікавыя імпрэзы.
Грошы — не самамэта
У тым, што такая «аўчынка» варта вырабу, пераконваюцца і на Зэльвеншчыне, вырашыўшы адрадзіць вядомы яшчэ з XVІІІ стагоддзя «Ганненскі кірмаш» — калісьці адзін з буйнейшых у Еўропе. Раён датацыйны, выдзеліць на фестываль буйную суму з бюджэту праблематычна. Таму задумаліся над тым, каб фестывальныя мерапрыемствы станавіліся прыбытковымі. Напрыклад, зрабілі гандлёвыя рады ў старажытным стылі і ўстанавілі пэўную арэндную плату для прадпрыемстваў, якія прывозяць на фестываль сваю прадукцыю. Сума невялікая, і яе гатовы плаціць без усякага прымусу, бо маюць някепскую выручку. Знайшоў сваю «нішу» на фестывалі і раённы камбінат бытавога абслугоўвання — на вырабе жаночага і мужчынскага адзення з беларускім арнаментам. Цяпер ёсць яшчэ адна ідэя дзеля адлічэнняў, інвестыцый у бюджэт фестывалю, ды і ўвогуле ў раён — выкарыстоўваць брэнд Ганненскага кірмашу на розных таварах.
— Галоўнае, што фестываль дапамагае нам зрабіць сваю тэрыторыю больш прывабнай для мясцовых жыхароў і гасцей. Зарабіць на ім грошы — не самамэта. Але ад папулярнасці нашага кірмашу, ад таго, чым цікавейшымі будуць імпрэзы, залежаць і фінансавыя паступленні. Мы працуем на фестываль, а ён працуе на нас, — лічыць намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Юрый КУЛІКОЎ.
Але часта атрымліваецца так, што бізнес застаецца ў баку ад вельмі цікавай падзеі, хаця і можна атрымаць з гэтага «дывідэнды». Напрыклад, у Гродне ўжо прайшло больш за 10 акцый моладзевага праекта «Жывая гісторыя», прысвечанага нашай гістарычнай спадчыне. Робіцца гэта ў вельмі крэатыўнай форме: проста на вуліцах быццам вяртаюцца ў сённяшні дзень знакамітыя асобы мінуўшчыны. Некаторыя акцыі збіралі сотні і тысячы людзей, але зацікаўленасці бізнесу пакуль не відаць. Хіба што падчас адной з апошніх адзін атэль выставіў невялікі столік для дэгустацыі сваёй выпечкі, якую разабралі літаральна за паўгадзіны…
Куды падацца «ад нуды»?
2
Некалькі гадоў таму ў сувязі з эканамічным крызісам многія жыхары Чэхіі адмовіліся ад паездак за мяжу. Але ж патрэба ў падарожжах засталася, і таму быў зроблены ўпор на развіццё ўнутранага турызму, што вельмі актуальна і для нас па прычыне тых жа візавых пытанняў. Гэтую праграму распачалі са стварэння тэматычнага сайта kudyznudy.cz (куды падацца «ад нуды»?), дзе сабрана інфармацыя пра ўсе падзеі і імпрэзы, што адбываюцца ў краіне. Каб людзі ведалі пра гэта і маглі паехаць туды, дзе ім будзе цікава. Разлік менавіта на жыхароў Чэхіі, бо задача перакладу на англійскую мову звестак, што паведамляюцца на сайце, нават не ставіцца.
— Сайт стаў імкліва развівацца: калі ў 2012 годзе там была змешчана інфармацыя пра 20 тысяч падзей, то летась — ужо пра 40 тысяч. Сярэдняя наведвальнасць сайта — 450 тысяч чалавек у месяц, а летам — да 700 тысяч. Ты ведаеш літаральна пра ўсё, што ў гэты дзень адбываецца ў Чэхіі — у музеях, тэатрах і на вулічных пляцоўках, у гарадах і сельскай мясцовасці, для дарослых і дзяцей, — кажа дэкан факультэта турызму і сэрвісу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат культуралогіі, дацэнт Сяргей ДАНСКІХ.
А як у нас?
— Ініцыятывы ў сферы падзейнага турызму пакуль недастаткова падмацоўваюцца інфармацыйным рэсурсам, цікавыя праекты слаба рэкламуюцца, — лічыць каардынатар па Гродзенскай вобласці праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі Франц МАМУЛЬ.
Пэўныя крокі ў гэтым кірунку робяцца. У прыватнасці, на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, на шэрагу іншых, а таксама ў рэгіянальнай прэсе да ведама ўсіх зацікаўленых ёсць календары падзей гэтага года. Праўда, не заўсёды пазначаны не проста месяц, а дакладная дата, што не дазваляе турыстычным фірмам загадзя інфармаваць патэнцыяльных гасцей і ўдзельнікаў гэтай падзеі.
Хаця ёсць і добра «раскручаны» падзейны турызм, які нават ужо суправаджаецца ў інтэрнэце на пастаяннай аснове. Як, напрыклад, гэта робяць старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці Сяргей КУЛЯГІН і яго партнёры па арганізацыі міжнароднага музычна-спартыўнага свята «Вялікая бард-рыбалка», якое ўжо традыцыйна праходзіць летам у Быхаўскім раёне. Створаны сайт, дзе загадзя змешчана інфармацыя пра дату і праграму свята, паведамляецца пра «фішкі» папярэдніх сустрэч на «музычнай» рыбалцы. Летась, у прыватнасці, на адной з канцэртных пляцовак устанавілі велічэзны кацёл, дзе згатавалі самую вялікую ў свеце юшку (3,3 тысячы літраў), што было зафіксавана прадстаўнікамі Кнігі рэкордаў Гінэса.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.