Прадаўцы з Камароўскага рынку чакаюць актыўных пакупнікоў, якія вось-вось з'явяцца сярод рыначных радоў у пошуках усяго неабходнага для святкавання надыходзячага свята. Якімі кветкамі запасаюцца загадзя і колькі давядзецца патраціць на «вітаміны» для сямейнага стала і іншыя прысмакі, пацікавілася карэспандэнтка «Звязды»...
...Для многіх сапраўдная прыкмета вясны — гэта рознакаляровыя цюльпаны. На Камароўцы іх знайсці няцяжка. Пакупнікі ходзяць, прыглядаюцца, але чэргаў пакуль няма. За адну кветку прадаўцы просяць 17 тысяч рублёў. У букеце іх як мінімум дзесяць, так што верагодную суму выдаткаў падлічыць няцяжка.
— Вазьміце гваздзікі, яны па дзесяць тысяч. І звычайныя, і Шабо, — парэкамендавала кветачніца.
Цікаўлюся ў яе, ці не «запасаюцца» яшчэ мужчыны букетамі. Як вядома, перад самым святам можна правесці нямала часу ў «кветкавых» чэргах.
— Пакуль што зрэзаныя кветкі не купляюць, толькі замаўляюць на пэўны дзень, і адразу шмат букетаў, — распавяла жанчына. — Я так зразумела, калег будуць віншаваць. Ахвотна купляюць загадзя кветкі ў вазонах. І прыгожа, і не завянуць.
Такіх варыянтаў на Камароўцы сапраўды можна шмат. Квітнеючы крокус абыдзецца ў 40 тысяч рублёў, столькі ж каштуюць і фіялкі. За кусцік пакаёвай ружы давядзецца аддаць ад 45 да 85 тысяч рублёў (у залежнасці ад велічыні). У той час як адна зрэзаная ружа з беларускай цяпліцы будзе каштаваць 30 тысяч. Можна набыць нават лілію ў гаршку. За такую кветку давядзецца аддаць 75 тысяч рублёў.
На свяце павінен панаваць лёгкі настрой, а на накрытым з нагоды стале многія хочуць бачыць паболей садавіны і агародніны. Пачнем з яблыкаў. Як кажуць камароўскія прадаўцы, яны цяпер вельмі смачныя, акурат «вылежалі». Калі верыць цэннікам, дык значная частка прадукцыі — беларуская. На выгляд яблыкі бліскучыя і гладзенькія, нічым не горшыя за замежныя з гіпермаркетаў. За кіло яблыкаў просяць ад 8 да 13 тысяч рублёў. У блізкім коштавым сегменце знаходзяцца бананы (13-14 тысяч за кіло). Каб паласавацца апельсінамі, рыхтуйце 14-25 тысяч рублёў (даражэй каштуюць «чырвоныя»), а за кіло лімонаў просяць ад 24 да 25 тысяч.
Мандарыны можна знайсці і зусім танныя, па 11 тысяч за кіло. Але нават на выгляд яны сухаватыя. Так што якасны тавар варта шукаць па трохі вышэйшым кошце: да 35 тысяч рублёў за кілаграм.
Вінаград каштуе 17-25 тысяч, а гранаты — адна з самых дарагіх пазіцый — 30 тысяч рублёў за кілаграм.
Іншая вітамінная прадукцыя, агародніна і зяленіва, рыхтуе пакупніка да наступных выдаткаў. Так, памідоры на рынку ёсць як «бюджэтныя» беларускія (ад 20 тысяч за кілаграм), так і дарагія замежныя, напрыклад, іспанскія, якія «пацягнуць» на 55 тысяч. Агуркі каштуюць 35- 42 тысячы, а салодкі перац — 38-42 тысячы. Звычайная капуста абыдзецца ў 12 тысяч за кіло, а пекінская ў 16. Яшчэ адна «заморская» радасць — брокалі — каштуе 50 тысяч за кілаграм. Аматарам маладых кабачкоў варта падрыхтаваць 27-28 тысяч рублёў, каб прынесці дадому кілаграм гэтай смакаты. Морква і чырвоныя буракі маюць прыкладна аднолькавую цану, ад 8 да 10 тысяч, у залежнасці ад месца на рынку. За кілаграм бульбы давядзецца аддаць 6-10 тысяч рублёў. Самае звыклае для беларускай гаспадыні зяленіва, цыбуля і кроп, абыдуцца ў 8 тысяч за 100 грамаў. Нешта больш «экзатычнае», напрыклад, базілік ці рукала, мае кошт ад 20 тысяч рублёў і вышэй (за 100 грамаў). Грыбы — гэта, вядома, не агародніна, але таксама ежа смачная. Са свежых на Камароўцы толькі шампіньёны (28-34 тысячы за кілаграм). Затое нямала сушаных, пераважна баравікоў. У залежнасці ад «узросту», у якім грыбкі сушыліся, адзін пакунак вагой прыкладна 200 грамаў абыдзецца ў 35-100 тысяч рублёў.
У адным шэрагу з кветкамі 8 Сакавіка часта стаяць і салодкія падарункі, разнастайныя торты і пірожныя. Разглядаючы асартымент на прылаўках Камароўкі, ловіш сябе на думцы, што на такое цяжка не спакусіцца нават аматаркам строгіх дыет. З узбітымі вяршкамі, карамельным і каньячным крэмам, садавіной. Карацей кажучы, на любы густ. Самы танны торт, які ўдалося знайсці, важыў прыкладна 400 грамаў і каштаваў 28 тысяч рублёў, але ў асноўным салодкія прысмакі каштуюць 60-75 тысяч за кілаграм.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Лічыльнік «Звязды» (кошт за кілаграм, калі не пазначана іншае)
Карп свежы — 28-32 тысячы
Таўсталобік свежы — 20-22 тысячы
Скумбрыя (вэнджаная) — 160 тысяч
Скумбрыя (замарожаная) — 56 тысяч
Фарэль (замарожаная) — 160-200 тысяч
Філе сайды — 88 тысяч
Сыр цвёрды (беларускай вытворчасці) — 60-100 тысяч
Алей — 12-20 тысяч (за бутэльку)
Рыс — 10-19 тысяч (за пачак)
Манныя крупы — 7-8 тысяч (за пачак)
Грэцкія — 7-9 тысяч (за пачак)
Ячныя крупы — 6 тысяч (за пачак)
Фасоля — 20 тысяч (за пачак)
Ялавічына (паляндвіца) — 100-130 тысяч
Ялавічына (кумпяк) — ад 85 тысяч і вышэй
Бараніна (паляндвіца) — 150-170 тысяч
Бараніна (кумпяк) — 140-150 тысяч
Цяляціна (паляндвіца) — 150-180 тысяч
Цяляціна (кумпяк) — 170-220 тысяч
Свініна (паляндвіца) — 85-110 тысяч
Свініна (кумпяк) — 80 тысяч і вышэй
Сала салёнае — 40-75 тысяч
Індычка (тушка) — 120 тысяч
Курынае філе — 49-52 тысячы
Курыны фарш — ад 40 тысяч
Курыца (сцягно) — ад 35 тысяч
Курыца (крылцы) — ад 27 тысяч
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.