5 сакавіка ў краіне распачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі. Яна будзе доўжыцца па 31 сакавіка ўключна.
Прафесійна-псіхалагічная гутарка — абавязковая працэдура для ўсіх абітурыентаў, якія плануюць паступаць на спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне», «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Журналістыка», «Міжнародная журналістыка» і «Мытная справа».
Праз папярэдні прафадбор павінны прайсці ўсе, хто плануе паступаць на дзённую, вячэрнюю, завочную і дыстанцыйную формы навучання, на паралельнае навучанне, навучанне ў скарочаныя тэрміны, на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, для атрымання другой і наступнай вышэйшай адукацыі як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, так і на ўмовах аплаты фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Гэта тычыцца і абітурыентаў прыватных ВНУ. Прызёрам і пераможцам абласной і рэспубліканскай алімпіяд, калі яны вырашаць паступаць на вышэйпералічаныя спецыяльнасці, таксама трэба атрымаць рэкамендацыю для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі ад спецыяльнай камісіі па правядзенні прафесійна-псіхалагічнай гутаркі.
Ад папярэдняга прафадбору вызваляюцца толькі замежныя грамадзяне, якія плануюць паступаць у беларускія ВНУ, але пражываюць за межамі нашай краіны (у тым ліку і расіяне). Аднак замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны такую гутарку прайсці.
Заява для ўдзелу ў прафесійна-псіхалагічнай гутарцы можа быць пададзена грамадзянінам асабіста ці быць накіравана па пошце. У першым выпадку будучы абітурыент асабіста паказвае пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу. А пры накіраванні па пошце да заявы прыкладаецца копія пашпарта ці іншага дакумента, які сведчыць асобу. Адказнасць за правільнасць і праўдзівасць звестак заявы ўскладаецца на грамадзяніна. У Міністэрстве адукацыі папярэджваюць, што заявы, якія паступяць пасля 31 сакавіка, разглядацца не будуць. Грамадзяніну, які падаў заяву для ўдзелу ў гутарцы, паведамяць месца і час яе правядзення асабіста ці па пошце.
Прафесійна-псіхалагічная гутарка пройдзе з 5 па 30 красавіка ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі ВНУ. Для прыкладу, у Белдзяржуніверсітэце пасяджэнне камісій запланавана на 5 і 12 красавіка. Рэзервовы дзень для тых, хто зарэгістраваўся, але не змог прыняць удзел у гутарцы па ўважлівай прычыне, пацверджанай дакументальна, — 24 красавіка.
Надзея НІКАЛАЕВА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Дадаць каментар