Лепшыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў Міншчыны атрымалі ўзнагароды падчас афіцэрскага сходу ў Маладзечне, прымеркаваным да 79‑годдзя беларускай міліцыі. Былі адзначаны таксама лаўрэаты акцыі «Вернасць і абавязак». Нагадаю, бронзавыя статуэткі з выявай Архангела Міхаіла ўручаюцца па блаславенні Беларускай Праваслаўнай Царквы работнікам ведамства і грамадзянам, што найбольш праявілі сябе ў ахове правапарадку, барацьбе са злачыннасцю, умацаванні бяспекі.
Сёлета ў намінацыі «За бескампрамісную барацьбу са злачыннасцю» адзначаны падпалкоўнік міліцыі Сяргей Карась — начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў супраць асобы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Мінаблвыканкама. Сяргей Уладзіміравіч удзельнічаў непасрэдна ў раскрыцці чатырох невідавочных зламысных забойстваў у Барысаўскім, Мінскім і Пухавіцкім раёнах. У тым ліку замаскіраваных пад прапаўшых без вестак грамадзян.
Маёр міліцыі Аляксандр Самстыка — старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Уздзенскага РАУС — лепшы ў намінацыі «За вернасць службоваму абавязку». Аляксандр Мікалаевіч — адзін з самых вопытных міліцыянераў цэнтральнага рэгіёна: больш за 30 гадоў у органах унутраных спраў. Яго сын Ілья Самстыка таксама служыць ва Уздзенскім РАУС.
Старшы лейтэнант міліцыі Міхаіл Рэўт прайшоў Вялікую Айчынную вайну, пасля служыў у Валожынскім РАУС, выйшаў на пенсію ў якасці ўчастковага інспектара міліцыі аддзялення крымінальнага вышуку. Мае шматлікія баявыя і службовыя ўзнагароды. Сын ветэрана — старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Рэўт — таксама працаваў следчым у Валожынскім РАУС. Тут жа служыць і ўнук, капітан міліцыі Уладзімір Уладзіміравіч Рэўт, оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку. У акцыі «Вернасць і абавязак» сям'я Рэўтаў удастоена ўзнагароды «За працяг слаўных традыцый».
У намінацыі «За ахову грамадскага парадку і прафілактыку правапарушэнняў» адзначаны прапаршчык міліцыі Павел Лыскавец — міліцыянер патрульна-паставой службы Барысаўскага РУУС. Павел Аляксеевіч — прафесіянал сваёй справы: летась асабіста раскрыў 5 крымінальных злачынстваў, выявіў 90 правапарушэнняў.
Лаўрэатам у намінацыі «За ўмацаванне аўтарытэта і асабісты ўклад у развіццё міліцыі Мінскай вобласці» стаў палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Балоцін — былы начальнік Упраўлення крымінальнага вышуку УУС Мінаблвыканкама, а цяпер старшыня ветэранскай арганізацыі Мінскай абласной міліцыі. Аляксандр Іванавіч праслужыў у органах унутраных спраў 33 гады. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «Ветэран працы».
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.