Чарговае надзвычайнае здарэнне ў сталічным метро: у аўторак увечары праз ілжывае паведамленне аб мініраванні быў закрыты доступ пасажыраў на станцыю «Купалаўская».
Як паведамілі ў прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама, каля 19 гадзін да машыніста звярнуўся малады чалавек нападпітку, які сказаў, што на «Купалаўскай» рыхтуецца выбух. Для ўдакладнення інфармацыі заяўніка адразу адвялі ў пакой міліцыі, а тым часам, каб абследаваць станцыю, быў абмежаваны прыток на яе пасажыраў. Праверка ніякіх небяспечных прадметаў не выявіла.
Падчас папярэдняга разбору было ўстаноўлена, што лжывае паведамленне пра мініраванне зрабіў 26-гадовы непрацуючы мінчанін. Асноўнай прычынай таму стаў нецвярозы стан маладога чалавека. У дачыненні да яго заведзена крымінальная справа, фігуранту можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.
ГУУС Мінгарвыканкама нагадвае, што заведама лжывае паведамленне пра небяспеку з'яўляецца злачынствам. Асоба, вінаватая ў яго здзяйсненні, не толькі панясе пакаранне, прадугледжанае адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэкса, але і абавязана пакрыць нанесеную матэрыяльную шкоду.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.