Міністэрства адукацыі вызначылася з датамі правядзення ў школах краіны выпускных іспытаў за курс базавай і сярэдняй школы, выпускных вечароў, а таксама з графікам правядзення экзаменаў у ліцэях.
Вучэбныя заняткі ў школах заканчваюцца 30 мая. Апошнія званкі для навучэнцаў выпускных класаў пройдуць у суботу 31 мая.
Выпускныя экзамены для дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў пройдуць у перыяд з 1 па 12 чэрвеня. Расклад выпускных іспытаў складаецца ўстановамі адукацыі з улікам адзіных па краіне тэрмінаў правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў. Выпускнікі базавай школы здаюць чатыры выпускныя экзамены: пішуць дыктоўку па беларускай і рускай мовах, матэматыку (пісьмова) і дэманструюць сваё веданне гісторыі Беларусі (вусны экзамен). Пісьмовыя іспыты для дзевяцікласнікаў пройдуць па краіне 3, 5, 7 і 10 чэрвеня.
Для адзінаццацікласнікаў прадугледжаны чатыры экзамены: тры абавязковыя (па беларускай ці рускай мове, матэматыцы і замежнай мове) і адзін — на выбар выпускніка. Пад пісьмовыя зарэзерваваны 2, 4, 6 і 9 чэрвеня. Тэксты і заданні для правядзення пісьмовых іспытаў будуць, па традыцыі, аб'яўляцца па тэлебачанні і радыё.
Пералік экзаменаў на выбар уключае наступныя дысцыпліны: «Беларускую мову» (калі выпускнік здаваў у якасці абавязковай рускую), «Рускую мову» (калі ў якасці абавязковай здавалася родная мова), «Мовы нацыянальных меншасцяў», «Беларускую літаратуру», «Рускую літаратуру», «Гісторыю Беларусі», «Сусветную гісторыю», «Геаграфію», «Біялогію», «Хімію», «Фізіку», «Астраномію», «Інфарматыку», «Грамадазнаўства», «Фізічную культуру і здароўе», а таксама курс прафесійнай падрыхтоўкі. Усе прадметы, акрамя беларускай і рускай моў, здаюцца ў вуснай форме.
З улікам таго, што цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе сёлета 14 чэрвеня, правесці выпускныя вечары для выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў рэкамендавана 11—12 чэрвеня.
Уступныя іспыты ў 10-ты клас ліцэяў пройдуць з 15 па 20 чэрвеня. Але ў Ліцэі БДУ конкурсны адбор праводзіцца на месяц раней: экзамены пройдуць 11, 18, 24 і 25 мая. Пры паступленні ў ліцэй навучэнцы здаюць два ўступныя іспыты. Пералік экзаменацыйных дысцыплін будзе залежаць ад кірунку прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.