Каласальную работу па рэканструкцыі аэравакзала Нацыянальнага аэрапорта Мінск удалося правесці за вельмі кароткі прамежак часу. Такое меркаванне выказаў журналістам дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Уладзімір Косцін, перадае БЕЛТА. Учора кіраўнікі аэрапорта прадставілі журналістам абноўленыя і адкрытыя памяшканні аэравакзальнага комплексу.
«Перад намі была пастаўлена задача да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску, падрыхтавацца такім чынам, каб пасажыры змаглі ўбачыць сучасны аэрапорт, што адпавядае ўсім самым сучасным патрабаванням», — сказаў кіраўнік дэпартамента. Ён растлумачыў, што адной з мэт праводзімай рэканструкцыі было пашырэнне ўнутранай плошчы аэравакзала. У выніку яго плошча павялічана на 9 тыс. кв.м.
Асноўная работа па першым этапе рэканструкцыі аэравакзальнага комплексу ўжо выканана. У далейшым прадоўжыцца ўстараненне існуючых недапрацовак, аднак да чэмпіянату свету ўсё гэта будзе скончана, запэўніў Уладзімір Косцін. Ён адзначыў, што такая задача пастаўлена ўрадам, а яе выкананне знаходзіцца на пастаянным кантролі дзяржаўных органаў. «Фактычна работа не спыняецца круглыя суткі. Гэта мы робім для таго, каб да чэмпіянату было ўсё на вышэйшым узроўні», — канстатаваў кіраўнік дэпартамента.
Прадстаўнікі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі адзначылі, што асноўныя будаўнічыя работы па рэканструкцыі аб'екта, у якіх былі задзейнічаны арганізацыі ведамства, былі пачаты ў жніўні 2013 года.
Рэканструкцыя дзейнага аэравакзальнага комплексу ў Нацыянальным аэрапорце прадугледжвае акрамя пашырэння плошчы таксама змяненне знешняга аблічча аэравакзала, вонкавага інтэр'ера, стварэнне безбар'ернага асяроддзя. Размова ідзе аб поўнай замене сістэм ацяплення, кандыцыяніравання, асвятлення, аб наладжванні зручных зносін паміж паверхамі, для чаго ўстанаўліваецца некалькі эскалатараў і ліфтаў, у тым ліку панарамных. Акрамя таго, будуць адкрыты гандлёвыя кропкі і аб'екты грамадскага харчавання.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.