Сустрэліся днямі з прыяцелькамі. «Уяўляеце, — падзялілася адна, — ехала сёння з малым у метро, і ён заснуў на руках. Дык нейкі мужчына, убачыўшы, як я, нібы качка іду з малым і вялізнай сумкай, моўчкі ўзяў і дапамог данесці рэчы да машыны. Прычым відаць, што не з мэтай заляцання — мажны такі, сівы дзядзечка, проста ўзяў і дапамог». — «Нечакана, тым больш прыемна, — пагадзілася другая. — А ў мяне днямі была гісторыя ў краме — адной рукой пакупкі выкладваю, другой малую трымаю, каб далёка не збегла. І адзін малады чалавек раптам кажа: «Давайце я за вас заплачу». Я адмаўляюся, а ён не слухае, заплаціў, малой памахаў і пайшоў». Тут і я прыгадала, што надоечы бачыла відавочнае-неверагоднае — у дзіцячай паліклініцы тата з сынам прапусціў наперад сябе маладую маму з дачкой. Проста так — бо ўбачыў, што маленькая дзяўчынка стамілася і пачала ўжо капрызіць. Ды яшчэ сыну сказаў: маўляў, мы ж з табой мужчыны, можам і пачакаць… І гэта ў паліклініцы, дзе за «я толькі спытаць» могуць жыўцом з'есці!
Мы ўтраіх здзівіліся і пачалі перабіраць варыянты, што такое вялізнае і ў якім лесе магло здохнуць. Не тое каб у чуласць суайчыннікаў зусім не верылася, але ўсё ж, пагадзіцеся, далёка тыповаму сталічнаму жыхару да добрага самарыцяніна. «Дзень раптоўнага праяўлення дабрыні ўжо быў у лютым, — уголас разважалі сяброўкі, — 8‑га сакавіка яшчэ не надышло…»
— Дзяўчаты, — кажу, — дурніцы мы. Гэта ж проста вясна прыйшла!
— І што з таго? Мужчыны на кароткія спадніцы рэагуюць? — не паверылі сяброўкі.
— Ды пры чым тут спадніцы? Проста і цяплей стала, і святлей. І людзі, прынамсі жанчыны, часцей пачалі ўсміхацца — хто блізкім, хто сустрэчным, хто ўласным думкам. А чалавеку, які знутры ад усмешкі свеціцца, міжволі хочацца зрабіць што-небудзь прыемнае.
Я зусім не прэтэндую на непаўторнасць і выключную праўдзівасць гэтай тэорыі. Але, напрыклад, нейрапсіхолагі таксама адзначаюць, што з надыходам вясны, павелічэннем светлавога дня ў большасці людзей паляпшаецца настрой, актывізуецца абмен рэчываў, яны лепш сябе адчуваюць і схільныя лічыць сябе шчаслівымі. А шчаслівы чалавек настроены на тое, каб усім навокал таксама было добра. Галоўнае — не збіць гэты настрой раздражнёнасцю і незадаволенасцю, не «падрэзаць крылы» вясны на ўзлёце. Таму — памятаеце запавет барона Мюнхгаўзена? — усміхайцеся, спадары і спадарыні (ад нас, дамы, залежыць нават больш — з той банальнай прычыны, што нас, па падліках Белстата, у Беларусі амаль на паўмільёна больш, чым мужчын). Усміхайцеся! Калі нямецкі барон вас не натхняе, прыслухайцеся да мудрасці Барыса Акуджавы: кажыце адзін аднаму кампліменты, дзякуйце за ўсе тыя прыемныя дробязі, якія робяць вам і дзеля вас блізкія і нават далёкія людзі… Бо правіла бумеранга ніхто не адмяняў, і ў такім выпадку — гэта цудоўна!
«Мам! — бяжыць да мяне з гульнявога пакоя радасная дачка. — А мяне Ярык цукеркамі пачаставаў!» І хоць я катэгарычна супраць цукерак у дзіцячым садку, але бяромся за рукі і ідзём дзякаваць маленькаму кавалеру. Каб не развучыўся.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.