Рух школ для маладых бацькоў упэўнена пашыраецца. У Гомелі прайшоў міжнародны семінар па стварэнні тата-школ і мама-школ у Беларусі, арганізаваны грамадскім аб'яднаннем «Клуб ільвоў».
Гэты беларуска-шведскі праект стартаваў у нашай краіне ў 2009 годзе. Сёлета ўдзельнікі семінара прыехалі дзяліцца досведам з розных гарадоў Беларусі: Гомеля, Светлагорска, Мінска, Нясвіжа, Краснаполля, Бабруйска і г. д. Трэнерамі і кансультантамі выступілі Матс Бергерэн (Швецыя), Уладзімір Марцанюк (Украіна), Мікалай Яромін (Расія), а таксама беларусы Андрэй і Наталля Тураўцы.
Усе яны ўпэўнены, што роля бацькі ў сям'і куды большая, чым быць здабытчыкам. Каб паступова з цягам часу не страціць духоўнай сувязі з дзецьмі, ды і ўсімі членамі сям'і, трэба пастаянна падтрымліваць стасункі, і пачынаць гэта лепш за ўсё яшчэ да нараджэння нашчадкаў. Менавіта таму самыя адказныя бацькі рыхтуюцца да родаў разам з будучымі матулямі. Вось і цяпер, у прыватнасці, у адной з чатырох груп, дзе рыхтавалі будучых мадэратараў, размова ішла пра эмацыйны свет цяжарнай жанчыны. У другой — аб выхаванні немаўлят і правільным кантакце з імі. Тэмы самыя розныя, з якімі штодня сутыкаюцца бацькі на практыцы: у чым розніца ў выхаванні папярэдняга пакалення і сённяшняга, як пазбегнуць рознагалосся бацькоў пры выхаванні…
Вядома, што чвэрць разводаў прыпадае на першыя год-два пасля вяселля, калі сям'я праходзіць выпрабаванне нараджэннем дзіцяці і ў ёй змяняюцца прыярытэты, з'яўляюцца праблемы, крыху ўціхаюць пачуцці. Таму адна з задач тата-школ — дапамагчы пазбегнуць памылак у сямейным жыцці і такім чынам прадухіліць разводы.
У рух прыцягнуты бацькі, якія маюць пэўны асабісты досвед бацькоўства. Прычым узрост і адукацыя не маюць значэння: побач і псіхолагі, і «тэхнары». Многія, прайшоўшы самі навучанне ў тата-школе, становяцца мадэратарамі і засноўваюць новыя школы для татаў. Дарэчы, удзельнікамі могуць стаць нават патэнцыяльныя бацькі. Усе сустрэчы праходзяць у фармаце дыскусіі і абмеркаванняў, а значыць, дынамічна і цікава. Напрыклад, на адным з заняткаў таты вучацца спавіваць лялечнае немаўля, надзяваць яму падгузкі. На заняткі запрашаюцца дзіцячы псіхолаг, педыятр, іншыя спецыялісты.
Удзельнікі семінара ў Гомелі не толькі ўзбагаціліся тэорыяй, але і сталі ўладальнікамі каштоўнага вопыту. Самі папрацавалі ў групах у якасцях мадэратараў, самі мадэлявалі работу тата-школы. І цяпер многія рашуча настроены ў хуткім часе адкрыць свае тата-школы не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў райцэнтрах: Светлагорску, Краснаполлі, Уваравічах.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».