Хуліганствы, крадзяжы, угоны транспартных сродкаў… «Дарослыя» злачынствы нярэдка здзяйсняюць падлеткі. Часта такія паводзіны з'яўляюцца наступствам складаных сітуацый у сям'і: пастаянных канфліктаў, хатняга гвалту, наркатычнай і алкагольнай залежнасці бацькоў. Жыццё ў такіх умовах можа прывесці да сур'ёзнай псіхалагічнай траўмы дзіцяці, адставання ў фізічным і разумовым развіцці, праблем з паводзінамі.
Каб перарваць ланцужок «правапарушэнне — інспекцыя па справах непаўналетніх — папраўчая ўстанова», пры рагачоўскай гарадской сярэдняй школе № 4 ужо год працуе група дзённага знаходжання для «праблемных» дзяцей.
— Наша заяўка выйграла ў конкурсе, які абвясціла прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь, — гаворыць дырэктар Рагачоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірына Вілава. — Пры яго падтрымцы і стварылася група. Шчыра кажучы, у гэты праект мы ўключыліся з пэўнай доляй рызыкі. У краіне дагэтуль не існавала нічога падобнага. Таму давялося карыстацца выключна замежнымі распрацоўкамі. Балазе, ехаць далёка не прыйшлося — разнастайныя групы дзённага знаходжання для падлеткаў не рэдкасць у суседняй Літве.
Не абвастраць сітуацыю
Першапачаткова меркавалася, што падобныя групы ў Беларусі будуць працаваць на базе прытулкаў пры сацыяльна-педагагічных цэнтрах. Але ў Рагачоўскім раёне прытулак быў рэарганізаваны яшчэ ў 2010 годзе. Таму вырашылі стварыць групу дзённага знаходжання на базе адной са школ. Найбольш падыходзячай для гэтай справы адразу па некалькіх прычынах была прызнана менавіта сярэдняя школа № 4. Па-першае, гэты раён знаходзіцца на ўскраіне горада і «адрэзаны» ад яго цэнтральнай часткі чыгункай і ракой. Па-другое, мясцовым школьнікам пасля заняткаў, па сутнасці, няма куды пайсці — навокал толькі жылыя дамы ды крамы. У лепшым выпадку яны будуць бадзяцца па вуліцах у добрае надвор'е, у горшым — пачнуць шукаць сабе прыгоды… Па-трэцяе, накладвае свой адбітак і спецыфіка рабочага раёна: амаль чвэрць вучняў школы жывуць або ў няпоўных, або ў малазабяспечаных сем'ях. Як вынік — 15 дзяцей летась стаялі на ўнутрышкольным уліку. Пяцёра ўжо трапілі пад увагу інспекцыі па справах няпоўнагадовых. А двое школьнікаў нават пабывалі на лаве падсудных.
— У большасці сем'яў, якія стаялі на ўнутрышкольным уліку, былі сур'ёзныя праблемы, — працягвае Ірына Вілава. — Догляд дзяцей, іх выхаванне адыходзілі на другі план, пасуючы перад цягай да алкаголю. Дзеці ж былі прадастаўлены самі сабе, паводзіны іх станавіліся бескантрольнымі. У лепшым выпадку гэта адбівалася на паспяховасці ў школе… Таму значнае месца ў праграме для работы з падлеткамі адводзіцца цэламу комплексу карэкцыйна-рэабілітацыйнай работы. Дзейнічае спецыяльная праграма «Калі маці ці бацька п'юць», падчас якой школьнікі атрымліваюць псіхалагічную падтрымку. Трэнінгі бесканфліктных паводзін прывучаюць падлеткаў самастойна прымаць кампрамісныя рашэнні, не ісці на абвастрэнне сітуацыі. У некаторых дзяцей існуюць праблемы з самаацэнкай, узровень якой прыводзіцца да нормы падчас адмысловых трэнінгаў. Ёсць асобны курс заняткаў па прававых ведах, трэнінгі па сацыяльнай і фінансавай граматнасці. Вельмі пільна працуем з тымі дзецьмі, якія перажылі раней псіхалагічныя і эмацыянальныя траўмы — часцей за ўсё гэта смерць кагосьці з блізкіх.
Група дзённага знаходжання дэбютавала летась у сакавіку. У сваім першым складзе яна адпрацавала да пачатку бягучага навучальнага года. У верасні кантынгент яе наведвальнікаў змяніўся, але не на сто працэнтаў — яшчэ і сёння там займаюцца тры вучні з «першапраходцаў».
Кожны дзень пасля ўрокаў
На гадзінніку — 14.00. Гучыць пранізлівы школьны званок, і ў кабінет абслуговай працы пачынаюць пакрысе падцягвацца вучні. Усяго іх пятнаццаць, з іх толькі дзве дзяўчынкі.
— Група працуе штодня да шостай гадзіны вечара. Дзесьці даводзіцца ісці на ўступкі, дзесьці патрабаваць — адным словам, ужываць метад бізуна і перніка, — распавядае выхавальнік групы Аляксандр Шнараў. — Лягчэй працаваць з дзецьмі, якім па 10–11 гадоў. А вось калі ў падлеткаў пачынаюць «іграць гармоны», пасадзіць іх за школьную парту пасля заканчэння ўрокаў складана.
Група мае пераважна спартыўны ўхіл. Пасля таго, як ва ўсіх хатніх заданнях пастаўлена кропка, дзеці адпраўляюцца ў трэнажорную залу або за тэнісны стол. Не забываюцца і на спорт інтэлектуальны — шахматы. Дзейнічае для выхаванцаў таксама веласіпедны гурток, прычым яго рэгламент не абмяжоўваецца выключна традыцыйнымі «пакатушкамі» — дзяцей вучаць, акрамя іншага, і рамантаваць двухколавых «коней». У вялікую майстэрню спартыўная зала ператвараецца ў дзень, вольны ад школьных заняткаў — суботу.
Удзельнічаюць дзеці і ў гуртку юных інспектараў руху — адным словам, кожны дзень пасля ўрокаў займаюцца чымсьці карысным. Усё гэта не проста запаўняе іх вольны час — школьнікі вучацца адказнасці, сур'ёзнаму стаўленню да справы, паважлівым адносінам адзін да аднаго.
— А вось выкарыстанне камп'ютараў у нас абмежавана, — гаворыць дырэктар школы Аляксандр Лейкін. — Спачатку мы далі дзецям вольны доступ да тэхнікі, каб яны глядзелі кіно, але аказалася, што большасць з іх не прызнавала нічога, акрамя баевікоў. Таму камп'ютары тут выкарыстоўваюцца ў навучальных мэтах.
Затое вялікай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаецца кабінет акварыумістыкі: назіраць за насельнікамі падводнага царства дзеці могуць гадзінамі…
А што бацькі?
Група дзённага знаходжання па дакументах лічыцца звычайнай «прадлёнкай», наведнікі якой разам робяць хатнія заданні і бавяць час у разнастайных гуртках. Але ёсць і істотныя адрозненні — па-першае, залічваюцца ў гэтую групу толькі пэўныя катэгорыі дзяцей, а па-другое, тут вучні і іх бацькі атрымліваюць рэабілітацыйна-карэкцыйную дапамогу сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. Галоўная задача спецыялістаў — прафілактыка сацыяльнага сіроцтва: своечасовая дапамога дазваляе захаваць сям'ю, не дапусціць адабрання дзіцяці.
— Заўважыў, што многія бацькі сёння ўвогуле перакладаюць адказнасць за выхаванне дзяцей на школу, — прыгадвае Аляксандр Лейкін. — А сваю пазіцыю або абгрунтоўваюць тым, што «зарабляюць грошы», або ўвогуле сыходзяць у цень з‑за «любові» да спіртных напояў. Але школа фізічна не можа замяніць маленькаму чалавеку паўнавартасныя сямейныя адносіны. Усе бацькі хочуць змяніць дзіця, а самі жадаюць застацца ўбаку. А гэта немагчыма. Малы будзе капіраваць паводзіны мамы і таты — гэта закон псіхалогіі…
Таму для дарослых праводзяцца асобныя заняткі па праграме прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду «Паспяховае бацькоўства». Чаму іх там вучаць? Перш за ўсё — гарманічным, без ужывання фізічнай сілы, узаемаадносінам. Псіхолагі раскрываюць таямніцы канструктыўных зносін з дзецьмі. Як вынік — некалькі сем'яў пазбавіліся статусу «сацыяльна небяспечная».
***
На жаль, у заканадаўстве пакуль няма паняцця «група дзённага знаходжання». З‑за гэтага і ўзнікаюць пэўныя праблемы. Аднак пры жаданні зацікаўленых структур, у тым ліку і на месцах, яны могуць быць вырашаны.
— Праект гэты насамрэч — вялікая справа. Ён цудоўны, і калі развіваць яго ў тым кірунку, у якім гэта адбываецца ў Еўропе, то ўсё атрымаецца, — мяркуе Аляксандр Лейкін.
Дарэчы, за год існавання групы дзённага знаходжання для дзяцей з праблемных сем'яў у рагачоўскай сярэдняй школе № 4 ніводны яе ўдзельнік не меў праблем з праваахоўнымі органамі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК, фота Надзеі Бужан.
Да ведама
Праект «Групы дзённага знаходжання: водгук мясцовай супольнасці на абарону дзіця ад жорсткага абыходжання» як альтэрнатыва адбірання дзяцей з сем'яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, рэалізуецца Прадстаўніцтвам Міжнароднага дзіцячага фонду ў РБ з 1 мая 2012 года.
Першая, эксперыментальная група пры падтрымцы Міністэрства адукацыі пачала дзейнічаць у Жодзіне на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Пасля таго як з'явіліся станоўчыя вынікі яе працы, групы дзённага знаходжання былі створаны ў Рагачове, Смаргоні і Полацку.
— Мы працавалі адразу ў двух накірунках, адкрываючы групы дзённага знаходжання або ў школах, або пры мясцовых сацыяльна-педагагічных цэнтрах, — распавядае спецыяліст па праграмах Прадстаўніцтва Наталля Века. — Каб ахапіць як мага больш катэгорый сем'яў, якія ўваходзяць у групу рызыкі: няпоўныя, шматдзетныя, малазабяспечаныя, неўладкаваныя.
Абедзве гэтыя мадэлі аказаліся паспяховымі: за паўгода дзеяння праекта рэабілітацыю прайшлі 35 дзяцей, і цяпер групы працягваюць існаванне ўжо пры падтрымцы раённых аддзелаў адукацыі.
Летась Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў РБ падвяло вынікі праекта. Атрымалася, што гэты від паслуг не толькі з'яўляецца эфектыўным метадам прафілактыкі і рэабілітацыі, — ён больш выгадны яшчэ і эканамічна. Знаходжанне дзіцяці ў такой групе ў 5 разоў (!) танней за ўтрыманне яго ў кругласутачным прытулку. Гэта стала падставай для звароту ў Міністэрства адукацыі з прапановай удасканаліць нарматыўную базу, якая рэгулявала б дзейнасць груп дзённага знаходжання, і ў будучым пачаць адкрываць іх у іншых рэгіёнах краіны, дзе ёсць такая патрэба.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.