«Мне ў жыцці не пашанцавала — мяне ўдачарылі!» Гэта прызнанне амерыканскай дзяўчыны, якую ўсе лічылі шчаслівай. Яе ўдачарыла вельмі прыстойная сям'я. Аднак дзяўчына са слязамі распавядала, як усё дзяцінства жыла ў страху ў чымсьці правініцца. Яна памятала, што яе зневажалі, яна адчувала, што раздражняе, што яе не любяць… Да пераходнага ўзросту ў яе была адна мэта — вызваліцца ад ненавісных бацькоў, аб якіх калісьці марыла.
Мне здалося, што такая сітуацыя не можа адбыцца недзе ў нас… Яна нагадвае казку са злой мачахай. Але я памылялася. Зразумела гэта, калі пачула прызнанне адной жанчыны, якая ўсынавіла хлопчыка некалькі гадоў таму: «Я не люблю яго… У мяне да яго два пачуцці: або ён мяне раздражняе, або я да яго абыякавая. Але калі яго вярнуць у дзіцячы дом, то мне будзе яшчэ горш…» Жанчына сказала, што не можа прымусіць сябе любіць. Не нарадзілася ў яе сэрцы любоў да прыёмнага сына, і ўсё тут.
Наогул, ці можна прымусіць сябе любіць? Больш за ўсё мяне ўразіла адкрыццё, што любоў да дзяцей — гэта праблема не толькі прыёмных сем'яў. І не толькі праблема адносін паміж дарослымі і дзецьмі. Проста ўсынаўленне падобнае да павелічальнага шкла. Яно робіць заўважнымі тыя нашы якасці альбо хібы, пра якія мы, магчыма, і не здагадваліся. І тыя праблемы, якія становяцца відавочнымі ў біялагічных сем'ях толькі з цягам часу, калі бывае ўжо складана нешта выправіць, ва ўсынавіцеляў «выстрэльваюць» амаль адразу, і гэта, у пэўнай ступені, дае шанц…
Псіхолаг Наталля Шэх — не толькі спецыяліст у галіне ўсынаўлення, але і сама ўсынавіла некалькіх дзетак. Яна стала першай, з кім мы абмяркоўваем гэту няпростую тэму.
—- Наталля, з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца да псіхолага бацькі, якія ўсынавілі ці ўдачарылі дзіця?
— Часцей прыходзяць з прэтэнзіяй, што дзіця «не так сябе паводзіць». Звычайна, калі пачынаеш развіваць тэму, «капаць глыбей», то выходзіць, што дарослы проста не прымае дзіця.
Памятаю, Цэнтр усынаўлення праводзіў маніторынг у групе ўсынавіцеляў, у якіх дзеці знаходзіліся каля двух месяцаў. У мяне тады адбылася паказальная гутарка адразу з дзвюма жанчынамі па тэлефоне.
Адна мама кажа: «Мы не спім ноч, дзяўчынка крычыць, плача, усё робіць як быццам бы назло, але мы ўсё адно вельмі рады і шчаслівыя, ад таго, што наша малая з намі».
Другая мама распавядае: «Дзіця не спіць, гарлапаніць, плача, мы вельмі стаміліся. Мы і падумаць не маглі, што будзе ўсё так жудасна і цяжка. Разумеем, што з гэтага нервовага малога нічога добрага не выйдзе. Мы адчуваем, што ён не наш, не нашай «пароды», усё не тое… Мы не ведаем, што цяпер рабіць».
Пачатак у абедзвюх мам быў аднолькавым, практычна слова ў слова. Проста адны бацькі адразу прынялі дзіця, а другія не змаглі зрабіць гэтага… адразу. Такой сям'і патрэбна больш часу на адаптацыю і дапамога спецыялістаў.
— Што значыць «не прынялі»? Чула, што некаторыя ўсынаўляюць дзіця па рэкамендацыі, напрыклад, супрацоўніка дзіцячага дома. Можа, таму і ўзнікае такое «непрыманне»?
— Некаторыя будучыя бацькі чакаюць, што за іх зробяць выбар (маўляў, каго прапануюць, таго і вазьму), іншыя просяць рэкамендацыі выхавальніка ці валанцёра, а хтосьці вельмі доўга выбірае, гартае асабістыя справы дзяцей і знаёміцца з імі… Непрыманне дзіцяці не залежыць ад таго, якім чынам трапіла дзіця ў сям'ю. Але менавіта тыя, хто прыходзіў з падобнай праблемай, казалі пра тое, што ім ледзь не навязалі дзіця. На мой погляд, гэта прыцягнутае за вушы апраўданне. Рашэнне прымаюць дарослыя людзі, а не падлеткі, якім шмат можна прабачыць з‑за іх «няспеласці».
— Як дапамагчы бацькам, якія раптам зразумелі, што не могуць прыняць дзіця?
— Думаю, што такім бацькам лепш звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Трэба памятаць, што важна не толькі агучыць сваю праблему, але і мець жаданне змяніць сітуацыю, магчыма, змяніць свой погляд, паводзіны… Гэта першы крок да вырашэння любой праблемы. Далей будзе сумесная праца гэтай сям'і і спецыялістаў. Пакуль мы жывыя, усё застаецца магчымым, асабліва з якаснай дапамогай.
— Як і чаму, на ваш погляд, узнікае «нелюбоў» да дзіцяці?
— Прычыны бываюць розныя. Магчыма, інфантыльнасць дарослага, гэта значыць, чалавек недастаткова развіты душэўна. Вядома, гэта не значыць, што такі ўсынавіцель не здольны палюбіць. Але для гэтага трэба працаваць над сабой. На жаль, звычайна такія людзі больш схільныя абвінаваціць дзіця ў сваёй няздольнасці палюбіць. Маўляў, дзіця нейкае «не такое».
Другая прычына — рэўнасць. Памятаю адну пару ўсынавіцеляў, што звярнулася па дапамогу. Аказалася, што ўсыноўленае дзіця да таты хіліцца, а да мамы — не. Жанчына кажа: «Гэта ж я хацела дзіця». А тое нават не есць, пакуль тата не прыйдзе. Мама спачатку злуецца, а потым наогул пачынае ненавідзець малое. У падобных выпадках працаваць трэба з усёй сям'ёй.
Бацькі могуць параўноўваць усыноўленае дзіця са сваім кроўным, часцей за ўсё прайграе ўсыноўленае: не ўпісваецца ў стандарты «маё дзіця».
Могуць быць і іншыя праблемы. Напрыклад, складанасці ў адаптацыі і дзіцяці, і дарослых. У любым выпадку кожная сітуацыя індывідуальная, і працаваць, адпаведна, таксама трэба індывідуальна.
— Лічыцца, што пры ўсынаўленні самы складаны перыяд — адаптацыя дзіцяці ў сям'і. У чым галоўная цяжкасць для дарослага?
— У сітуацыі з усынаўленнем любоў — гэта, у першую чаргу, праца, асабліва спачатку. Дзіця ў перыяд адаптацыі сапраўды можа выклікаць у дарослага шмат негатыўных эмоцый і пачуццяў менавіта сваімі паводзінамі — яно можа ламаць, разбураць, крычаць, ладзіць істэрыкі, але… Дзіця не нясе адказнасці за рэакцыю дарослага чалавека на гэта. Так, прывыкнуць да новага члена сям'і і яго «выбрыкаў», практычна непазбежных падчас адаптацыі, няпроста. Але і дзіця не прывыкла жыць у сям'і і ў любові. Усыноўленае дзіця не заўсёды ведае, як адказваць на пачуцці, на клопат, таму што яно жыло ва ўмовах, дзе часцей за ўсё не даводзіцца казаць пра такія рэчы. Звычайна пасля перыяду адаптацыі ўсё наладжваецца, дзіця і бацькі прывыкаюць адно да аднаго.
— А калі і пасля перыяду адаптацыі бацькі не змаглі палюбіць дзіця?
— Чалавеку спачатку трэба самому разабрацца, што такое для яго любоў да дзіцяці і ці патрэбна яна яму. Калі для дарослага сітуацыя нелюбові не ўяўляе праблемы — то і пытанняў ніякіх няма. Насамрэч ёсць людзі, якія так і пражылі сваё жыццё, не адчуўшы гэтага пачуцця ні да каго. Некаторыя нават і не падазраюць, чаго яны пазбаўлены. Калі ж адсутнасць любві да ўсыноўленага дзіцяці прыгнятае бацькоў, то можна пашукаць варыянты, як жыць далей. Прыняць такое жыццё як дадзенасць і проста клапаціцца пра дзіця. Паспрабаваць быць для яго прыкладам, стаць тым чалавекам, якога сын ці дачка будуць паважаць, да каго будуць імкнуцца быць падобнымі. Знайсці прыклад бацькоў-усынавіцеляў, якія змаглі палюбіць дзіця і даведацца, як жа ў іх так атрымалася.
Горш, калі сваё «непрыманне» дарослы будзе адыгрываць на дзіцяці, пераносіць на яго свой негатыў, сваю душэўную неўладкаванасць, пачуццё крыўды, віну, злосць. Думаю, што праблемы з такім дзіцем пачнуцца бліжэй да пераходнага ўзросту. Бо да яго падыходу дзіця можна неяк трымаць у пэўных рамках, нават калі бацькі яго трэціруюць ці крыўдзяць. У пераходным узросце дзіця становіцца больш самастойным, і таму можа пачаць працівіцца такім адносінам сваімі паводзінамі. Дзіця пратэстуе і выдае ўсё пасеянае ў яго жыццё.
Некаторыя спецыялісты мяркуюць, што галоўнае — даглядаць дзіця, праяўляць клопат і адказнасць. Але без любові жыць разам, гадаваць, развівацца цяжка і бацькам, і дзіцяці. Дарослым, якім цяжка прыняць дзіця, абавязкова неабходна адводзіць час для папаўнення сваіх душэўных сіл, таму што без падмацавальнай сілы любові на выхаванне выдаткоўваецца значна больш энергіі. Камусьці для гэтага трэба паглыбіцца ў цікавую працу, камусьці — рэгулярна бегаць трушком, гуляць у парку, плаваць у басейне ці хадзіць у лазню, маляваць, вышываць — заняцца чым заўгодна, што дае задавальненне, дапамагае прывесці думкі ў парадак і здабыць душэўную раўнавагу.
Мы можам тэхналагічна апісаць, што і як рабіць, але часам жыццё не ўкладваецца ні ў якія рамкі. Так, чалавек можа рабіць усё правільна, але любоў так і не прыйдзе.
Часам усынаўленне параўноўваюць са шлюбам: маўляў, два некалі чужыя чалавекі становяцца роднымі. Але ўсынаўленне — гэта не шлюб, гэта не партнёрскія адносіны. У шлюб уступаюць двое дарослых, рашэнне быць разам прымае кожны самастойна. Пры ўсынаўленні за дзіця вырашаюць іншыя. Пры ўсынаўленні не ствараецца сям'я, дзіця прымаецца ў сям'ю. Шлюб можна скасаваць, зноў жа, па ўзаемнай згодзе. Падобных эксперыментаў з дзецьмі не павінна быць. З дзіцем, калі няма пачуцця радасці, пяшчоты і любові, павінна быць пачуццё адказнасці. Думаць, перажываць, змяняць рашэнне можна (і нават трэба) на этапе ДА ўсынаўлення. Калі гэты крок ужо зроблены, то неабходна проста працаваць над тым, каб выгадавааць дзіця, адпавядаць бацькоўскай ролі.
— Па якіх прычынах бацькі адмаўляюцца ад усыноўленага дзіцяці?
— Звычайна людзі здаюцца, калі не бачаць сумеснай будучыні. Я ведаю ўсынавіцеляў, якія пражылі з дзіцем сем гадоў, але вырашылі пасля адмовіцца ад хлопчыка. Гэтыя людзі сапраўды шмат зрабілі, каб захаваць дзіця ў сям'і, яны імкнуліся быць яму добрымі бацькамі. Але ў нейкі момант адчулі, што іх жыццё развальваецца. І каб яго аднавіць, вырашылі зрабіць гэты крок. У гэтай сітуацыі шкада ўсіх: і бацькоў, і дзіця. Бацькі «з'ядаюць» сябе, адчуваюць страшна вінаватымі за тое, што адмовіліся ад дзіцяці. На жаль, без наступстваў такое не праходзіць.
Бываюць і іншыя выпадкі. Напрыклад, памятаю пару, у якой было двое сваіх малых. Яны ўсынавілі дзіця і праз паўгода падалі дакументы ў суд на адмену. Яны не толькі не паспелі палюбіць дзіця, але нават не далі сабе шанцу. Занадта хутка адштурхнулі малое. Нават не паспрабавалі яго прыняць, ім бачылася, што яны яго не палюбяць ніколі…
Многія менавіта з‑за страху, што не змогуць палюбіць дзіця, не адважваюцца на ўсынаўленне. А на адмену ўсынаўлення ідуць тыя, хто так і не здолеў палюбіць. На шчасце, такія выпадкі здараюцца вельмі рэдка. Як правіла, бацькі праз вялікую працу атрымліваюць жаданы бонус — любоў да свайго дзіцяці.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.