«Я вырасла ў шматдзетнай сям'і — старэйшая сястра і два малодшыя браты. Цяпер мы ўсе ўжо дарослыя, амаль ва ўсіх свае сем'і, але і пра бацькоў не забываемся, на святы прыязджаем, стараемся дапамагаць у бытавых, дачных справах і г. д. Але чым далей, тым больш робіцца відавочна, што старэйшая сястра нас як быццам раўнуе да бацькоў, імкнецца ўсю ўвагу перацягнуць на сябе: у размовах пастаянна скардзіцца на свае праблемы і хваробы, на дзень нараджэння заўжды просіць у падарунак грошы, хоць і ведае, што ў бацькоў пенсіі невялікія, у абмеркаванні рамонту хоча ўсіх пераспрачаць і пакінуць за сабой апошняе слова…
З чаго гэта пачалося, па вялікім рахунку, незразумела. У дзяцінстве, як помніцца, нас бацькі не дзялілі на «ўлюбёнцаў» і «нялюбых», стараліся кожнаму ўдзяліць увагу. Але сястра чамусьці лічыць, што ёй любові і клопату недадалі, яна была нам нянькай і з яе патрабавалі, як з дарослай, і цяпер за гэта як быццам патрабуе ад нас кампенсацыі. Мама з татам не хочуць нікога з нас крыўдзіць, таму стараюцца яе просьбы выконваць, а яны ўсё не заканчваюцца. На нашы заўвагі сястра рэагуе паблажліва — для яе мы на ўсё жыццё малодшыя і неразумныя. Як можна пазбегчы адкрытага канфлікту (мама вельмі перажывае, калі мы сварымся, а сястра ёй абавязкова раскажа пра гэта) і пры тым даць зразумець, што любоў і клопат патрэбныя ўжо бацькам, а не толькі ёй і нам — дарослым дзецям?»
Юлія, г. Гомель.
Юлія, вы добрая дачка, і вашы перажыванні наконт бацькоў зразумелыя.
Чалавечая памяць выбарчая, і дзеці, якія жывуць у адной сям'і, адну і тую ж сітуацыю могуць памятаць па-рознаму, таму ў кожнага дзіцяці ў сям'і складваюцца ўласныя, індывідуальныя ўспаміны пра дзяцінства, пра стаўленне да яго бацькоў, братоў і сясцёр, пра тыя абавязкі, якія даводзілася выконваць. Верагодна, ваша сястра яшчэ з дзяцінства захавала нейкія крыўды на бацькоў. Часцей за ўсё, пасталеўшы і зрабіўшыся дарослым, дзіця разумее, чаму яго бацькі тады, у дзяцінстве, паводзілі сябе тым ці іншым чынам. І нават калі дзеянні бацькоў у дачыненні да іх дзяцей былі не зусім правільнымі, дарослае дзіця даруе ім гэта, бо ведае, што ў адносінах першасная ўсё ж любоў — бацькоў да дзяцей і дзяцей да бацькоў.
Ваша сястра ў сітуацыях, якія вы згадваеце, з'яўляючыся дарослай жанчынай, паводзіць сябе, як дзіця, патрабуючы грошы, падарункі, якія для яе з'яўляюцца кампенсацыяй чагосьці недаатрыманага, як ёй здаецца, у дзяцінстве. І, знаходзячыся ў стане дзіцяці, яна наўрад ці ў размове з вамі ці вашымі братамі пачуе довады дарослых людзей, бо ў нечым пакрыўджаная і на вас. Паспрабаваць мякка ўздзейнічаць на яе, магчыма, толькі праз іншых — аўтарытэтных для яе асоб (напрыклад, мужа ці іншых родных).
На пытанні чытачоў адказвае старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, псіхолаг з 16‑гадовым досведам кансультавання Алена ОСІПАВА.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.