Каго-каго, а фінаў дакладна можна назваць па-сапраўднаму спартыўнай нацыяй. Спорт у гэтай краіне лічыцца адным з галоўных відаў баўлення часу, што абумоўлена і геаграфічным становішчам (асабліва развіты зімовыя віды спорту) і менталітэтам гарачых фінаў. Нацыянальны від спорту ў Фінляндыі — бейсбол, хоць самымі папулярнымі з пункту гледжання тэлегледачоў і асвятлення ў СМІ з'яўляюцца хакей і Формула-1. У Фінляндыі зарэгістравана больш за 52 тысячы хакеістаў, што складае прыблізна 1% ад насельніцтва краіны.
Хакеісты ў Фінляндыі — гэта героі, якімі ганарацца і за жыццём якіх пільна сочаць. І гэта не дзіўна, бо многія фінскія імёны вядомыя ва ўсім свеце. Гэта «зоркі» НХЛ Цеему Селяне, Саку Койву, Еры Лехцінен і фінская легенда Яры Куры, які заваяваў ажно 5 кубкаў Стэнлі.
Акрамя таго, фіны маюць выдатных хакейных спецыялістаў: скаўтаў, агентаў, трэнераў. Алпо Суханен у 2000 годзе стаў першым еўрапейскім трэнерам, які ўзначаліў клуб НХЛ («Чыкага»). Добра вядомы беларускім заўзятарам Кары Хейкіля ўзначальваў яраслаўскі «Лакаматыў», мінскае «Дынама», магнітагорскі «Металург» і зборную Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам «Лакаматыў» заваяваў бронзавыя і сярэбраныя медалі чэмпіянату Расіі.
«Вечна другія»
Зборная Фінляндыі па хакеі ўпершыню была сабрана ў 1928 годзе.
Свой першы медаль на чэмпіянатах свету хакеісты Суомі заваявалі толькі ў 1992-м, гэта было «серабро». Праз два гады ў Італіі фіны зноў былі другімі, а з чэмпіянату свету 1998-га па 2007 год хакеісты зборнай яшчэ чатыры разы станавіліся сярэбранымі прызёрамі, што і прывяло іх да статусу «вечна другіх».
Залаты поспех да Фінляндыі ўпершыню прыйшоў у 1995 годзе, а ў 2011-м яны змаглі яго паўтарыць. Суомі нарэшце сталі чэмпіёнамі свету, разграміўшы ў фінальным матчы сваіх вечных сапернікаў — шведскую зборную — з лікам 6:1.
На апошніх трох алімпіядах (2006—2014 гг.) зборная Фінляндыі рэгулярна брала медалі — адно «серабро» і дзве «бронзы».
Сёння каманда займае другі радок у рэйтынгу ІІХФ.
Большасць прадстаўнікоў зборнай гуляе ў Нацыянальнай хакейнай лізе. У апошнія гады многія са знакамітых фінаў перабіраюцца на ўсход у КХЛ. Унутраны чэмпіянат краіны складаецца з 14 каманд. Наймацнейшыя з іх — «Кярпят», «Блюз», «Тапара», «Ёкерыт», «Ільвес», «ТПС». Маладыя хакеісты часцей за ўсё набіраюцца навыкаў і вопыту ў нацыянальным першынстве, і толькі пасля 20 гадоў лепшыя з іх пераходзяць у больш моцныя лігі.
У наступным годзе плануецца ўдзел фінскага клуба «Ёкерыт» у Кантынентальнай хакейнай лізе.
Леа Камароў: «Большасць — сціпленькія гульцы»
Менавіта так Леа Камароў апісаў сваю зборную. Складана спрачацца, галоўны козыр фінаў — гэта камандная гульня. Зборная склалася з моцных «сераднячкоў» — гэта юныя хакеісты і «аксакалы» спорту.
А вось што тычыцца варатароў, тут у фінаў усё проста бліскуча. Многія сыходзяцца ў меркаваннях, што ў Фінляндыі самая моцная варатарская лінія. На апошняй мяжы — Лехтанен, Ніемі, Раск. Анты Ніемі і Кары Лехтанен — адны з лепшых варатароў у НХЛ. Анты Ніемі — першы нумар «Сан-Хасэ», правёў у гэтым сезоне 48 матчаў, гэта другі вынік у НХЛ. Кары Лехтанен адстаяў за «Далас» таксама 48 паядынкаў. Варатар «Бостана» Туўка Раск правёў на лёдзе крыху менш часу, але на Алімпійскіх гульнях ён рабіў сваю працу проста бліскуча і стаў першым нумарам фінаў.
На мінскім чэмпіянаце, хутчэй за ўсё, мы ўбачым іншых гульцоў, таму што варатары НХЛ яшчэ будуць задзейнічаны ў плэй-оф.
Вельмі сур'ёзнай стратай для фінаў сталі траўміраваныя Міка Койву і Валцеры Філпула. На Алімпіядзе іх замянілі Ярка Іманен і Сакары Салмінен.
Зборную прадстаўляюць гульцы трох ліг — НХЛ, КХЛ і фінскай СМ-лігі.
На мінскі чэмпіянат, хутчэй за ўсё, прыедзе зборная, укамплектаваная гульцамі, якія прадстаўляюць мясцовую СМ-лігу і КХЛ. Гэта Осі Вяянянен («Ёкерыт»), Ласэ Куканен («Кярпят»), Юса Хіетанен («Тарпеда»), Ёры Лехцера («Сібір»), Петры Кантыёла («Трактар»), Анці Пільстрэм («Салават Юлаеў»), Юха-Маці Аалтанен («Кярпят»), Леа Камароў («Дынама», Масква), Міка Коскінен («Сібір»).
Магчыма і падмацаванне з НХЛ, з каманд, якія маюць невялікія шанцы на плэй-оф. Гэта Олі Ёкінен («Вініпег»), Аляксандр Баркоў («Фларыда»), Туома Руўту («Караліна»).
Трэнер зборнай Фінляндыі — Эрка Вестэрлунд.
У гэтым сезоне зборная Фінляндыі, па традыцыі, прыняла ўдзел у Еўратуры. І атрымала ў ім перамогу, апярэдзіўшы каманды Расіі, Чэхіі і Швецыі. На Гульнях у Сочы фіны з лёгкасцю абыгралі расіян у чвэрцьфінале (3:1), у паўфінале саступілі зборнай Швецыі (1:2) і занялі 3-е месца, абыграўшы хакеістаў з ЗША (5:0). Адзначым, што ў матчы за «бронзу» дзве шайбы закінуў Цеему Селяне і на такой феерычнай ноце ва ўзросце 43 гадоў скончыў свае выступленні за зборную Фінляндыі.
Фіны — сапернікі нялёгкія
На чэмпіянатах свету гэтыя каманды сустракаліся рэдка. У 2006 годзе беларусы прайгралі з лікам 0:3, у 2009 атрымалі перамогу па булітах 2:1, а ў 2012-м саступілі з мінімальным лікам 0:1.
У Мінску Беларусь згуляе са зборнай Фінляндыі 15 мая.
Дар'я Лабажэвіч
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.