Па падазрэнні ў незаконным абарачэнні наркотыкаў супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі сталічнага ГУУС разам з калегамі з Мінскай ДАІ затрымалі 37-гадовага менеджара адной з фермерскіх гаспадарак Мінскай вобласці. Пасля гэтага гісторыя пачала імкліва развівацца, прывёўшы да нечаканага фіналу...
Паводле інфармацыі прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама, усё пачалося з таго, што мужчына прыцягнуў увагу інспектараў парушэннем правілаў паркоўкі: яго «Мерседэс» стаяў на тратуары каля дома па вуліцы Ванеева. Калі супрацоўнікі дарожнай міліцыі вырашылі праверыць кіроўцу, яго стан выклікаў пэўныя падазрэнні і парушальніка даставілі на медагляд. Там урачы далі заключэнне: у крыві затрыманага — высокая канцэнтрацыя розных наркатычных рэчываў.
Як далей высветлілася, не толькі ў крыві. Пры аглядзе аўтамабіля аператыўнікі канфіскавалі два шпрыцы з экстракцыйным опіем, звыш 250 грамаў міксаў для курэння і больш за 500 грамаў псіхатропу для іх вытворчасці, электронныя вагі і спецыяльныя фасовачныя пакеты. Акрамя таго, былі знойдзены так званыя «маркі» (прамочаныя псіхатропным рэчывам паперкі, якія выступаюць у якасці гатовай да ўжывання дозы) у колькасці 100 штук. Ад апошніх у сталіцы загінуў ужо не адзін чалавек.
Як меркавалі праваахоўнікі, большая частка спецыфічнага грузу прызначалася на продаж. Былі падставы думаць, што дылер збываў яго так званым «тайніковым» метадам. Дарэчы, сам затрыманы — наркаман са стажам, раней неаднаразова судзімы.
Меркаванні і аператыўныя мерапрыемствы далі свой плён: міліцыянеры знайшлі тайнік, у якім наркадылер захоўваў партыю інгрэдыентаў для вытворчасці сумесяў для курэння і «марак». «Сховішча» было пад мостам на развязцы праспектаў Дзяржынскага і Жукава. Аператыўнікі канфіскавалі адтуль каля 13 кілаграмаў парашку, з якога, па папярэдніх падліках, можна было вырабіць амаль 2 тоны міксаў для курэння і каля 2 мільёнаў так званых «марак».
Уначы былі праведзены дадатковыя мерапрыемствы па «справе фермера», як пачалі яе называць. Аператыўнікі ўстанавілі здымную кватэру затрыманага па вуліцы Кнорына, дзе было канфіскавана звыш 300 тысяч так званых «марак» (агульны кошт на «чорным рынку» складае больш за 30 мільярдаў рублёў) і 100 грамаў рэагенту для іх вытворчасці. Таксама быў знойдзены гараж дылера, дзе размяшчалася лабараторыя для вырабу сумесяў для курэння і «марак». У гаражы праваахоўнікі канфіскавалі 60 кілаграмаў асновы для вытворчасці «спайсу», 100 грамаў рэагенту і 5 кілаграмаў гатовых міксаў для курэння.
Агульная сума канфіскаванага (у выпадку, калі б дылеру ўдалося рэалізаваць свой «тавар») склала амаль 600 мільярдаў рублёў, перадае прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама. Ёсць падставы меркаваць, што затрыманы грамадзянін з'яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў псіхатропаў у сталіцу.
Сяргей РАСОЛЬКА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.