Цяпер у Беларусі 97,4% насельніцтва маюць магчымасць прымаць тэлевізійны сігнал у «лічбе». Сёлета доля такога сучаснага тэлевізійнага «пакрыцця» стане больш за 98%, а да 17 чэрвеня наступнага года новы фармат тэлевяшчання стане даступным усім жыхарам нашай краіны, паведаміў учора першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Дзмітрый Шадко.
Летась пачалося паэтапнае адключэнне ад аналагавага вяшчання. Гэта былі чатыры раёны ў розных абласцях краіны (Асіповічы, Жлобін, Бабруйск і Касцюковічы).
У кожным з раёнаў, дзе знікаў аналагавы сігнал, мясцовыя ўлады, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства інфармацыі зрабілі ўсё для таго, каб людзі не пацярпелі. Была аказана дапамога найбольш сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва, праведзена актыўная кампанія ў сродках масавай інфармацыі. Таму ў людзей не было на гэты конт вялікіх праблем.
Наступнымі ў чарзе стаяць Сінкевічы, Шаркаўшчына, Гомель і Беразіно, дзе «лічба» прапішацца ўжо 1 красавіка. Увогуле сёлета пераход да лічбавага вяшчання плануецца паэтапна ў 21 населеным пункце краіны. З «лічбай» пасябруюць Віцебск, Брагін, Драгічын, Ракітніца, Баранавічы, Пружаны, Гродна і іншыя. Паралельна паўсюль, дзе цяпер адключаецца аналагавы сігнал, паступова пачынаюць працаваць так званыя камерцыйныя другі ці трэці мультыплексы. Чалавек у любым раёне нашай краіны ўжо сёння можа мець абсалютна бясплатна восем дзяржаўных тэлеканалаў, якія ўключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет. Цяпер жа беларус атрымае магчымасць і падключэння да камерцыйнага пакета. У дапаўненне да 8 асноўных будуць прапаноўвацца ад 20 да 35 каналаў у залежнасці ад тэхнічных магчымасцяў рэгіёнаў. Сёння паслугамі гэтых мультыплексаў ужо карыстаюцца больш як 6 тысяч сем'яў. Кошт такога камерцыйнага пакета цяпер складае ад 22 да 34 тысяч рублёў. Калі ўлічваць прынцыпова новую якасць паслугі, кошт сапраўды прымальны.
Увогуле міністэрства разлічвае на тое, што да 2020 года ў Беларусі будзе каля 400 тысяч абанентаў эфірнага лічбавага тэлебачання.
Для абанентаў кабельнага тэлебачання нагадаю, што працэс пераходу ад аналагавага да лічбавага сігналу іх абсалютна не павінен турбаваць. За іх усю працу зробіць аператар. Нават у самым крайнім выпадку ён мае тэхнічныя магчымасці для канвертацыі лічбавага сігналу ў аналагавы, каб ён дайшоў да вашага тэлевізара. Зразумела, што большасць аператараў сёння актыўна ўкараняе лічбавы фармат.
Нагадаю, што для прыёму абавязковага агульнадаступнага пакета тэлевізійных праграм неабходны тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату кадзіравання MPEG-4 або лічбавая тэлевізійная прыстаўка з аналагічнымі параметрамі, якая падключаецца да звычайнага тэлевізара.
Прадстаўнік Мінсувязі і інфарматызацыі адзначыў, што па пытаннях, звязаных з пераходам на эфірнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне, можна звярнуцца да спецыялістаў адзінай бясплатнай даведачна-інфармацыйнай службы 172, якія дадуць неабходныя тлумачэнні і рэкамендацыі. Званкі са стацыянарнай тэлефоннай сеткі бясплатныя.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Дзмітрый Шадко паведаміў, што праблемы з рэтрансляцыяй некаторых замежных тэлеканалаў у Беларусі вырашальныя. Справа толькі ў адпаведным афармленні неабходных дакументаў. Усе пытанні, якія ўзнікаюць па афармленні дакументаў, тычацца толькі асобных аператараў, таму маштабаваць іх у нейкую сур'ёзную праблему проста бессэнсоўна; іх можна цывілізавана «разруліць» у самы бліжэйшы час, упэўнены Дзмітрый Шадко.
Сяргей КУРКАЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.