Перадсвяточная размова пра гендарную роўнасць, Любоў і каву ў ложку
Напярэдадні 8 Сакавіка «Звязда» шукала адказ на жаночыя пытанні ў гістарычна правільным кірунку — сярод жаночай часткі беларускага парламента. Але размова з дэпутатам Аленай Шамаль, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, як і само свята з цягам часу, атрымалася досыць далёкім ад палітыкі. Хаця…
— Алена Уладзіміраўна, у вас перадсвяточны настрой?
— У мяне працоўны настрой. Але я чакаю свята. Думаю, няма ніводнай жанчыны, якая не чакае свята 8 Сакавіка, незалежна ад узросту і заняткаў.
— У законапраекце, які зараз ляжыць на вашым працоўным стале, ёсць што-небудзь асаблівае для жанчын?
— Цяпер на маім стале праект змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб лекавых сродках», які плануецца разгледзець у першым чытанні ў вясновую сесію. Ён аднолькава важны як для жанчын, так і для мужчын. Бо любыя лекі — гэта ўздзеянне на арганізм, і змены, якія плануюцца ў заканадаўстве, маюць на ўвазе ўзмацненне абароны нашых грамадзян у прымяненні лекавых сродкаў.
У законапраекце прапануецца бліжэй падысці да міжнародных стандартаў якасці ў дачыненні да лекаў. Плануецца ўзмацніць адказнасць пры правядзенні клінічных выпрабаванняў новых прэпаратаў. Другое новаўвядзенне датычыцца абмежавання гранічна дапушчальных цэн на лекавыя сродкі. У выніку разбежка цэн на лекі ў розных аптэках павінна стаць мінімальнай. Думаю, гэта досыць правільная пазіцыя, бо на хваробах нельга зарабляць.
Законапраект таксама прапануе вызваліць ад неабходнасці паўторнага праходжання працэсу ліцэнзавання добрасумленных прадстаўнікоў на нашым фармакалагічным рынку.
— У 1995 годзе ў беларускім парламенце было толькі 9 жанчын. Апошнім часам жанчыны складаюць стабільныя 30% дэпутацкага корпуса. Аднак сярод беларускіх міністраў — толькі адна дама. Чаму так не проста нам дасягнуць гендарнай роўнасці ў справе кіравання дзяржавай?
— Думаю, не варта імкнуцца да гендарнай роўнасці ва ўсіх аспектах. З‑за біялагічных асаблівасцяў жанчына не можа выконваць, скажам, такую ж фізічна цяжкую працу, якая пад сілу толькі мужчынам. Але ў яе павінны быць аднолькавыя правы і магчымасці ў сацыяльным плане. Ёй неабходна мець аднолькавыя з мужчынам магчымасці працаўладкавання, адукацыі, удзелу ў сямейна-бытавой сферы. Канешне, жанчыны павінны прымаць актыўны ўдзел у розных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства. Дарэчы, у мясцовых Саветах дэпутатаў жанчын значна больш, чым у парламенце — да 45%.
Але, на жаль, у нас па-ранейшаму існуюць стэрэатыпы пра тое, што мужчыны — больш рацыянальныя і прагматычныя, а жанчыны — больш эмацыянальныя і халерычныя. Сферай дзейнасці жанчын у нас застаюцца пераважна адукацыя, ахова здароўя, сфера паслуг. А мужчыны часцей становяцца кіраўнікамі. Гэта тычыцца і сям'і. Дадому жанчына павінна вярнуцца з працы прыгожай, у добрым настроі, прыгатаваць вячэру, паклапаціцца пра дзяцей, а мужчына — прыйшоў і адпачывае. Ён — гаспадар.
І ўсё ж у Беларусі ўдалося многага дабіцца ў справе гендарнай роўнасці. Пры Савеце Міністраў працуе Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы. Урад склаў таксама Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў нашай краіне. Але наблізіцца да ідэалу мы зможам толькі тады, калі і мужчыны да жанчыны, і жанчыны да мужчын будуць ставіцца з аднолькавай павагай.
І яшчэ адзін важны момант. Жанчына можа перавярнуць горы, зрабіць немагчымае, калі адчувае сябе каханай. Для нас вельмі важная ўвага дарагіх нам, блізкіх мужчын. На якой бы мы ні былі пасадзе, і які б статус ні мелі.
— Ці патрэбны ў палітыцы жаночы погляд?
— Безумоўна. Жанчына заўсёды імкнецца дапамагчы больш слабаму. Яна лепш разбіраецца ў некаторых сацыяльных пытаннях. Напрыклад, у нас 160 тысяч жанчын самастойна выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. І толькі каля 10 тысяч такіх мужчын. Без жаночага погляду на гэтую праблему цяжка было б знайсці аптымальныя падыходы на заканадаўчым узроўні. Мужчыны ў прыняцці рашэнняў больш катэгарычныя, жанчыны заўсёды імкнуцца згладзіць вострыя вуглы, знайсці больш прымальны варыянт для розных бакоў.
— Напярэдадні свята журналісты «Звязды» апытвалі розных людзей пра галоўных жанчын у іх жыцці. І мне хочацца спытаць вас: а ў вашым жыцці хто самыя галоўныя жанчыны?
— Мне складана адказаць. Як дачцэ, вядома ж, мне бясконца дарагая мая маці — жанчына, якая паўплывала на мой жаночы пачатак. Разам з тым, я сама — маці дачкі. Гэта — два вельмі розныя моманты, але падзяліць іх немагчыма. Маці ты ўдзячны. А для дзіцяці робіш усё, каб яе жыццё было лягчэй, каб даць ёй як мага больш шанцаў.
Калі я была маленькая, мне здавалася, што наша мама вельмі строгая. Яна выхоўвала нас у традыцыях, прытрымлівалася правілаў. Ва ўсіх у нас былі абавязкі ў сям'і. І «нельга» заўсёды азначала «нельга». У нашых бацькоў нас трое дзяцей, тры дачкі, і я — самая старэйшая. Можа, таму ад мяне і больш патрабавалі.
А калі я вырасла, калі з'явілася ўласнае дзіця, то зразумела тое пачуццё адказнасці, з якім бацькі да мяне ставіліся. Для бацькоў галоўнае, каб іх дзіця было шчаслівае. З узростам разумееш, як шмат яны далі. Дзіцячыя моманты вельмі каштоўныя. У кожнага — свая маці, але мая мама асаблівая, бо яна — мая. Яна вельмі дапамагае мне ў жыцці. Яе імя — Любоў, і яна вельмі яму адпавядае. Яна — лепшая.
— У наш час жанчыну часта вінавацяць у тым, што дзеці вырастаюць у холадзе адзіноцтва. Вечна занятай і заклапочанай маці не да іх. Можа, надышоў час перагледзець каштоўнасці цывілізацыі і вяртаць жанчын на кухню, у царкву і да дзяцей?
— Я не згодна з тым, што працуючая жанчына не здольная надаць неабходную ўвагу дзіцяці. Насамрэч, дзіцяці з пэўнага ўзросту не патрэбна, і нават супрацьпаказана, каб маці была побач з ім усе 24 гадзіны ў суткі. Але я ўпэўнена, што з дзіцем трэба размаўляць. Сама імкнуся да таго, каб дачка была мне сябрам. Каб паміж намі быў магчымы дыялог на любыя тэмы, радасныя і непрыемныя. Галоўнае, каб дзіця не адчувала сябе дрэнным. Яно павінна асэнсоўваць, што яго ўчынак, дзеянне можа быць дрэнным, але не яно само.
Праўда тое, што мы развучыліся размаўляць са сваімі дзецьмі. Тое, што мы стамляемся на працы, не апраўдвае нас. На размову з дзіцем дастаткова 15–20 хвілін раніцай і ўвечары, а ў выхадныя можна знайсці сумесны занятак, але дзіця павінна ведаць, што яно цікавае сваёй маці і можа ёй давяраць.
— Наколькі сучасны свет трансфармаваў жанчыну?
— Жанчыны сталі больш моцнымі. Такое патрабаванне часу. Такую ўстаноўку дае сабе сёння большасць жанчын. Каб канкурыраваць на рынку працы, ёй трэба быць больш адукаванай, больш жорсткай, больш прафесійнай, чым мужчына. Ёй важна пры гэтым быць дагледжанай, гнуткай, ісці наперадзе. Жанчына цягне на сабе заўсёды большы груз.
— А на слабасці яна мае права?
— Не толькі мае, але ў гэтым яе перавага, выратаванне і крыніца натхнення. Жанчына паплакала, пакапрызіла і тым самым зняла напружанне, зноў можа ісці далей.
— 114 гадоў таму Клара Цэткін прапанавала ўстанавіць Міжнародны жаночы дзень, у які жанчыны маглі б ладзіць мітынгі і шэсці, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да сваіх праблем. У савецкія часы гэтае свята цалкам страціла палітычную афарбоўку. Які сэнс яно мае, на ваш погляд, цяпер?
— Для мяне 8 Сакавіка — гэта глыток жыцця. Вясновае свята, напоўненае станоўчымі эмоцыямі. У гэты дзень на баку жанчын сама прырода: усё ажывае, усё заліта сонцам. Гэта свята без эпохі, без узросту. Яно мае асаблівую аўру, якая нікога не пакідае абыякавым. Ніводны мужчына ў гэты дзень не забудзе купіць сваёй жанчыне кветкі. Не важна, хто яна — маці, нявеста, жонка, дачка або былая аднакласніца. І ці не цудоўна гэта?
— Што рабіў ваш тата ў гэты дзень, калі вы, усе тры дачкі, яшчэ жылі разам з бацькамі?
— Ён кожную з нас, а таксама нашу маці, віншаваў асобна. У кожнай была свая кветка ад таты.
— А муж гатуе сняданак на 8 Сакавіка?
— Гатуе — гучна сказана. Варыць каву. І падае ў ложак.
— Жанчыне складана быць шчаслівай?
— Складана. Шчасце — гэта не аморфная субстанцыя. Не павеў ветрыку. Складнікі шчасця — вынік вялікай працы. Працы на тое, каб у сям'і ўсё было добра, утульна, каб паміж усімі былі добрыя адносіны. Я, напрыклад, гляджу з мужам хакей, каб падзяліць з ім яго інтарэсы… Кузьма Пруткоў сказаў: «Хочаш быць шчаслівым — будзь ім». Але для гэтага патрэбны намаганні.
У мяне часам пытаюцца: які перыяд у жыцці самы шчаслівы? Думаю, шчасце — гэта тут і цяпер. У якім бы ты ўзросце ні быў. Мне вельмі спадабалася прытча пра мужчыну, які меў усё, акрамя пастаяннай жанчыны. Ён шэсць вечароў за кубкам чаю расказваў мудрацу пра дам, якіх сустрэў на сваім жыццёвым шляху. Але мудрэц усё не называў яму прычыну яго няўдачы. На сёмы дзень мудрэц прапанаваў проста папіць чаю, каб адчуць яго водар і смак. І тады мужчына зразумеў, чаму дагэтуль не сустрэў сваю адзіную. Вось і мы — бяжым па жыцці, не звяртаючы ўвагі адно на аднаго. У гэтым наша бяда. Каб адчуць водар і смак жыцця, неабходна на некаторы час спыніцца. Убачыць тых, хто побач.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.