Спрэчкі вакол унясення змен у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў» дагэтуль не сціхаюць. Трэба адзначыць, што ў адказныя за гэта інстанцыі прыйшло мноства зваротаў грамадзян з тым, каб ніякіх змен у гэты закон не ўносіць, бо ён і так дасканалы, прыняты зусім нядаўна, у 2010 годзе. Аднак з-за скаргаў некаторых мясцовых органаў улады, якія прыйшлі ў вышэйшыя службовыя інстанцыі, прынята рашэнне ўсё ж унесці змены. Засталося толькі вырашыць, якія канкрэтна.
Кансультант упраўлення па геадэзіі і картаграфіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Ірына БАРОДЗІЧ расказала, чым абумоўлена неабходнасць такіх перамен:
— Закон дзейнічае з 2011 года і ўяўляе сабой новую эпоху ў развіцці нашай краіны. Беларуская мова перайшла на іншы ўзровень, яе можна бачыць на паказальніках з назвамі гарадоў і мястэчак, у афіцыйных лістах. Аднак з таго часу, як пачаў дзейнічаць закон, мясцовыя органы кіравання не да канца яго ўспрымалі, а часам нават не ведалі, што такі прыняты, — і працягвалі даваць назвы па-руску. Дзяржкамітэт праводзіў навучанне, ладзіў выязныя семінары, каб прызвычаіць прадстаўнікоў раённай і абласной улады правільна даваць назвы на роднай мове. Аднак там не заўсёды ўспрымалі інфармацыю. Адсутнасць дыялогу прывяла да таго, што мясцовыя ўлады ўвогуле не хацелі ўспрымаць транслітарацыю і разумець яе прынцыпы. Выказвалі думку, што яна псуе рускую мову. Са сваімі скаргамі яны звярнуліся ў вышэйшыя інстанцыі. Таму было дадзена даручэнне ўнесці змены, у прыватнасці, у 17 артыкул, якія б дапускалі прамы пераклад з беларускай мовы на рускую. Гэта фактычна перакрэсліла б усю нашу працу, зробленую за час дзейнасці закона, а таксама шматгадовыя старанні тых, хто стварыў 6-томны даведнік з беларускімі назвамі, транслітараванымі на рускую, а таксама напісанымі лацінкай. Гэта даручэнне, мы абавязаны яго выканаць, аднак якія канкрэтна новаўвядзенні будуць прыняты, яшчэ вырашаецца.
«Звязда» ўжо пісала аб праекце змяненняў і дапаўненняў у дзейны закон, які распрацаваў дзяржаўны камітэт па маёмасці. Рэспубліканская тапанімічная камісія пры Акадэміі навук Беларусі, якая мінулы праект закона не ўхваліла, з гэтым па большасці палажэнняў згодная. Аднак члены камісіі яшчэ раз сабраліся на грамадскае абмеркаванне, каб выказаць сваю канчатковую пазіцыю адносна таго, што хутка будзе прынята на заканадаўчым узроўні, і пастарацца яшчэ неяк паўплываць на гэты працэс. Старшыня камісіі Ігар КАПЫЛОЎ напрыканцы пасяджэння, пачуўшы і адзначыўшы ўсе меркаванні, агучыў рэзалюцыю з шасці пунктаў. Яна прысутнымі была падтрымана адзінагалосна:
1. Найменні геаграфічным аб'ектам даюцца на беларускай мове.
З беларускай мовы перадаюцца на рускую, а таксама на іншыя мовы. Нязгоду прысутных выклікаў пункт у праекце, дзе гаварылася, што на іншыя мовы назвы могуць перадавацца як з беларускай, так і з рускай моваў. Усе выказаліся, што такі падыход непрымальны: трэба, каб замежныя адпаведнікі рабіліся з роднай мовы.
2. Пры распрацоўцы правіл спосабаў перадачы найменняў з беларускай мовы на рускую рэкамендаваць Дзяржкамітэту па маёмасці выкарыстоўваць у якасці асноўных спосабы транслітарацыі і практычнай транскрыпцыі. Па гэтым пытанні думкі спецыялістаў разышліся. Хтосьці адзначаў, што трэба прапісаць таксама, што ў выключных выпадках можа ўжывацца спосаб прамога перакладу з беларускай мовы. Аднак іншыя ўпэўнена сцвярджалі, што, калі заканадаўча прапісаць такую магчымасць, многія захочуць скарыстацца ёй і будуць сцвярджаць, што іх выпадак — выключны. Таму была выказана прапанова, каб у складаных выпадках спецыялісты на месцах звярталіся да прафесіяналаў, збіралі пасяджэнне, дзе ім падказвалі б правільнае рашэнне.
3. Найменні геаграфічным аб'ектам на таблічках, дарожных і іншых паказальніках на тэрыторыі Беларусі даюцца на беларускай мове, а таксама, пры неабходнасці, літарамі лацінскага алфавіту. Такую фармулёўку вывелі на пасяджэнні тапанімічнай камісіі. Аднак у новым законапраекце цяпер прапісана іначай: назвы на паказальніках даюцца на беларускай і рускай мовах, пры неабходнасці, яшчэ і лацінкай. Відавочна, што прапанова рабіць трохмоўныя таблічкі — не самая ўдалая. Уявіўшы зрокава такую карціну, бачацца вялізныя, нязграбныя паказальнікі, на якіх будзе занадта шмат інфармацыі. На вялікіх магістралях гэта можа быць нават небяспечным, там і без таго пішуцца назвы некалькіх населеных пунктаў. Павелічэнне інфармацыі ўтрая будзе адцягваць увагу кіроўцы на абдумванне шматслоўных таблічак. Можна ўзгадаць і пра іншы праблемны бок гэтага пытання. Нават сёння, калі назвы пішуцца на адной мове, прадстаўнікам мясцовай улады гэта не заўсёды даецца проста, бо тут патрэбны філалагічныя навыкі. Некаторыя няправільна напісаныя таблічкі выклікаюць часам усмешку, а часам абурэнне. Дык ці варта патрабаваць, каб у такой сітуацыі (калі нават спецыялісты спрачаюцца, якім спосабам перадаваць найменні з беларускай мовы на рускую) усе паказальнікі былі напісаны граматна не тое што на адной мове, але і дасканала перададзены на іншую? Відавочна, што павелічэнне колькасці слоў на інфармацыйных паказальніках павялічыць і колькасць памылак у іх.
Спецыялісты Дзяржкамітэта па маёмасці адзначылі, што яны таксама выступаюць за тое, каб таблічкі пісаліся толькі па-беларуску, пры неабходнасці, яшчэ і лацінкай. Так было б і правільна, і рацыянальна. Аднак да іх звярнуліся з Мінаблвыканкама з патрабаваннем дазволіць рабіць таблічкі яшчэ і на рускай мове. Гэта здзіўляе, асабліва ўлічваючы тое, што якраз у беларускай сталіцы сёння шмат паказальнікаў на роднай мове. А на тое, што робіцца ў сталіцы, як вядома, часта арыентуюцца і іншыя рэгіёны.
4. Увесці ў практыку сумеснай работы Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі правядзенне пастаянных семінараў з адказнымі службамі мясцовых органаў кіравання, на якіх будзе праводзіцца навукова-кансультацыйная работа па ўкараненні палажэнняў закона ў практыку. Гэта для таго, каб патлумачыць, што такое транслітарацыя і практычная транскрыпцыя. Насамрэч нічога незразумелага і складанага за гэтымі словамі не хаваецца. Яны азначаюць палітарную перадачу назвы, улічваючы спецыфіку іншай мовы.
5. Распрацаваць комплекс мерапрыемстваў па папулярызацыі ўнесеных змен у дзейнае заканадаўства ў сродках масавай інфармацыі і сістэме адукацыі. Закон, прыняты ў 2010 годзе, нават без дапаўненняў даволі дасканалы. Калі некаторыя аспекты і зменяцца, ён варты таго, каб яго ведалі і ім карысталіся на практыцы.
6. Запрасіць на пасяджэнне дзяржаўных органаў улады, якія будуць разглядаць прапанаваны праект змен і дапаўненняў, старшыню Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі. Практыка паказвае, што часам прапановы, якія грамадскасцю прымаюцца адзінагалосна, у вышэйшых органах улады да ўвагі не прымаюцца. Таму патрэбен той, хто данясе важную і абгрунтаваную думку.
Праект зменаў у закон «Аб геаграфічных найменнях», якія распрацавалі спецыялісты Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, ужо ўхвалены большасцю інстанцый. Таму пасяджэнне Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі крыху спазнілася, яно мела б нашмат большую карысць некалькі месяцаў таму. Рэзалюцыя будзе накіравана ў адказныя за прыняцце закона ўстановы, але хутчэй за ўсё як інфармацыйны ліст: «Адбылося такое-та пасяджэнне, дзе вырашана...» Аднак пакуль змены ў закон яшчэ не прыняты, справу нельга лічыць завершанай.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.