Пажар — гэта заўсёды гора, а калі падчас яго гінуць дзеці — гэта ўжо страшная трагедыя. На Магілёўшчыне падтрымалі сумесны выхаваўчы праект «МНС і «Белая Русь» за бяспечнае дзяцінства», накіраваны на тое, каб папярэдзіць такія выпадкі. Разам з прадстаўнікамі абласнога ўпраўлення МНС і грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Беларусбанка карэспандэнтка «Звязды» пабывала ў дзіцячых садках і дамах сямейнага тыпу Шклоўскага і Круглянскага раёнаў.
Калі ў доме жыве шмат дзяцей, верагоднасці, што туды можа зазірнуць «чырвоны певень», зразумела, больш. У сям'і Наталлі і Аляксандра Канаваленак са шклоў-
скага аграгарадка Гарадзец 11 дзяцей. Самаму маленькаму — 3 годзікі. Цікава, што малыя адразу пазналі тых, хто да іх прыйшоў. «Мы тут пастаянныя госці», — усміхаецца намеснік дырэктара ЦБУ № 726 Беларусбанка і кіраўнік пярвічкі «Белай Русі» Аляксандр Ільюшэнка, якога хлопчыкі і дзяўчынкі мігам вызначылі, як «чалавека года» (гэтую прэмію ён атрымаў сёлета за плённую працу). Калі 4 гады таму сям'я ладзіла наваселле, на яго завітала старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова.
У вялікім доме чыста і ўтульна. І гэта нягледзячы на тое, што толькі для аднаго абутку ў пярэднім пакоі адведзена цэлая шафа, а для вопраткі — вешалка-турнік, як у школе. Адразу відаць, што дзеці прывучаны да парадку. Напэўна, таму для іх нават самыя каверзныя пытанні інспектараў Магілёўскага ўпраўлення МНС Мікалая Радзюкова і Аляксандры Пруднікавай не здаліся цяжкімі. Але свой адрас і хатні тэлефон трэба ведаць больш дасканала, перасцераглі выратавальнікі. Каб замацаваць веды, дзеці атрымалі ад супрацоўнікаў МНС размалёўкі і налепкі на тэму бяспекі. А Аляксандр Ільюшэнка парадаваў дзяцей вялікай пажарнай машынай і канструктарам. І вельмі карыснымі для такога вялікага дома аказаліся вогнетушыцелі.
Такія ж падарункі атрымалі і выхаванцы яшчэ аднаго дзіцячага дома Шклоўскага раёна — Антаніны і Аляксандра Саўчанак з вёскі Вялікія Славені. Дарэчы, гэты дом адзін з першых у рэспубліцы быў пабудаваны па лініі Беларусбанка. Антаніна і Аляксандр ужо аказалі сваю падтрымку 12 дзецям, сёння ў іх на выхаванні знаходзіцца 7 дзяцей ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў. Адчувалася, што размовы пра надзвычайныя сітуацыі ў сям'і вядуцца пастаянна.
Карыснымі аказаліся ўрокі бяспекі і для выхаванцаў дзіцячых садкоў са шклоўскага аграгарадка Гарадзец і круглянскага Цяцерын. Здзівіла, што нават маленькія дзеці дэманстравалі веды не па гадах. А з якім азартам яны апраналіся ў «баёўку» супрацоўніка МНС, імкнучыся ўкласціся ў неабходныя 15 секундаў. Усе амаль па-сапраўднаму хваляваліся: паспеюць ці не? На службе і секунда можа вырашыць справу.
— Мы заўсёды гатовы падтрымаць такія карысныя акцыі, — запэўніла намесніца дырэктара ЦБУ № 715 Беларусбанка і кіраўніца пярвічкі грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Алена Барташ. — Дзеці — наша будучыня, а яе мы павінны берагчы.
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.