Ліван і Калумбія, Іран і Кітай, Ізраіль і Дамініканская рэспубліка, Перу і Палесціна, Польшча і Сірыя, Чэхія і Шры Ланка, Кіпр і Непал, Іспанія і Султанат Аман... Геаграфія краін, дзе жывуць і працуюць выпускнікі беларускіх ВНУ, надзвычай шырокая. Усе яны шчыра лічаць сябе сябрамі Беларусі. Таму, нягледзячы на сваю занятасць, як толькі гучыць запрашэнне прыехаць у краіну, з якой звязаны найлепшыя ўспаміны маладосці, яны тут жа кідаюць справы і садзяцца ў цягнік або на самалёт. Вось і нядаўна ў БНТУ на пашыранае пасяджэнне савета Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ сабраліся прадстаўнікі трох дзясяткаў краін свету. У Мінск яны прыехалі, каб абмеркаваць шэраг самых розных пытанняў: ад вырашэння жыллёва-бытавых праблем замежных студэнтаў, спрашчэння візавага рэжыму, арганізацыі дыстанцыйнага навучання і магчымасцяў для павышэння кваліфікацыі да адкрыцця філіялаў беларускіх універсітэтаў у іншых краінах і правядзення ў Мінску восенню міжнароднай канферэнцыі замежных выпускнікоў беларускіх ВНУ.
Не сакрэт, што сёння вострую канкурэнтную барацьбу за прыцягненне да сябе на вучобу замежных студэнтаў вядуць усе развітыя краіны свету. У краінах, якія робяць стаўку на экспарт адукацыйных паслуг, доля замежных студэнтаў вагаецца ад 3 да 8 працэнтаў. Беларусь таксама імкнецца не адставаць: так, сёлета ў беларускіх установах адукацыі навучаюцца ўжо больш як 16 тысяч замежных грамадзян з 98 краін свету. І ставіцца мэта да 2016 года павялічыць іх колькасць да 25 тысяч чалавек. Акрамя таго, стаіць задача павялічыць прыток замежных інвестыцый у эканоміку нашай краіны.
— Інвестыцыі патрабуюцца сёння ўсім краінам, прычым інвестыцыі не толькі фінансавыя, — падкрэсліваестаршыня Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ, колішні выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута (сёння гэта БНТУ), ганаровы консул Непала Махата УПЕНДРА.
— Я маю на ўвазе і інвестыцыі ў культуру, і сяброўскія інвестыцыі. У беларусаў ва ўсіх краінах свету ёсць сябры, на якіх яны могуць абапірацца. Хоць мы і не маем беларускіх пашпартоў, але лічым сябе прадстаўнікамі Беларусі.
Менавіта ў БНТУ ў 2007 годзе была створана асацыяцыя замежных выпускнікоў універсітэта, а потым на яе базе — Міжнародная асацыяцыя выпускнікоў беларускіх ВНУ. Дзякуючы намаганням гэтай арганізацыі створаны банк даных замежных выпускнікоў, з многімі з іх наладжаны кантакты. Між іншым, больш чым за паўстагоддзе — а менавіта столькі часу ў Беларусі вядзецца падрыхтоўка студэнтаў-замежнікаў — праз беларускія ВНУ прайшлі прадстаўнікі больш як 110 краін свету. Многія з іх беражліва захоўваюць свае ўспаміны пра нашу краіну, шчыра перажываюць за ўсё, што адбываецца на постсавецкай прасторы, радуюцца нашым поспехам і прызнаюцца, што Беларусь засталася для іх такой жа блізкай, як і ў студэнцкія гады...
Замежныя выпускнікі беларускіх ВНУ працуюць ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі сваіх краін, адыгрываюць заўважную ролю ў сістэме адукацыі, навукі, культуры, палітыцы і бізнесе, займаюць важныя пасады ў дзяржаўным апараце.
— Кожны глядзіць на свет праз сваю прызму. Калі я навучаўся ў школе, нам казалі, што вырашальным фактарам у перамозе саюзнікаў у Другой сусветнай вайне стала высадка саюзніцкіх войскаў у Нармандыі. Але калі прыехаў вучыцца ў Беларусь, даведаўся пра Сталінград, — расказаў намеснік старшыні Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ Хасан ХАМУДА. — Усе мы добра бачым, што адбываецца ў свеце, як распаляецца варожасць паміж людзьмі і народамі. Каб не дапусціць гэтага, трэба пазнаваць адзін аднаго, трэба цікавіцца культурай, гісторыяй і традыцыямі іншых народаў. Лічу, што найлепшы маркетынг краіны — гэта маркетынг праз культуру і адукацыю.
Мэта Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў — аднаўленне і падтрыманне пастаянных кантактаў з выхаванцамі беларускай вышэйшай школы, развіццё пры іх садзейнічанні міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры, навукі і адукацыі, спрыянне экспарту адукацыйных паслуг і прыцягненне інвестыцый у Беларусь. Сёння банк звестак міжнароднай асацыяцыі змяшчае інфармацыю пра 6 тысяч замежных выпускнікоў з больш чым 100 краін. Створаны сайт www.belmav.com, на якім замежныя выпускнікі могуць зарэгістравацца і атрымаць кансультацыю ў вырашэнні пытанняў, звязаных з навучаннем і знаходжаннем у Беларусі.
Пры актыўным садзейнічанні выпускнікоў беларускіх ВНУ былі адкрыты філіялы Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў у Непале, Ліване, Нігерыі, Марока, Кыргызстане, створаны Цэнтры беларускай культуры ў Кыргызстане, Казахстане і Нігерыі. На базе БНТУ быў створаны В'етнамскі і Палесцінскі культурныя цэнтры, а ў хуткім часе будуць адкрыты Кыргызскі і Нігерыйскі культурныя цэнтры. У Нігерыі, Марока і Кыргызстане прайшлі рэгіянальныя форумы выпускнікоў беларускіх ВНУ.
Некаторыя члены асацыяцыі ўваходзяць у арганізацыі, якія непасрэдна ажыццяўляюць суправаджэнне студэнтаў з іх дзяржаў на навучанне ў Беларусь. Па словах намесніка міністра адукацыі Віктара Якжыка, у гэтым навучальным годзе сама меней 500 замежных грамадзян прыехалі вучыцца ў Беларусь дзякуючы намаганням членаў асацыяцыі. Гэтыя людзі на ўласным вопыце ведаюць аб усіх перавагах атрымання адукацыі ў нашай краіне і актыўна прапагандуюць у сябе на радзіме беларускую вышэйшую школу. Многія адпраўляюць у Беларусь вучыцца сваіх дзяцей.
Апошняя сустрэча ў БНТУ стала добрай магчымасцю для абмену вопытам работы і чарговым імпульсам для актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Праўда, на сустрэчы ішла размова і аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца патэнцыяльным студэнтам, паколькі далёка не заўсёды ў рэалізацыі экспартнай палітыкі супадаюць інтарэсы ўсіх ведамстваў. Замежнікі скардзіліся на тое, што нярэдка шэнгенскую візу атрымаць лягчэй, чым беларускую. Прадстаўнікі органаў Міністэрства ўнутраных спраў і пагранічных службаў з падазрэннем ставяцца да абітурыентаў з краін з так званай «павышанай міграцыйнай актыўнасцю»: ва ўмоўным «чорным спісе» знаходзіцца цэлы шэраг краін Азіі і Афрыкі.
Замежныя грамадзяне прыязджаюць у Беларусь па запрашэннях ад устаноў адукацыі. Вось толькі на практыцы наяўнасць запрашэння зусім не гарантуе яе ўладальніку магчымасць застацца для навучання ў Беларусі... Тэрытарыяльныя падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі могуць адмовіць замежным грамадзянам ва ўездзе для навучання ў Беларусь. Прычым робяць гэта непасрэдна ў Нацыянальным аэрапорце, калі грошы на далёкую вандроўку ўжо выдаткаваны. Таму замежнікі просяць паведамляць пасярэдніцкім фірмам і рэкрутынгавым агенцтвам аб тым, што ўезд таго ці іншага грамадзяніна ў Беларусь непажаданы, загадзя, каб папярэдзіць прыкрыя сітуацыі з дэпартацыяй.
Праўда, прадстаўнікі міграцыйнай службы Міністэрства ўнутраных спраў не зусім згодныя з такой пастаноўкай пытання.
— Мы заўсёды гатовыя да дыялогу. Я за нашу адкрытасць, за канструктыўнае супрацоўніцтва, за тое, каб мы бачылі партнёраў адзін у адным, — падкрэсліў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей БЯГУН.
Між іншым, зараз ствараецца рэспубліканская база даных аб пасярэдніцкіх фірмах і рэкрутынгавых агенцтвах, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі, якія маюць добрую рэпутацыю. Усе спадзяюцца, што нарэшце будзе прынята дакладная і празрыстая сістэма правілаў, зразумелых для ўсіх: і для арганізацый-пасярэднікаў, і для ўстаноў вышэйшай адукацыі, і для супрацоўнікаў праваахоўнай сферы. Патрэбен абсалютна празрысты механізм узгаднення запрашэнняў.
Восенню на міжнародную канферэнцыю замежных выпускнікоў беларускіх ВНУ павінны прыехаць самыя паспяховыя і ўплывовыя ў сваіх краінах людзі. У Беларусі яны змогуць не толькі наведаць родныя ўніверсітэты, сустрэцца з былымі выкладчыкамі і аднакурснікамі, але і абмеркаваць рэальныя праекты супрацоўніцтва. На сустрэчы ў БНТУ быў дадзены старт падрыхтоўцы да згаданай канферэнцыі.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Даведка «Звязды»:
Сёння найбольшай папулярнасцю ў замежных грамадзян карыстаюцца Белдзяржуніверсітэт, БДУІР, БНТУ, БДЭУ, лінгвістычны і медыцынскі ўніверсітэты. Найбольшая колькасць іншаземцаў аддае перавагу вывучэнню эканомікі, менеджменту, правазнаўства, міжнароднага права, рускай мовы і літаратуры, медыцыны і геалогіі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.