«Бульба-цыбуля, бульба-цыбуля — бацька, матуля, бацька-матуля...», напісаў аднойчы паэт, каб перадаць свае ўражанні, звязаныя з наведваннем бацькоўскага дома. Так і на рынак мы, гараджане, нярэдка ідзём, каб знайсці нешта, што хоць аддалена нагадае колішнія самыя смачныя ў свеце вясковыя сняданкі.
Усе гандляры на мясных радах Брэсцкага цэнтральнага рынку дружна запэўніваюць, што іх прадукцыя свойская, некаторыя ўпэўнена называюць населеныя пункты, дзе гэта свініна або ялавічына гадавалася. Але знаўцы даўно мне падказалі, што тыя, хто займаецца гадоўляй свіней на продаж, кормяць жывёлу па рацыёне, набліжаным да схемы комплексу. Хаця ёсць, вядома, і вяскоўцы, што вырасцілі на падворку аднаго-двух кабанчыкаў на продаж. Так што тут не ўгадаеш: як пашанцуе.
Даўнавата не была на цэнтральным рынку і заўважыла, што пачалі прадаваць шмат хатніх паўфабрыкатаў: каўбасы, «пальцам пханыя», рулеты для запякання, а таксама ўжо запечаныя, гатовы фарш. Некаторыя гандляры, падобна, на гэтым спецыялізуюцца. Цэны, вядома, вышэйшыя, чым на сырую прадукцыю. Але для лянівых (чытай, сучасных) гаспадынь самае тое.
Цэны на Брэсцкім цэнтральным рынку
Сыр цвёрды — 75-100 тысяч
Бульба — 7 тысяч
Цыбуля — 8 тысяч
Морква — 5-7 тысяч
Яблыкі — 8-12 тысяч
Бананы — 14-18 тысяч
Ялавічына — 70-80 тысяч
Цяляціна — 80-120 тысяч,
Свініна — 60-70 тысяч
Сала салёнае — 45-55 тысяч
Курыца (тушка) — 23-27 тысяч Карп свежы — 23-30 тысяч
Таўсталобік свежы — 21-25 тысяч
Скумбрыя замарожаная — 44 тысячы
Пахадзіўшы па цэнтральным рынку, прыходжу да высновы, што выбар тут большы і цэны крыху ніжэйшыя, чым на нашым рынку мікрараёна Кавалёва, дзе я звычайна раблю пакупкі. Побач з домам атаварвацца зручна, а за зручнасць, відавочна, трэба плаціць. Калі ж нехта аддае перавагу свойскаму мясу, то варта шукаць вясковага гаспадара. Мінулай восенню я купіла палову тушы невялікай свінні ў вёсцы, дзе знаходзіцца мой дачны домік. У пераразліку на рыначныя цэны, можа, і атрымаецца на якую тысячу даражэй за кожны кілаграм, затое я дакладна ведаю, што гаспадыня Настасся Уладзіміраўна не выкарыстоўвае ні антыбіётыкаў, ні гарманальных дабавак.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».