Падзеі ва Украіне сталі сюрпрызам для многіх. Але калі паглядзець на публікацыю амерыканскага палітолага Джорджа Фрыдмана ад 11 лютага на сайце Stratfor, амерыканскай прыватнай разведвальна-аналітычнай кампаніі, якая выйшла пад красамоўнай назвай «Новыя вектары знешняй палітыкі ЗША ў кірунку да Расіі», тое, што адбылося ў далейшым, ужо цяжка назваць непрадбачаным або празмерна дзіўным.
Джордж Фрыдман адзначае, што на працягу некалькіх апошніх гадоў знешняя палітыка ЗША стала перажываць трансфармацыю. Раней яна была засяроджана ў асноўным на ісламскім свеце і, што больш важна, як правіла, прадугледжвала выкарыстанне сілы ў якасці ранняга варыянта, а не ў якасці апошняга аргумента. Але ваенная сіла мае істотныя абмежаванні. Таму адбыўся пераход да новай стратэгіі, пры якой ЗША выкарыстоўвае натуральныя расколы і супярэчнасці, што існуюць у кожным рэгіёне, каб блакіраваць з'яўленне рэгіянальных гегемонаў і груп, якія могуць пагражаць інтарэсам ЗША.
Лепшым прыкладам ранейшай палітыкі з'яўляецца Лівія, дзе Злучаныя Штаты непасрэдна ўмяшаліся пры дапамозе ваенна-паветраных сіл і сіл спецыяльных аперацый, каб звергнуць Муамара Кадафі. Спроба замяніць яго рэжымам, спрыяльным для Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў, так і не ўдалася. Новую стратэгію можна ўбачыць у Сірыі, дзе замест прамога ўмяшання ЗША здалі назад і дазволілі варожым групоўкам расходаваць сваю энергію адна на адну, прадухіляючы любы бок ад адцягнення рэсурсаў на дзейнасць, якая можа кінуць выклік інтарэсам ЗША.
Амерыканскі палітолаг адзначае, што Расія стала праблемай для Злучаных Штатаў пасля аранжавай рэвалюцыі ў 2004 годзе, калі ЗША, падтрымліваючы антырасійскія групоўкі ва Украіне, удалося прывесці да ўлады антырасійскі ўрад. Расіяне расцанілі гэта як аперацыю амерыканскай разведкі, накіраваную на стварэнне антырасійскай Украіны, што напрамую аспрэчвае расійскія стратэгічныя і эканамічныя інтарэсы. Больш за тое, Масква ўбачыла аранжавую рэвалюцыю (нараўне з рэвалюцыяй руж) у якасці генеральнай рэпетыцыі таго, што можа адбыцца ў Расіі ў далейшым.
Адказам Расіі стала выкарыстанне сваіх уласных магчымасцяў у «паддывановай» гульні, у спалучэнні з эканамічным ціскам праз выкарыстанне прыроднага газу. Гэтыя крокі (а таксама расчараванне ў заходняй дапамозе) дазволілі больш прарасійскаму ўраду з'явіцца ў Кіеве, што знізіла апасенні расіян і павысіла іх упэўненасць у сабе. Гэта таксама дазволіла Маскве стаць больш эфектыўнай і пачаць удзельнічаць у геапалітычнай гульні на Блізкім Усходзе.
На думку Фрыдмана, рашэнне Злучаных Штатаў пайсці па тым жа шляху ва Украіне, як было і з аранжавай рэвалюцыяй 2004 года, звязана з няўпэўненасцю ЗША ў тым, што ЕС зможа блакіраваць Расію самастойна. Той тып інтэрвенцыі, што сталі выкарыстоўваць ЗША, нацэлены на мінімальныя выдаткі пры спробе змены рэжыму ва Украіне. ЗША аказвалі фінансавую і псіхалагічную падтрымку дэманстрантам, якія пратэставалі супраць рашэння ўкраінскага прэзідэнта аб адмове ад больш цесных адносін з Еўропай, і абураліся спробам урада падавіць дэманстрацыі.
Выкарыстанне дэманстрантаў супраць Януковіча мела дзве мэты. Першая — стварыць рэальны стратэгічны выклік для Расіі і прымусіць яе сысці ў глухую абарону. Па-другое, нагадаць Расіі, што ў Вашынгтона ёсць магчымасці і рэсурсы, праз наяўнасць якіх кідаць выклік ЗША цяжка. Дадатковым выйгрышам было ўздзеянне на цэнтральнаеўрапейскія дзяржавы, ад Польшчы да Румыніі, ствараючы ўражанне вяртання ЗША ў рэгіён як альтэрнатывы Германіі і Расіі.
На думку Фрыдмана, новая стратэгія ЗША ва Украіне з'яўляецца бліскучым ходам. Ён адзначае, што нават пройгрыш у прыходзе да ўлады ва Украіне празаходняга ўрада таксама будзе мець плюсы. У любым выпадку гэта будзе напамінкам Расіі, што ЗША зноў у гульні на постсавецкай прасторы і Расіі трэба думаць, дзе ЗША нанясуць наступны ўдар на яе перыферыі. Таксама гэта створыць непаразуменні паміж цэнтральнаеўрапейскімі краінамі і Германіяй, што таксама на руку ЗША.
Як нам вядома цяпер, праз месяц пасля апублікавання артыкула Фрыдмана новая стратэгія ЗША не дала асечкі. Ва Украіне прыйшоў да ўлады празаходні ўрад. Але Расія адмовілася дзейнічаць так пасіўна, як гэта было пасля аранжавай рэвалюцыі 2004 года. І «бліскучы ход ЗША» ў чарговы раз стварыў нашмат больш праблем, чым пазітыву і для саміх амерыканцаў, і для сусветнай супольнасці.
Зрэшты, а хіба было інакш з уварваннем у Ірак у 2003 годзе або падтрымкай «арабскай вясны»? Вынікам гэтых неабдуманых крокаў ЗША стаў такі віток нестабільнасці ў свеце, што амерыканскія стратэгі ўжо і не ведаюць, як расхлёбваць завараную там кашу. І лепш бы яны ламалі галаву над гэтым, чым неабдумана апрабоўвалі нешта новае ў цэнтры Еўропы.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.