Бронзавы медаль стаў сапраўдным падарункам да 8 Сакавіка для жонкі і дачкі магілёўскага біятланіста Васіля Шапцябоя.
— Як мы хваляваліся, цяжка перадаць словамі, — падзялілася жонка спартсмена Юлія, якая назірала за спаборніцтвамі дома каля тэлевізара разам з дачкой Алісай. — Мы жывём на 9 паверсе, але, калі стала вядома, што Васіль узяў «бронзу», нашы шчаслівыя крыкі былі чутны, напэўна, на 1-м паверсе. Праз нейкі час мы звязаліся з ім па скайпе і ён нам прадэманстраваў гэтую шчаслівую ўзнагароду. Васіль абяцаў зрабіць нам царскі падарунак і стрымаў абяцанне.
Наступныя гонкі біятланістаў на 12,5 кіламетра адбудуцца 11 сакавіка, і Юлія мае намер нават адпрасіцца з работы, каб сваімі вачыма назіраць за спаборніцтвамі і ў думках дапамагаць мужу.
Як адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, на Васіля Шапцябоя ўскладаліся вялікія надзеі і ён іх апраўдаў. Дарэчы, на папярэдніх X зімовых Паралімпійскіх гульнях у Ванкуверы ён стаў двухразовым бронзавым прызёрам. Можна лічыць, што цяперашняя «бронза» спартсмена — таксама заслуга і яго лідара на мінулай Паралімпіядзе, а сёння трэнера Мікалая Шаблоўскага.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.