«Погляды маладых навукоўцаў на сваю кар'еру і прафесійны рост істотна адрозніваюцца ад уяўленняў, уласцівых старэйшаму пакаленню», — такую думку агучыў старшыня Савета маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй ІВАНЕЦ падчас інтэрнэт-відэабрыфінгу на партале Саюзнай дзяржавы.
— Без рэальнага бачання таго, што адбываецца ў свеце, развівацца дастаткова складана. Таму для таго, каб вынікі работы адпавядалі чаканням моладзі, трэба максімальна выкарыстоўваць магчымасці, якія прадастаўляюцца еўрапейскай і ўвогуле сусветнай навуковай супольнасцю, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — У першую чаргу, трэба максімальна актыўна выкарыстоўваць гранты і праграмы, якія рэалізуе Еўрасаюз.
Маладым вучоным трэба выязджаць за мяжу і ўдзельнічаць у розных міжнародных праектах, прэзентаваць вынікі сваёй навуковай дзейнасці на міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах. Тым больш што пры правядзенні такіх мерапрыемстваў практычна заўсёды ствараецца фонд, скіраваны на фінансавую падтрымку маладых навукоўцаў, якія прадстаўляюць на канферэнцыі найбольш цікавыя вынікі.
Старшыня Савета маладых навукоўцаў паведаміў, што ўжо стартавала VІІІ рамачная праграма навукова-тэхналагічнага развіцця ЕС «Гарызонт—2020», якая прадугледжвае магчымасць выезду беларускіх навукоўцаў на міжнародныя стажыроўкі і работу ў інтэрнацыянальных навуковых калектывах практычна па ўсіх навуковых кірунках. Праграма скіравана, у першую чаргу, на магчымасць прафесійнага росту маладых вучоных і іх уваходжанне ў інтэрнацыянальную навуковую супольнасць. Гэта цудоўны інструмент для рэалізацыі навуковых ідэй.
Адказваючы на пытанне, ад чаго залежыць паспяховая будучыня беларускай навукі, Андрэй Іванец падкрэсліў, што без пільнай увагі да падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, нават пры ўмове вялікіх фінансавых укладанняў у навуку, навуковаму сектару складана будзе развівацца. Таму трэба наноў перагледзець ланцужок «школа—універсітэт—магістратура—аспірантура» для таго, каб забяспечыць прыток у навуку людзей, якія мэтанакіравана рыхтаваліся да далейшай навуковай дзейнасці.
Разам з тым, калі раней можна было зрабіць адкрыццё без задзейнічання новага сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання, умоўна кажучы, адкрыць закон сусветнага прыцягнення, седзячы пад дрэвам, то цяпер зрабіць грандыёзнае адкрыццё без спецыялізаванага абсталявання немагчыма.
— Я мяркую, што трэба зрабіць наступнае. Па-першае, зразумець, у якіх кірунках трэба развівацца беларускай навуцы, вызначыць і расставіць прыярытэты, паколькі ахапіць абсалютна ўсе кірункі ў нашай адносна невялікай краіне праблематычна, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Андрэй Іванец. — Па-другое, мы павінны надаць асаблівую ўвагу сістэмнай падрыхтоўцы навуковых кадраў. і па-трэцяе, каб увасобіць нашы ідэі, задумы і ініцыятывы ў жыццё, патрабуецца фінансавая дапамога...
Надзея НІКАЛАЕВА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».