У адзінай у краіне ВНУ харчавання рыхтуюць не толькі спецыялістаў, але і патрыётаў
Не раз прыходзілася чуць, як замежныя госці нахвальвалі беларускія прадукты. І «малочка» смачная, і «кандытарка» — вышэйшы клас, і мясныя вырабы «самае тое».Чаго ўтойваць: здабыткі айчынных вытворцаў харчовай прамысловасці нярэдка адзначаюцца на сусветных выставах. І тут супрацоўнікам Магілёўскага ўніверсітэта харчавання, адзінай у краіне ВНУ, якая спецыялізуецца выключна на падрыхтоўцы кадраў для харчовай галіны, ёсць чым ганарыцца. Цэлы шэраг іх распрацовак не толькі адзначаны ўзнагародамі, але ўкаранёны ў вытворчасць і карыстаюцца поспехам у спажыўцоў. Сёння на прылаўках крам прадаецца некалькі дзясяткаў розных найменняў сыроў, сокаў, він, кансерваў з гародніны і садавіны, зробленых па рэцэптурах навукоўцаў. Нават ікры, якую герой камедыі Леаніда Гайдая «Іван Васільевіч мяняе прафесію» называў «заморскай», некалькі найменняў. Не выключана, што ў хуткім часе на стале спажыўца з'явіцца новая распрацоўка ўніверсітэта — кансервы... для пажылых. Аб тым, чым сёння жыве самая «смачная» ВНУ краіны, гаворка з яе рэктарам, доктарам навук, прафесарам Вячаславам Шаршуновым.
— Пачну з невялікага ўдакладнення: мы доўгія гады былі адзінай ВНУ, якая кавала кадры для харчовай прамысловасці, і толькі ў апошнія 5 гадоў спецыялістаў па асобных кірунках пачалі рыхтаваць і ў іншых ВНУ — Гродна, Брэста і Мінска. Але наогул увесь спектр спецыяльнасцяў, якія ахопліваюць харчовую прамысловасць, прадстаўлены толькі ў нашым універсітэце.
У моладзі асабліва карыстаюцца поспехам такія спецыяльнасці, як тэхналогія перапрацоўкі малака, мяса, а таксама прадуктаў з іх, хлебапячэння, кандытарскіх, крупяных, макаронных вырабаў і харчовых канцэнтратаў, тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання. На іх падчас уступнай кампаніі прэтэндуюць да 3 чалавек на месца. Нават летась, калі былі павышаны «мінімальныя» прахадныя балы, кандыдатаў хапала.
— Наколькі запатрабаваны вашы спецыялісты?
— У нас стапрацэнтнае размеркаванне. Летась мы працаўладкавалі больш чым 300 чалавек. Знайшлі працу і для 56 платнікаў, якія звярнуліся да нас з прапановай пасадзейнічаць. Сёння цяжка «ідзе» спецыяльнасць «Тэхналогія хімічных валокнаў». Гэтаму «садзейнічае» тое, што цяпер наш магілёўскі хімічны гігант перажывае не лепшыя часы. Але гэта вельмі перспектыўная спецыяльнасць. На ААТ «Магілёўхімвалакно» ў нас два філіялы, дзе трэцякурснікі праходзяць практыку і займаюцца лабараторнымі работамі. Цяпер на гэтым прадпрыемстве разглядаецца цікавы праект, які фінансуюць кітайскія інвестары. Спадзяёмся, што становішча там у хуткім часе палепшыцца.
— А не прыходзіцца чуць ад працадаўцаў, што маладых спецыялістаў пасля ВНУ трэба перавучваць? Маўляў, адна справа — тэорыя, і іншая — практыка.
— Мы маем 18 філіялаў на вытворчасцях, каб, пачынаючы з 3 курса, лабараторныя заняткі для студэнтаў праходзілі непасрэдна на прадпрыемствах. І калі на ААТ «Магілёўхімвалакно» філіялы былі і раней, то астатнія з'явіліся ў апошнія 10 гадоў. Яны ёсць у Быхаве на кансервава-агароднінасушыльным заводзе, у холдынгу «Бабулін гладыш» (наша кафедра тэхналогіі малака і малочных прадуктаў каля 20 гадоў працуе з гэтым прадпрыемствам, у нас шмат агульных распрацовак), на фабрыцы марозіва. Рыхтуем спецыялістаў для кампаніі «Савушкаў прадукт». Нашы кандытары запатрабаваны на прадпрыемствах «Слодыч», «Камунарка», «Спартак»...
— Вы кіруеце ўстановай ужо больш за 10 гадоў. Што за гэты час змянілася?
— Павялічылася колькасць спецыяльнасцяў і спецыялізацый. Цяпер іх 12 і 25, адпаведна. Сёлета будзе весціся набор па новай (дарэчы, вельмі запатрабаванай сёння) спецыяльнасці «Прыродаахоўная дзейнасць». Гэтыя спецыялісты будуць забяспечваць кантроль за экалогіяй на тэрыторыі прадпрыемстваў. Яшчэ адна спецыялізацыя — «Інфармацыйныя тэхналогіі» — з'явіцца крыху пазней.
— Змяняюцца тэхналогіі, мадэрнізуецца вытворчасць. Як паспяваеце за прагрэсам? Што робіце для таго, каб тыя веды, якія атрымлівае студэнт, адпавядалі сучаснаму ўзроўню?
— На сёння ВНУ скончылі каля 27 тысяч чалавек. Каля 60% інжынерна-тэхнічнага персаналу ў харчовай прамысловасці, 80% галоўных тэхнолагаў на прадпрыемствах па перапрацоўцы малака, мяса, сокаў — гэта нашы выпускнікі. Падтрымліваем стасункі з навукова-практычным цэнтрам у Мінску, Белхарчпрамам. Нашы былыя студэнты працуюць у розных міністэрствах, ВНУ.
Навучальны працэс вядзецца з улікам апошніх новаўвядзенняў, якія дыктуе час. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы і калі не будзем на іх рэагаваць, то застанемся незапатрабаванымі. Сёння ўсюды жорсткая канкурэнцыя. Універсітэт заключыў 45 дагавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі ВНУ і арганізацыямі з Балгарыі, Італіі, Германіі, Казахстана, Кітая, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны. Не так даўно дэлегацыя нашых навукоўцаў і студэнтаў выехала на стажыроўку ў Польшчу. Цесныя сувязі ў нас з Плоўдзіўскім універсітэтам харчовых тэхналогій у Балгарыі, перыядычна выязджаем у Германію, Італію. Падчас канікул нашы студэнты з кафедры тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання праходзілі практыку ў Расіі, працавалі кухарамі і афіцыянтамі на комплексе па турыстычных паслугах у Падмаскоўі. Дарэчы, узначальвае яго наш выпускнік, які родам з Бабруйска.
— Якія вашы распрацоўкі ўкараняюцца на прадпрыемствах? Наогул, што можна сказаць пра вынікі навуковых даследаванняў?
— На кафедрах універсітэта працуе 312 выкладчыкаў, у тым ліку 2 члены-карэспандэнты НАН Беларусі, 11 дактароў і 112 кандыдатаў навук. Ва ўніверсітэце сфарміраваліся 9 навуковых школ.
Распрацоўкі нашых навукоўцаў неаднаразова адзначаліся медалямі, дыпломамі і граматамі на міжнародных прамысловых кірмашах у Германіі, Кітаі, Азербайджане, Польшчы, Расіі, Літве, Сербіі, ва Украіне, іншых краінах. Цяпер па нашых тэхналогіях на Магілёўскай малочнай кампаніі «Бабулін гладыш» вырабляюць брынзу, плаўлены сыр «Фермер», мяккія сыры «Магілёўскі» і «Майскі», сырную масу «Хутаранка» і шмат чаго іншага. На Быхаўскім кансервава-агароднінасушыльным заводзе ўкаранёны новыя віды кансерваў з гарбуза, морсы з садавіны, розныя нектары з мякаццю. Дарэчы, морс з чарнаплоднай рабіны прайшоў клінічныя выпрабаванні, у выніку якіх была даказана эфектыўнасць выкарыстання яго ў лячэнні артэрыяльнай гіпертэнзіі. Па нашых рэцэптурах прадпрыемства «Камака плюс» выпускае 4 віды маянэзаў і такую ж колькасць кетчупаў, 3 віды таматных соусаў з агульным эканамічным эфектам больш чым на 120 мільёнаў рублёў. Камбінаты хлебапрадуктаў асвоілі вытворчасць цэлага шэрагу новых відаў мучных паўфабрыкатаў, распрацаваных супрацоўнікамі ўніверсітэта.
— Як «упісваецца» ў гэтую работу грамадская дзейнасць і наколькі актыўна ў ёй удзельнічаюць студэнты?
— З 2007 года я ўзначальваю Магілёўскую арганізацыю рэспубліканскага аддзялення грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Мне імпануе тое, што гэтае аб'яднанне кансалідуе тых, хто спрабуе захаваць усе лепшыя набыткі нашага народа — і духоўныя, і ідэалагічныя. Вельмі прыемна, што ёсць моладзь, якая гэта падтрымлівае. Выдзяляем сродкі для ветэранаў, праводзім конкурсы, віншуем вучняў з Днём ведаў, аказваем дапамогу інвалідам і сіротам. Стала добрай традыцыяй уручаць ад «Белай Русі» падарункі для немаўлят, якія нарадзіліся ў Дзень Незалежнасці краіны.
— А што сёння прываблівае моладзь? Што можа стаць для яе арыенцірам?
— Трэба знайсці тую нацыянальную ідэю, якая будзе даспадобы кожнаму. Галоўныя прыярытэты — гэта наша гісторыка-культурная спадчына, народныя традыцыі. Прыстойнасць, працавітасць, павага да іншых нацый — такі вобраз сёння склаўся аб беларусах у свеце, і мы павінны яго захаваць. Гэта базавыя пастулаты, на якіх фарміруецца ідэалогія. Нельга казаць, што тут усё атрымліваецца. Нехта разглядае Захад выключна з прывабнага пункту погляду. Але там нічога проста так не робіцца. Калі я ў 1986 годзе быў у ЗША ў якасці стажора, звярнуў увагу на тое, што нават цемнаскуры дворнік, які падмятаў вуліцу, насвістваў гімн ЗША... А мы вельмі лёгка расстаёмся са сваімі здабыткамі. Але калі няма нейкага стрыжня, адбываецца тое, што цяпер ва Украіне.
Успамінаецца 1992 год, калі я быў рэктарам Горацкай сельгасакадэміі. Да нас прыехаў Станіслаў Шушкевіч, які на той час быў кіраўніком краіны. І калі я падчас свайго выступлення звярнуў увагу на тое, што трэба аднавіць у навучальных установах выхаваўчую працу, Шушкевіч мяне раскрытыкаваў. Але я ўсё роўна ў 1993 годзе аднавіў у акадэміі пасаду прарэктара па выхаваўчай рабоце. Праз некалькі гадоў гэтыя пасады з'явіліся і ў іншых ВНУ. Я лічу: тое, што сёння створана, дазваляе каардынаваць работу ў студэнцкіх калектывах. І праца з моладдзю не павінна абмяжоўвацца нейкімі пустымі абяцаннямі ці заклікамі. Трэба, каб яны адчувалі, што аб іх таксама клапоцяцца. Мы імкнёмся стварыць спрыяльныя ўмовы для вучобы студэнтаў — вось зрабілі рамонт асноўнага корпуса, сёлета абновім і другі. Калі чалавеку камфортна, ён не глядзіць у іншы бок. У ідэалогіі, як і ў жыцці, дробязяў не бывае...
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Даведка «Звязды»
Вячаслаў Шаршуноў — рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Аўтар 51 падручніка, навучальных і даведачных дапаможнікаў, кніг, а таксама 341 навуковай і навукова-метадычнай работы, 73 вынаходак. Пад яго навуковым кіраўніцтвам абаронены
1 доктарская і 14 кандыдацкіх дысертацый. Узнагароджаны ордэнам Пашаны, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і знакам Мінадукацыі РБ «Выдатнік адукацыі». Лаўрэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне». Рашэннем Магілёўскага аблвыканкама яго імя занесена ў «Кнігу славы Магілёўшчыны». Па выніках працы за 2010 год прызнаны лаўрэатам прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.