Небывалы рост колькасці і разнастайнасці новых псіхаактыўных рэчываў, рост злоўжывання імі — новая праблема Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Некаторыя звесткі ўказваюць на наяўнасць у Еўропе магутнасцяў па іх вырабе, паведамляецца ў дакладзе Міжнароднага камітэта па кантролі над наркотыкамі за мінулы год.
— Мы будзем шырока паведамляць пра кожны выпадак гібелі няпоўнагадовых праз перадазіроўку, — кажа начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Мікалай КАРПЯНКОЎ. — Выпадкі смерці ад наркотыкаў мы расцэньваем як тэракт супраць нашай моладзі.
Па ацэначных звестках, у краіне сёння каля 130-150 тысяч нарказалежных, з якіх каля 100 тысяч ужываюць опій, выраблены з насення маку. У апійнай наркаманіі свая спецыфіка. Ін'екцыйнае ўвядзенне наркотыку звязана з высокай рызыкай перадачы сацыяльна небяспечных інфекцый. Акрамя таго, яна звязана з арганізацыяй прытонаў, «варачных адрасоў», па якіх гатуюцца наркотыкі. А гэта выклікае незадаволенасць усіх, каму выпала суседнічаць з падобнымі кватэрамі. Актыўная работа праваахоўнікаў толькі ў апошнія некалькі месяцаў прывяла да таго, што колькасць тых, хто спажывае опій, пачала зніжацца. А разам з гэтым амаль сышлі на нуль скаргі насельніцтва на «варачныя адрасы». Цяпер ахоўнікі правапарадку актыўна процідзейнічаюць распаўсюджванню курыльных сумесяў.
— Мы ўжо сёння аператыўным шляхам забараняем новыя наркарэчывы, якія з'яўляюцца, — тлумачыць спадар Карпянкоў. — Аднак такая работа будзе ўзмоцнена. Гэтай вясной будзе створана антынаркатычная камісія з ліку спецыялістаў Дзяржкамітэта службовых экспертыз, міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя. Камісія на працягу сутак будзе прызнаваць новае рэчыва забароненым, зыходзячы з факта яго небяспекі для здароўя. Такія рэчывы будуць залічвацца да аналагаў. І ўжо на другі дзень за распаўсюджванне ўчора яшчэ незнаёмага рэчыва надыдзе крымінальная адказнасць. Падобны захад зробіць нявыгадным у нас наркагандаль.
Плануецца таксама ў найбліжэйшы час увесці больш жорсткую крымінальную адказнасць (зняволенне тэрмінам ад 8 да 12 гадоў) за незаконнае абарачэнне наркатычных рэчываў, кантрабанду, за іх выраб у лабараторных умовах, за збыт няпоўнагадовымі.
Маніторынг інтэрнэт-прасторы працягваецца, і гэта дазваляе вызначаць вялікіх, сістэмных нарказбытчыкаў. Шэраг арганізаваных груп ужо спынілі сваю дзейнасць.
Галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іван КАНАРАЗАЎ
нагадвае, што ў краіне цалкам даступная амбулаторная і стацыянарная дапамога — на агульных падставах і ананімная. Ананімная дапамога магчымая на любым этапе. На базе рэабілітацыйнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя рэабілітацыя прапануецца цягам 28 дзён. Акрамя таго, на платнай аснове рэабілітацыйныя паслугі прапануюць іншыя цэнтры, дзейнасць якіх грунтуецца на сваіх праграмах вяртання да «цвярозага» жыцця.
Да 80 працэнтаў нарказалежных, якія трапляюць на ўлік наркадыспансераў, — гэта тыя, пра якіх стала вядома дзякуючы інфармацыі ад работнікаў праваахоўных органаў. І толькі 20 працэнтаў звяртаюцца па дапамогу самі, што тлумачыцца як адмаўленнем захворвання, так і крымінальным падмуркам праблемы. У Беларусі дзейнічае 18 пунктаў замяшчальнай метадонавай тэрапіі, дзе праходзяць лячэнне каля 1100 пацыентаў.
Што да курыльных сумесяў, то іх ужыванне, як адзначае спадар Канаразаў, пагражае больш працяглым часам шпіталізацыі такіх хворых, значным зніжэннем якасці здароўя — як фізічнага, так і інтэлектуальнага, — а таксама непрадказальнымі фактамі гібелі ў выпадку перадазіроўкі.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.