Такі загаловак, напэўна, больш падышоў бы для новага блокбастара пра войны светаў ці нейкую катастрофу. Ці, у рэшце рэшт, для аповеда пра рэінкарнацыю (перасяленне душ). Хаця пачакайце. А гэта якраз і падыдзе. Бо я хачу вам расказаць пра рэінкарнацыю, толькі эканамічную. Так бы мовіць, перасяленне душы прадпрыемства з адной формы (вельмі неэфектыўнай, у шмат чым яшчэ савецкай, стэрэатыпаванай) у найбольш паспяховую, сучасную. Форму, калі прадпрыемства становіцца акцыянерным таварыствам і выходзіць на біржу для продажу сваіх каштоўных папер. Калі ніхто не скардзіцца на адсутнасць грошай, а проста ідзе і сам адбірае іх у рынку. Карацей, гутарка пойдзе пра ІРО (першасны публічны продаж акцый). Навошта гэта патрэбна? Якія перавагі і якую адказнасць прыносіць? Ці ўсіх чакаюць на рынку? Паглядзім, што пра гэта кажуць спецыялісты.
Пачаткоўцы
«Міжнародная фінансавая грамадскасць з вялікай цікаўнасцю назірае за развіццём фінансавага рынку Беларусі, — сцвярджае Галіна Блэст-Сакалоўская, прэзідэнт кампаніі «Уайд Брыдж». — Добра, што ў краіне збіраюцца разглядаць законапраект аб рынку каштоўных папер. Прыняцце такога дакумента паскорыць запуск мехамізму гандлю акцыямі беларускіх кампаній. Акрамя таго, для інвестараў будуць акрэслены выразныя правілы гульні. Хаця некаторыя добра працуюць і самі. Напрыклад «Мілавіца» выйшла на Варшаўскую біржу; Мінскі завод пеністых він, які выдатна правёў ІPO; ці «ЕРАМ», які паспяхова выйшаў з акцыямі на Нью-Ёркскую біржу». Пачаткоўцы, атрымліваецца, ёсць, аднак неабходна зрабіць падобны працэс пастаянным, натуральным для нашай эканомікі. Толькі ці проста гэта? «Прыцягненне акцыянернага капіталу — гэта актуальны, але вельмі няпросты працэс. Ён патрабуе сур'ёзнай падрыхтоўкі ў часе, у якасці. Гэта працэс, які звязаны з перабудовай традыцыйнага кіравання, уласцівага нам, — тлумачыць Уладзімір Улаховіч, намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. — З іншага боку, для нашай краіны гэта відавочны інструмент прыцягнення інвестыцый, павышэння прадукцыйнасці працы на нашых прадпрыемствах і мадэрнізацыі іх. Гэта таксама інструмент фарміравання ўнутранага, нацыянальнага фондавага рынку. І я думаю, што нашы буйныя прадпрыемствы якраз падышлі да той рысы, за якой яны здольныя стаць гульцамі на сусветным фондавым рынку, дзе яны змогуць прыцягваць грошы на аснове свайго брэнда, выкарыстання асабістай капіталізацыі».
Вы
прабаванне для ўсіх
Намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Голухаў падкрэслівае, што ў шэраг праграмных дакументаў закладзены тыя ці іншыя элементы развіцця фінансавага рынку, удасканалення карпаратыўнага кіравання. Акрамя таго, план сумесных дзеянняў урада і Нацбанка, які з'явіўся напрыканцы мінулага года, уключае і пункты па падрыхтоўцы некаторых акцыянерных таварыстваў для выхаду на замежны фондавы рынак праз ІРО. На сайце Дзяржмаёмасці размешчаны іх пералік, вызначаны папярэднія пляцоўкі для размяшчэння.
«Нас (прадстаўнікоў дзяржкіравання, дырэктара прадпрыемстваў, юрыдычную практыку) чакае суровы тэст на падрыхтаванасць. Мы яшчэ ўсіх праблем не ўяўляем, — просіць не забываць Дзмітрый Голухаў. — З пункту гледжання менеджменту дзяржпрадпрыемстваў, гэта яшчэ большае выпрабаванне. Бо падрыхтоўка да першаснага размяшчэння — гэта «ломка» перакананняў і прынцыпаў і перабудова кіравання ў цэлым. Трэба разумець, што патрабаванні да карпаратыўнага кіравання, раскрыцця інфармацыі, кіраўніцкай справаздачнасці будуць калі не супярэчыць, то вельмі сур'ёзна адрознівацца ад практыкі, у якой яны працавалі раней. Будзе змена ўяўленняў аб тым, як трэба працаваць, прымаць рашэнні, якія спецыялісты патрэбны. Нават разуменне такіх банальных рэчаў, як тое, што трэба плаціць, напрыклад, за кансультацыі юрыстаў». Прадстаўнік міністэрства таксама нагадаў тым, хто збіраецца выйсці на першаснае размяшчэнне акцый, наступнае: «Трэба мець на ўвазе, што на працягу двух гадоў будзе змяняцца заканадаўства ў сувязі са стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза».
Ад тэорыі
да практыкі
Шкада, што тут не адзін крок, як ад кахання да нянавісці. Тэорыю выхаду на ІРО ў нас разумеюць многія, але галоўнае пытанне — практычны вопыт. У сярэднім падрыхтоўка для выхаду займае ад 18 да 24 месяцаў. Не апошнюю ролю адыгрывае нават менталітэт. Што параяць тыя, хто гэтым займаецца на першы год?
Аліна Плая, кіраўнічы дырэктар кампаніі «Уайд Брыдж», якая некалькі гадоў працавала на Уол Стрыт (там знаходзіцца Нью-Ёркская фондавая біржа), кажа, што менавіта «ломка» старых стэрэатыпаў займае вялікую колькасць часу. «Так, як гулец рыхтуецца на гульні і павінен быць у пэўным стане духу, так і прадпрыемствы, якія выходзяць на ІРО, павінны знаходзіцца ў пэўным стане. Трэба дакладна ведаць, якія рашэнні прымае кампанія», — распавядае спецыяліст. Сярод непрыемных момантаў спадарыня Аліна агучвае тое, што шмат інфармацыі аб прадпрыемстве стане вядома канкурэнтам, трэба будзе прадастаўляць справаздачу рэгулятару. Іншымі словамі, трэба будзе стаць максімальна адкрытымі, што для нашых прадпрыемстваў пакуль не характэрна. Аднак спецыяліст называе і плюсы выхаду на ІРО: кампанія атрымае грошы; кампанію будзе ацэньваць рынак, а не банк (апошні глядзіць на актывы і пасівы, а рынак адштурхоўваецца ад мультыплікатара, а значыць, верагоднасць таго, што кампанія будзе ацэнена больш высока, павялічваецца). «Інвестары вас чакаюць. Але толькі ў тым выпадку, калі вы гэтага варты. Неабходна падумаць, ці зможаце вы спаборнічаць са сваімі канкурэнтамі», — падсумоўвае Аліна Плая.
«Выхад кампаніі на ІРО — гэта не проста спосаб набыцця капіталу. Гэты працэс цікавы тым, што падчас падрыхтоўкі дазваляе менеджменту, уладальнікам, кіраўніцтву прадпрыемства зусім па-іншаму паглядзець на свой бізнес, — дае ацэнку Галіна Блэст-Сакалоўская. — Бо так ці інакш яны павінны адкарэктаваць сваё пазіцыянаванне, укараніць сучасныя сістэмы справаздачнасці і ўліку, павінны пабудаваць нейкую творчую, цікавую, перспектыўную стратэгію свайго развіцця і, нарэшце, правесці аб'ектыўную ацэнку бізнесу. Зразумела, што гэта дазваляе перавесці кіраванне на больш якасны ўзровень. І, нягледзячы на тое, што гэта вельмі затратны працэс, потым усё акупляецца шматкроць, калі правільна выбудаваў працу, разумеючы свае задачы. Значэнне мае нават час выхаду, месца і гэтак далей».
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ
Даведка «Звязды»
ІPO — (ад англ. Іnіtіal Publіc Offerіng) — першы публічны продаж акцый акцыянернага таварыства, у тым ліку ў форме продажу дэпазітарных распісак на акцыі (дакумент, які сведчыць, што каштоўныя паперы змешчаны на захоўванне ў банк, і дае права на карыстанне выгадамі ад гэтых каштоўных папер), неабмежаванаму колу асоб. Продаж акцый можа ажыццяўляцца як шляхам размяшчэння дадатковага выпуску каштоўных папер праз адкрытую падпіску, так і шляхам публічнага продажу акцый існуючага выпуску.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.