Ужо праз 11 дзён, 23 сакавіка, адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Аднак беларусы на першым этапе выбарчай кампаніі досыць пасіўныя. Большая частка тых, хто звяртаецца ў Цэнтральную выбарчую камісію, спрабуе вырашыць свае асабістыя пытанні. Пра гэта казала ўчора падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Выбарчая камісія не ўмешваецца ў работу дзяржорганаў
— У нас такое састарэлае стаўленне: калі вы не вырашыце нашы пытанні — мы на выбары не пойдзем, — заўважыла кіраўнік ЦВК. — Тут я адразу магу сказаць: часы, калі кагосьці ўгаворвалі хадзіць на выбары, даўно ў мінулым. Удзел у выбарах з'яўляецца асабістым, нязменным правам кожнага грамадзяніна, і правам, якое не перадаецца. Ён можа ім скарыстацца або не скарыстацца, незалежна ад вырашэння пытанняў.
Лідзія Ярмошына канстатавала, што выбарчыя камісіі не маюць права ўмешвацца ў працу іншых дзяржаўных органаў, тым больш судоў. «Часта нам дасылаюць матэрыялы якой-небудзь грамадзянскай судовай справы. На гэта ёсць спецыяльны парадак і заканадаўства, не злучанае з выбарчым. Таму мы і дапамагчы грамадзяніну зусім не можам», — заўважыла старшыня Цэнтр-
выбаркама.
На
сельскім узроўні — адзіны выбарчы фонд
Старшыня Цэнтрвыбаркама паведаміла, што на ўзроўні большасці Саветаў не было нават спроб сфарміраваць выбарчыя фонды кандыдатаў.
— На сельскім узроўні толькі адзін кандыдат у дэпутаты адкрыў рахунак. На пасялковым — ніводны. На раённым узроўні можна казаць прыкладна аб 2% кандыдатаў, якія пажадалі адкрыць выбарчыя фонды, але ўжо на ўзроўні абласцей — гэта каля 25%. У Мінску дзесьці 50% зарэгістраваных кандыдатаў адкрылі свае выбарчыя фонды, — сказала старшыня ЦВК.
Яна адзначыла, што змены ў заканадаўстве, якія тычацца фондаў, даюць пэўныя вынікі. «Нават я як выбаршчык ужо атрымала лістоўку ад кандыдата ў дэпутаты па маёй акрузе, вырабленую за сродкі яго выбарчага фонду. Думаю, што з цягам часу мы прыйдзем да нейкіх агульнапрынятых сусветных стандартаў, калі кандыдаты сапраўды ўдзельнічаюць у перадвыбарнай барацьбе», — дадала Лідізя Ярмошына.
Удзел партый
Лідзія Ярмошына лічыць, што на гэтым этапе выбарчай кампаніі партыі паводзяць сябе досыць актыўна. Прыкладна 10 з 15 зарэгістраваных партый маюць кандыдатаў у дэпутаты. «Праўда, галоўным чынам, гэта непартыйныя рухі, — заўважыла кіраўнік ЦВК. — З партыйных у нас вылучаліся, па-мойму, Камуністычная і Ліберальна-дэмакратычная партыі».
Яна ўдакладніла, што вялікая частка тых, хто ўдзельнічае і заяўляе пра сябе як пра партыйных кандыдатаў, — гэта асобы, якія вылучыліся шляхам збору подпісаў. Сярод агульнай колькасці кандыдатаў гэта нязначныя лічбы — каля 5%.
Лідзія Ярмошына лічыць, што пытанне пераходу ад мажарытарнай да прапарцыйнай выбарчай сістэмы для Беларусі не актуальнае. «Нашы выбаршчыкі цікавяцца персаналіяй, а не палітычнай платформай. Усе жадаюць бачыць пэўны чалавечы твар з яго поспехамі або няўдачамі», — растлумачыла яна.
Большая частка выдаткаў — на заробкі
75% выдаткаў на правядзенне выбараў, калі не больш, складае заработная плата членаў участковых выбарчых камісій, прычым яна вельмі маленькая, паведаміла кіраўнік ЦВК. «Я магу сказаць, што без падаткаў гэтая сума будзе складаць каля Br200 тыс. Гэта вельмі невялікія грошы за 14 гадзін працы, таму што 12 гадзін працуе выбарчы ўчастак і яшчэ дзве-тры гадзіны доўжыцца падлік галасоў», — сказала Лідзія Ярмошына.
Яна растлумачыла, што гэтыя выплаты не з'яўляюцца заработнай платай, таму што выбарчыя органы — гэта часовыя грамадскія фарміраванні, якія не валодаюць правамі юрыдычнай асобы і не прымаюць нікога на працу, за выключэннем асобных грамадзянска-прававых дагавораў, якія складаюць камісіі, напрыклад, па напісанні шыльды, афармленні выбарчага ўчастку або на транспартныя паслугі. «Гэта невялікая ўзнагарода, якую атрымаюць члены выбарчых камісій, галоўным чынам, за дзень выбараў», — падкрэсліла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Галасаванне па пошце — заўчаснае
«Магчымасць галасавання па пошце мы не разглядаем, хоць, магчыма, для правядзення галасавання за мяжой гэта трэба ўвесці, як у Амерыцы. Бо ў ЗША не ствараюць участкаў для галасавання за мяжой. Грамадзяне, якія пражываюць за мяжой (а іх мільёны), галасуюць па пошце. Магчыма, у будучыні і нам трэба пераходзіць на падобнае. Але паколькі ў нас галасаванне нават на ўчастках заўсёды выклікае вельмі шмат папрокаў і абвінавачванняў, уводзіць у такія тонкія палітычныя працэсы пошту, я думаю, заўчасна», — лічыць Лідзія Ярмошына. Яна мяркуе, што прадстаўнікі апазіцыйнай палітычнай супольнасці, апаненты ўлады, журналісты падвергнуць такое рашэнне рэзкай крытыцы.
Да таго ж замежныя псіхолагі сцвярджаюць, што такі тып галасавання не павялічвае актыўнасць выбаршчыкаў, а, наадварот, памяншае, заўважыла старшыня камісіі.
Скептычна аднеслася Лідзія Ярмошына і да прапановы размясціць выбарчыя ўчасткі ў гіпермаркетах. «Тады нам трэба зыходзіць ад спісаў выбаршчыкаў, якія складаюцца па месцы жыхарства, і, як у Латвіі, даваць выбаршчыку магчымасць галасаваць дзе заў-
годна. Але тады трэба ставіць адпаведны штамп у пашпарце, каб выбаршчык не прагаласаваў паўторна ў іншым месцы», — адзначыла старшыня ЦВК.
Да таго ж, калі адмовіцца ад спісаў выбаршчыкаў, галасаваць можна будзе толькі з пашпартам, падкрэсліла яна. Цяпер у Беларусі можна прагаласаваць, прадставіўшы іншы дакумент, калі ён выдадзены ў дзяржаўным ведамстве і мае фота ўладальніка. Сярод такіх дакументаў — пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет, пасведчанне дзяржслужачага. «Але гэта магчыма пры адной умове: прозвішча павінна быць занесена ў спіс выбаршчыкаў; калі яго ў гэтым спісе няма, то па іншым дакуменце прагаласаваць нельга, таму што няма доказаў таго, што выбаршчык пражывае на гэтым выбарчым участку; гэта даказвае толькі пашпарт», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Украіна пакуль не запрасіла беларускіх назіральнікаў
Прадстаўнікі ЦВК Беларусі не плануюць удзельнічаць у назіранні за датэрміновымі прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне, якія прызначаны на 25 мая, бо не атрымлівалі адпаведнага запрашэння ўкраінскага боку. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі падкрэсліла, што з часоў аранжавага Майдана ў Кіеве ўкраінскія ўлады і арганізатары выбараў не вельмі ахвотна запрашаюць на падобныя выбарчыя кампаніі назіральнікаў ад СНД.
«Больш за тое, нейкі час нават не запрашаліся ні мы, ні дэпутаты парламента. Таму я не выключаю таго, што гэтае запрашэнне не будзе накіроўвацца ў краіны СНД», — сказала Лідзія Ярмошына.
Беларуская ЦВК не атрымлівала запрашэнне прыняць удзел у назіранні і за правядзеннем крымскага рэферэндуму, які запланаваны на 16 сакавіка.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.