Рашэнні пра адключэнне ацяплення прымаюцца на аснове доўгатэрміновага метэапрагнозу. Гэта значыць, што калі сёння цёпла, а заўтра пахаладае, батарэі ў кватэрах зноў стануць цяплейшымі і мерзнуць грамадзянам не давядзецца. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведаміў начальнік аддзела энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Мінжылкамгаса Вячаслаў ШМІТ.
У кожным доме ёсць цеплапункты, якія працуюць у адпаведнасці з тэмпературным графікам. Нават цяпер, пры рэкордна высокай для сакавіка тэмпературы, радыятары ў іх застаюцца цёплымі, а падача цяпла на кацельных рэгулюецца аўтаматычна, у залежнасці ад таго, наколькі праграваецца паветра на вуліцы.
Але ў мэтах эканоміі пры добрым надвор'і падача цяпла спыняецца ў так званыя месцы агульнага карыстання — напрыклад, у радыятары на лесвічных маршах у пад'ездах. У той жа час батарэі ў кватэрах усё адно грэюць.
Канчаткова ж падача цяпла прыпыняецца, калі сярэднясутачная тэмпература паветра на працягу трох дзён трымаецца ад плюс 8 градусаў і вышэй. Гэту норму ўстанавілі летась: дагэтуль падставай для адключэння ацяплення з'яўлялася захаванне такой тэмпературнай нормы цягам пяці дзён.
Спачатку батарэі перастануць грэць у грамадскіх, адміністрацыйных будынках і прамысловых прадпрыемствах, пасля ацяпленне адключаць у жылых дамах, інтэрнатах, гасцініцах, і толькі потым цяпло перастане паступаць у дзіцячыя дашкольныя, школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы, музеі, бібліятэкі, дзяржаўныя архівы і ўстановы сацыяльнага абслугоўвання.
Але, калі меркаваць па прагнозах сіноптыкаў, адбудзецца гэта яўна не ў бліжэйшыя дні.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.