Правесці вечар у кампаніі любімага артыста — прапанова, згадзіцеся, заманлівая. І на яе з радасцю пагадзіліся прыхільнікі Сашы Нэма. Сустрэча з ім адбылася ў адной з мінскіх кулінарных студый. Артыст пачаставаў гасцей дранікамі ўласнага прыгатавання, адказаў на пытанні і сагрэў душы любімымі песнямі… Першай прагучала «Магістраль». «Я напісаў яе, калі мне было 30 гадоў, і гэтая песня ў нейкім сэнсе стала лёсавызначальнай для мяне за апошнія тры гады. Магчыма, пасля яе я апынуўся на новай прыступцы ў жыцці», — прызнаецца Аляксандр. І пакуль ён спявае, зробім экскурс у тыя часы, калі ўсё толькі пачыналася…
«Дарогі, вёрсты, мілі і кіламетры…»
Яго любоў да музыкі родныя не маглі зразумець. У 14‑гадовым узросце пачаў іграць у мясцовым вакальна-інструментальным ансамблі, дзе спачатку быў барабаншчыкам, а потым яшчэ і вакалістам.
«Бацькі ставіліся да майго выбару скептычна. Калі я прынёс дадому купленую на ўласныя грошы гітару, тата сказаў: «Прыбяры, каб больш яе не бачыў!» Тыя словы Саша хоць і запомніў, аднак не кінуў вучыцца музыцы. Пачаліся выступленні з ансамблем на вяселлях, напісанне першых аранжыровак. Скончыўшы школу, хлопец вырашыў паступаць у Гродзенскі каледж мастацтваў на аддзяленне эстраднага вакалу.
Ужо ў наступным годзе Саша стаў фіналістам конкурсу «Зорная ростань», дзе і адбылася яго першая лёсавызначальная сустрэча з Міхаілам Фінбергам. Той запрасіў спевака працаваць у Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь. Пачынаецца жыццё паміж Гродна і Мінскам.
«Аркестр даў мне ўсё, але я ішоў у страі. Калі прыйшло разуменне, што я проста вінцік, які ледзь трымаецца, то вырашыў сам «адкруціцца». Тым больш сустрэў патрэбных людзей», — тлумачыць спявак сваё рашэнне пусціцца ў вольнае плаванне.
Падчас вучобы на першым курсе адбылася яшчэ адна важная сустрэча — з будучай жонкай. «Была навагодняя дыскатэка. Я ішоў па зале, а калі зайграла павольная песня, вырашыў запрасіць на танец дзяўчыну. І выхапіў першую, якая трапілася, з натоўпу», — успамінае артыст. Святлана тады вучылася на трэцім курсе, паступіўшы пасля дзявятага класа, а Саша на першым, скончыўшы адзінаццаць класаў. І вось яны ўжо 15‑ы год разам. Выхоўваюць дваіх дачок. «Каханне — такое пачуццё, якое ў нас увесь час трансфармавалася. Усякае здаралася, але цяпер, як мне здаецца, у свядомым сумесным жыцці ў нас вельмі высокая адзнака па шкале адносін».
Сёння Саша Нэма — ужо самастойны і вядомы як у Беларусі, так і за яе межамі, артыст. На яго рахунку пяць альбомаў, кліпы, удзелы ў конкурсах і ўзнагароды. Нават рэкорды. Летась ён з камандай зладзіў тур па гарадах Беларусі працягласцю ў 35 дзён. І ўстанавіў рэкорд Еўразіі ў намінацыі «Самы працяглы бесперапынны гастрольны тур».
«Я, шчыра кажучы, не адчуў эйфарыі, калі мне ўручылі сертыфікат. Эйфарыя была, калі я праспяваў апошнюю песню на завяршальным канцэрце», — так апісвае ён сваё дасягненне. І верыць: яно не апошняе.
«У дзяцінстве я хаваўся ў шафе…»
…Саша спявае прысутным песню Глеба Самойлава, на музыцы якога вырас. На сцэне ён «свой хлопец», які імкнецца дарыць публіцы пазітыў, а ў жыцці спакойны і, як сам заўважае, куды больш сціплы. «У песні ўсяго два акорды, але, калі вы пранікніцеся глыбінёй, схаванай у ёй, то зможаце зразумець, у якім стане я даволі часта знаходжуся», — кажа артыст, і ў яго голасе чуецца ці то стомленасць, ці то хваляванне.
Ён любіць ноч і лічыць, што вельмі важна не губляць здольнасць пазнаваць свой унутраны свет, бо там нязведаныя глыбіні. Калі выпадаюць свабодныя хвіліны, то Аляксандр не губляе іх марна: праводзіць час з сям'ёй, адпачывае.
«Люблю адпачынак у беларускай вёсцы, а вось на замежных курортах больш за тры дні адпачываць не магу: прачынаецца цяга да працы». А таксама і да спорту… «У дзяцінстве марыў быць публічным чалавекам. Думаў, стану альбо футбалістам, альбо спеваком. Вельмі люблю спорт. Зімой раз на тыдзень у мяне трэніроўкі па футболе, а летам прабежкі на стадыёне. Фізічная нагрузка дае мне магчымасць разняволіцца». Адчуванне шчасця пасля спартзалы Саша параўноўвае з задаволенасцю пасля канцэртаў, калі выкладваецца настолькі, што кашуля становіцца мокрай. Яшчэ захапляецца гульнёй у більярд і спевамі ў караоке. «Мая любімая песня ў караоке-клубах — «Заколебал ты» «Дыскатэкі Аварыі», — дзеліцца артыст. — Там складаны рэчытатыў, які выконваюць чатыры чалавекі ў арыгінале, таму многія нават здзіўляюцца, як мне хапае дыхання, каб аднаму яе спяваць». З задавальненнем ён дзеліцца і сваімі песнямі з іншымі. Плануе нават стварыць пакет кампазіцый і разаслаць па клубах: маўляў, няхай спяваюць тыя, каму падабаецца яго творчасць.
«Мой плыт, звіты з песень і слоў…»
Цяпер Саша працуе над чатырма аранжыроўкамі для дзяцей, якія збіраюцца ўдзельнічаць у адборы на «Еўрабачанне». Ён супраць фанаграмы і творчага беспарадку, нават на працоўным стале. Імправізуе на канцэртах і жартуе з гледачамі пасля іх.
Для з'яўлення новай мелодыі дастаткова проста недзе «злавіць» пэўны рытм — і вось ужо ва ўяўленні нараджаецца яе «малюнак». За аранжыроўкамі можа наогул праводзіць суткі. Не абыходзіцца і без крызісаў… «Я вялікі прыхільнік Глеба Самойлава і групы «Агата Крысці», што досыць сур'ёзна паўплывала на маю падачу матэрыялу. Пасля праслухоўвання іх музыкі я гляджу на свет з разуменнем, што не такі ўжо ён страшны і змрочны. Жыццё павінна быць на кантрасце. І ў мяне яно заўсёды такое. Я ўвесь час змагаюся сам з сабою».
Пэўна, барацьба дае свой вынік, бо творчасць прыносіць не толькі задавальненне, але і даход. «Я езджу на добрым аўтамабілі, і трох пакояў мне пакуль хапае… У любой прафесіі ёсць станоўчае і адмоўнае, і мне, як любому чалавеку, часам не хапае адасобленасці, калі хочацца проста пабыць з роднымі. Але ўсё ж я не настолькі публічны чалавек, каб дакараць сябе за гэта, і не ганюся асабліва за славай. Люблю пісаць песні і радуюся, што творчасць развіваецца адначасова з папулярнасцю, і ёсць каманда людзей, якія дапамагаюць не губляць узроўню», — разважае аб славе Саша.
І ён мае рацыю, бо часта гучныя ўзлёты вядуць да балючага падзення. А гучная папулярнасць робіць людзей залежнымі ад абставін, калі чалавек амаль перастае належаць сабе…
«Такі адважны… Я буду кімсьці больш…»
…Гадзіннік адлічвае вось ужо другую гадзіну сустрэчы з артыстам, і, як водзіцца, даходзіць чарга да пытанняў пра далейшыя планы. І становіцца зразумела, што ён будзе да апошняга займацца любімай справай, каб забяспечыць сваю сям'ю. «Я вельмі сентыментальны бацька. Безумоўна, перажываю за будучыню сваіх дзяцей і хачу зрабіць усё ад мяне залежнае, каб дапамагчы маім дзяўчаткам упэўнена ўвайсці ў дарослае жыццё. Я не ідэальны, але разумею, што павінен быць прыкладам для іх», — скажа пазней Саша мне ў асабістай размове. І хочацца верыць разам з ім у мару — пабудаваць свой дом. І адпадаюць усе сумненні, быццам у яго можа нешта не атрымацца. Бо «няма больш каштоўнай веры, чым сваіх у цябе. Прыйдзі ты першым ці апошнім…» На развітанне ўсміхнуся: «Абяцаю: я сюды яшчэ вярнуся»…
Алена ДРАПКО.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.