Для спартсменаў яна стала выпрабаваннем, для Беларусі — часам трыумфу, а для гледачоў — незабыўным спартыўным святам. А чым зімовая Алімпіяда стала для студэнткі Алёны Жукавай? Нагадаем, што брастаўчанка паехала ў Сочы ў якасці валанцёра. Разам з сябрамі дзяўчына вярнулася дадому і пагадзілася расказаць пра свае ўражанні.
Пальмы ды мімоза
— Першыя ночы ў Сочы мы ўвогуле не спалі, бо доўга разбіраліся з жыллёвым пытаннем. Жылі па васьмёра-дзясяцера чалавек у пакоі. Цеснавата, затое жытло было ўтульнае. Добра, што ў запасе ў нас былі яшчэ два дні — за гэты час мы нагуляліся, адпачыўшы пасля пераезду, «разведалі» тэрыторыю.
Там паўсюль растуць пальмы, казыча нос пах мімозы, якая таксама паўсюдна расце. Каля медыяцэнтра адбылася вельмі цікавая сустрэча з вядомым беларускім каментатарам Уладзімірам Навіцкім. Як толькі ён пачаў гаварыць, усё стала зразумела: перад намі цудоўны аратар. Голас у яго глыбокі, добра пастаўлены. Усёй групай мы зрабілі фотаздымак на памяць і крыху разгаварыліся. Аказалася, што каментатар вучыўся ў Брэсце — і гэтая навіна ўзрадавала яго нават больш, чым нас. Гуляць можна было хоць да другой гадзіны ночы, і мне такія шпацыры спадабаліся куды больш за дзённыя: святло абсалютна змяняла выгляд Алімпійскага парку — ён здаваўся яшчэ прыгажэйшым.
Га
лоднымі не пакінем!
— Я працавала ў розных месцах: і ў кіёску на вуліцы, і на стадыёне. У першыя дні мы былі занятыя на сваіх кропках па пяць гадзін — прывыкалі да работы. А потым кожны выбіраў сабе нагрузку па ўласных магчымасцях і жаданнях. Ніхто не пярэчыў — абы спраўляліся з абавязкамі. Была ахвота — некаторыя працавалі і па 12 гадзін. А гэта якраз дзве змены. Затое пасля можна было спакойна зрабіць сабе выхадны. У мяне была магчымасць змяніць род заняткаў. Напрыклад, многія валанцёры станавіліся кухарамі. Вядома, гэта не азначала, што трэба было гатаваць складаныя стравы. Кухары ў нас наразалі гародніну ў салаты, рабілі бутэрброды.
Мне часта выпадала папрацаваць на пасадзе памочніка касіра: касір разлічвае, а я збіраю заказ (каву з бутэрбродамі, напрыклад) і падаю на касу. Шчыра кажучы, усе працавалі без прымусу і асаблівай напружанасці. Але назваць нашу працу надта лёгкай таксама язык не паварочваецца: трэба было круціцца, каб паспяваць хуценька абслужыць кліентаў. Раніцай людзей заўжды было няшмат. Сапраўдны ажыятаж быў падчас спаборніцтваў па хакеі, асабліва ў перапынках паміж матчамі. У паўзах трэба было доўга чакаць. І гледачы літаральна накідваліся на ежу... Фастфуд (кола, хот-догі і піца) ішоў нарасхват. Дарэчы, валанцёры харчаваліся добра: у меню — ніякага фасфуду, а звычайная грэчневая каша з падліўкай, боршчык, кампоты.
І адбылося свята
— Асабліва запомнілася вылазка на гарналыжны комплекс «Чырвоная паляна», дзе праходзілі спаборніцтвы па біятлоне, бабслеі, фрыстайле і іншых відах спорту. Уразіла тое, што на месцы пасёлка пабудавалі цэлы горад, абсалютна новы. Цэнтральная алея вельмі падобная на цэнтр Брэста, сучасную забудову вуліцы Савецкай. Толькі будынкі вышэйшыя. І ўявіце, што пасярэдзіне гэтай вуліцы цячэ рака — Мзымта. Пасля ўжо мы даведаліся, што тут здымаліся эпізоды кінастужкі «Каўказская паланянка».
Адметнасць Алімпійскага парку — там усё было каляровым, пазітыўным, святочным. Як можна сумаваць у такой атмасферы? Іншаземцы ўвогуле вельмі весяліліся, асабліва пажылыя. Яны былі ў яркай вопратцы (аранжавыя шалікі, боты). Ніякіх крыўдаў, скандалаў не было — добра адчувалася, што людзі прыехалі ў Сочы, каб адпачыць і набрацца пазітыву. Дарэчы, мне падаецца, пенсіянераў было нават больш, чым моладзі.
Месца, дзе я даволі часта гуляла, для сябе запомніла як форум, бо яно нагадвала рымскую забудову. Тут размясціліся рэкламныя павільёны. Кожны з іх быў зроблены ў адмысловым стылі. Напрыклад, мне добра запомніўся Карэйскі дом — ён прадстаўляў наступную зімовую Алімпіяду, якая пройдзе ў 2018 годзе ў Пхенчхане. Каля куточка карэйскай медыцыны не было адбою ад цікаўных жанчын. А моладзь забаўлялася на выступленнях поп-груп.
На спаборніцтвы мне трапіць так і не ўдалося. Вялікія чэргі па квіткі, марудная рэгістрацыя — усё настолькі зацягвалася, што ўсялякае жаданне паглядзець на спартыўнае свята знікала. І ўсё ж яно адбылося дзякуючы Дар'і Домрачавай! У дні яе перамог мы так радаваліся, што словамі гэтага не перадаць! Вялікай групай хадзілі на другое і трэцяе ўзнагароджанне біятланісткі. Усе беларусы стаялі разам, спявалі беларускі гімн — на ўсю моц, быццам звар'яцелыя! Гэта было настолькі неверагодна!
...Мы вярнуліся ў Брэст з падарункамі. Пачаліся заняткі, але і да гэтай пары мне ўсё яшчэ не верыцца, што я была там, у Сочы. Надта нерэальным падаецца маё валанцёрства. Можа, варта пачакаць, калі сціхнуць эмоцыі?
Кацярына РАДЗЮК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.