Іх можна і трэба дарыць без ніякай нагоды
Тое, што «цёплыя» паштоўкі Кацярыны Ганчарык валодаюць цудадзейнай сілай, ведаю не па чутках. Аднойчы падарыла адну з іх, з надпісам «Хутчэй папраўляйся і больш не хварэй!», малодшай сястры, якая затэмпературыла. І што вы думаеце? Тэрапія станоўчымі эмоцыямі мела эфект: раніцай ад той прастуды і следу не засталося.
…Наша размова з 24‑гадовай мастачкай, якая родам з Навагрудка, адбылася ў не зусім звычайнай атмасферы. Каця запрасіла мяне завітаць на кірмаш падарункаў ручной работы «Млын», дзе і распавяла, чаму яна называе свае маляваныя паштоўкі «цёплымі».
— Малюю я, колькі сябе памятаю, — усміхаецца дзяўчына і адкладае ўбок аркуш, па якім секунду таму вадзіла простым алоўкам. — Бацька мой няблага малюе. Ён любіць расказваць, што, калі нарадзілася малодшая сястра, ён, каб я не блыталася пад нагамі, даў мне ці то аловак, ці то фарбы, і загадаў маляваць. З гэтага ўсё і пачалося. У другім класе маці завяла мяне ў студыю выяўленчага мастацтва, кіраўніком якой быў Уладзімір Аляксандравіч Грэк. На жаль, яго мінулай зімой не стала… Выключны быў чалавек! Таленавіты мастак і педагог! У яго быў асобны падыход да кожнага дзіцяці…
Каця прызналася, што пасля ўніверсітэта (а яна вывучала дызайн у БДУ. — Аўт.) спрабавала многае: займалася і дызайнам інтэр'еру, і дызайнам рэкламы. У вольны час, якога з‑за працы заставалася ўсё менш і менш, працягвала маляваць. Спачатку проста так, для сябе…
— Аднойчы я намалявала некалькі паштовак ад рукі, у адзіным экзэмпляры, і аднесла ў мінскую галерэю «Падземка». Гэта, вядома, не было пытанне заробку… Радавала, што створанае мной будзе прыносіць камусьці станоўчыя эмоцыі… Потым у мяне з'явіўся графічны планшэт, і я надрукавала невялічкі тыраж і занесла ў тую ж «Падземку». Тады і вырашыла зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік. Проста злавіла сябе на думцы, што менавіта маляванне прыносіць мне найвялікшую асалоду, непараўнальную ні з якой іншай працай (усміхаецца). Для мяне было адкрыццём, што, прысвяціўшы любімай справе хаця б гадзіну, адчуваеш адразу небывалы прыліў энергіі, на многія рэчы, праблемы, што былі на працягу дня, глядзіш зусім інакш. Вырашыла, што варта гэтым займацца яшчэ і таму, што адчувала: тое, што я раблю, патрэбна.
Людзі ўжо наглядзеліся на вектарных зайцоў і пластыкавыя кветкі на паштоўках у крамах. Многія цяпер прагнуць нечага іншага... Таго, што не толькі выклікае нейкія пазітыўныя эмоцыі, але і прымушае задумацца над чымсьці.
— Каця, а чаму ты называеш свае паштоўкі «цёплымі»?
— Мне не хацелася прыдумваць якую-небудзь штучную назву. Я даслала сябрам макеты паштовак з подпісамі і проста папрасіла падабраць да іх прыметнікі, якія б апісвалі ўражанне ад паштовак. Самы распаўсюджаны быў «цёплыя». Мне спадабалася (усміхаецца).
— Мяне асабіста вельмі радуе, што ты робіш свае паштоўкі на роднай мове, бо, як гэта ні прыкра, пакуль у Беларусі арыгінальныя паштоўкі на беларускай мове хоць ты са свечкай шукай...
— Сапраўды, беларускамоўных паштовак у нас не так шмат, таму я, хоць у жыцці карыстаюся абедзвюма мовамі, перавагу аддала, безумоўна, роднай. Неяк так сталася, што і вершы, якія я час ад часу пішу, таксама толькі на мове. Люблю беларускі фальклор, народныя танцы, з дзяцінства гукі дуды не пакідаюць мяне абыякавай. Мае беларускамоўныя (і не толькі) сябры падтрымалі гэтую ідэю і падбадзёрваюць мяне дагэтуль, за што я ім вельмі ўдзячная. Самі часта набываюць мае паштоўкі ў падарунак, дапамагаюць прыдумваць подпісы да новых. Увогуле, што датычыцца падтрымкі, гэта вельмі важна, бо столькі сумненняў узнікала і ўзнікае, калі робіш штосьці новае...
(Нашу размову пастаянна перапынялі наведнікі кірмашу. Вось да століка з Кацінымі паштоўкамі падышлі дзве бабулькі...)
— Каця, чула, як ты толькі што перакладала ім надпісы: «летуценніца», «сталець»... Ці часта такое здараецца? Не крыўдна, што далёка не ўсе беларусы валодаюць роднай мовай?
— Крыўдна, калі кажуць: «Усе паштоўкі на мове? Не ўсе ж яе разумеюць...» Я адказваю: « Трэба вучыцца!» Але насамрэч гэта здараецца не так часта. Многія набываюць паштоўкі для сваіх сяброў з Расіі і Украіны. Нядаўна адна жанчына набыла для сяброўкі з Японіі. На «Млыне» на маіх вачах некаторыя набывалі і адразу дарылі мае паштоўкі сваім замежным сябрам. А перакладаць — так, даводзіцца часта. Адна дзяўчына мне сказала, што я — першая, з кім яна размаўляе на мове. Маўляў, пасля заканчэння школы ёй не даводзілася ні з кім стасавацца па-беларуску. А тут яе натхнілі мае работы...
Як добра было б, падумала я, калі б Кацін прыклад натхніў некага з тых творчых людзей, якія чытаюць гэты тэкст (і пакуль, як некалі і Каця, з-за сваёй прыроджанай сціпласці малююць «у стол») на стварэнне сваіх аўтарскіх беларускамоўных паштовак. Каця таксама лічыць, што чым іх (паштовак на мове) будзе больш, тым лепш, таму з задавальненнем пагадзілася падзяліцца сваімі творчымі сакрэтамі.
— Спачатку я малюю эскіз на паперы. У мяне даволі шмат замалёвак. Цэлыя стосы. Штосьці з іх становіцца паштоўкамі, штосьці я выкарыстоўваю пры стварэнні афіш, візітовак і г.д. А некаторыя так і застаюцца на стадыі эскіза. Калі шчыра, я вельмі рэдка задумваюся аб тым, што намаляваць. Проста бяру аркуш і пачынаю вадзіць па ім алоўкам. І тое, што атрымліваецца «на выхадзе», як правіла, заўсёды сюрпрыз. Творчасць — некантралюемы працэс. Гэта скажа вам любы мастак. Ведаеш, я заўважыла: калі менш хвалюешся за тое, што і як павінна атрымацца, атрымліваецца значна лепш.
— Каця, распавядзі больш падрабязна пра стварэнне паштовак...
— Я малюю іх на графічным планшэце. Рэдактар дазваляе імітаваць усе вядомыя мастакам матэрыялы (ад алейных фарбаў да фламастара), рэгуляваць ціск і празрыстасць, працаваць пры дапамозе валіка і шпаталя... Я амаль тактыльна адчуваю матэрыял. Графічны планшэт даў мне магчымасць расслабіцца, не баяцца памылак.
...Падчас размовы Каця перыядычна выводзіць алоўкам, які ўвесь гэты час не выпускае з рукі, рысы твару, як мне падалося, рамантычнай дзяўчыны...
— У цябе, пэўна, паўсюль з сабой аловак і папера, каб маляваць эскізы? У якіх месцах даводзіцца гэта рабіць?
— Так, часта маю з сабой аловак і паперу. Хаця б нататнік. Ды паўсюль — гледзячы кіно, часам на нейкіх імпрэзах, слухаючы канцэрт ці лекцыю, — малюю. На «Млыне» вось атрымаўся амаль цэлы альбом. Раней на паштоўкі заставалася мала часу з-за асноўнай працы. Але на днях я звольнілася, каб займацца любімай справай. Такая вось я шчаслівая!
— Каця, для цябе стварэнне паштовак — гэта спосаб заробку альбо ўсё ж такі магчымасць самарэалізацыі?
— У першую чаргу, безумоўна, гэта мая спроба самарэалізацыі. Любы творца хоча, каб яго працу любілі. А наконт грошай... Я веру, што калі ты робіш тое, што табе наканавана, калі атрымліваеш велізарную асалоду ад творчага працэсу ды яшчэ дорыш станоўчыя эмоцыі іншым людзям — усё прыкладзецца.
— Хто асноўны крытык тваёй працы?
— Сябры, сястра, бацькі... Але асноўны — усё ж я сама. Часта ўсім падабаецца малюнак, а мне — не. Не тое, што я хацела, атрымліваецца... Тады я нікога не слухаю. Або дамалёўваю тыднямі, або кідаю працу. Галоўнае — мець унутранае задавальненне.
— Сама любіш дарыць паштоўкі?
— Вядома! Мне падаецца, што паштоўку можна і трэба дарыць без ніякай нагоды, як дораць цёплае слова ці позірк... Згадзіцеся, больш прыемна атрымліваць падарунак проста так, а не па календары... Тады ён выклікае значна больш пазітыўных эмоцый, мае большую каштоўнасць... Паштоўка, я ўпэўнена, вартая таго, каб стаць такім сюрпрызам. Жадаю ўсім як мага часцей знаходзіць іх у сваёй паштовай скрыні... Але ж, мне падаецца, самае галоўнае — каб кожны знайшоў сябе. Гэта на-
самрэч вельмі важна — адчуваць сябе на сваім месцы. Тады ўсё ўспрымаецца па-іншаму, з'яўляецца столькі энергіі, што цяжка ўтрымацца на месцы. Раней я і не ўяўляла, што такое магчыма.
Надзея ДРЫЛА,
фота аўтара і з асабістага
архіва Кацярыны ГАНЧАРЫК.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.