Чым толькі ні займаюцца школьнікі ў вольны ад заняткаў час! Спартыўныя і танцавальныя секцыі, маляванне, музыка, іншыя рознага кшталту гурткі. А з нядаўняга часу стала магчымым займацца яшчэ і... робататэхнікай! Так-так, пачынаючы з малодшых класаў, вучні сталічных школ могуць навучыцца канструяваць уласных маленькіх робатаў і задаваць для іх праграму.
Рэальнасць у віртуальнасці
«Школа робататэхнікі» — гэта камерцыйны праект трох сяброў-праграмістаў. Ігар Бялевіч, дырэктар школы, стаў задумвацца над тым, чаму неабходна навучыцца яго сыну сёння, каб гэта спатрэбілася ў будучыні. Думаў-думаў і прыдумаў: цяпер праграмісты, што называецца, «на кані», а ў будучыні запатрабаванымі будуць спецыялісты, якія з дапамогай праграм і машын-робатаў палегчаць жыццё звычайнаму чалавеку.
— Робататэхніка — гэта навука, якая знаходзіцца на нябачнай мяжы паміж віртуальным светам, куды з «галавой сышлі» нашы дзеці, і рэальнасцю, дзе дзейнічаюць законы фізікі, — расказвае Ігар. — Менавіта гэтая навука дазваляе пабываць і ў віртуальнасці, дзе патрабуецца валодаць і карыстацца рознымі формамі інфармацыі і шматлікімі праграмамі, і ў той жа час яна патрабуе разумення свету вакол нас.
Фёдар Кішчанка, намеснік дырэктара школы і яе ж выкладчык, дадае, што заняткі ў такіх гуртках дапамагаюць дзецям з малодшага школьнага ўзросту зрабіць першы крок у праграмаванне, бо асноўная частка работы — гэта не толькі сканструяваць самога робата, але і задаць яму праграму дзеянняў.
Пакуль што ў Мінску ёсць тры філіялы, замацаваныя за мінскімі школамі ў мікрараёнах «Сухарава» і «Паўднёвы Захад», а таксама каля станцыі метро «Каменная Горка».
— Плануем адкрыць некалькі класаў паблізу ад станцый метро, — дзеліцца планамі Фёдар Кішчанка. — Нядаўна з'явілася яшчэ адно аддзяленне, але ўжо не ў сталіцы, а ў Наваполацку.
Пра
граміст за... чатыры заняткі
На занятках фарміруюцца дзве ўзроставыя групы: з 1-га па 4-ы клас і з 5-га па 9-ы. Па словах Фёдара, прыкладна 20 працэнтаў вучняў — дзяўчынкі. У мінулым навучальным годзе вучняў набіралі толькі з другога класа, а цяпер вырашылі паспрабаваць і з першакласнікамі.
Я патрапіла на заняткі малодшай групы. Спачатку школьнікі самастойна збіралі машыны з дэталяў канструктара «Лега», у якога, дарэчы, ёсць серыя, спецыяльна распрацаваная для стварэння робатаў. У такім канструктары, акрамя саміх дэталяў, ёсць рознага кшталту датчыкі (святла, колеру, руху і інш.) і, самае галоўнае, — там ёсць спецыяльныя мікракамп'ютары, якія апрацоўваюць атрыманую інфармацыю і кіруюць «паводзінамі» робата. Робата можна зрабіць па стандартных узорах фірмы, а можна распрацаваць пры дапамозе спрошчанага 3D-рэдактара, а затым ужо сабраць з дэталяў унікальную мадэль.
Каб задаць робату серыю дзеянняў, дзеці падключалі яго да камп'ютара, дзе ўстаноўлена прызначаная для гэтага праграма, і пры дапамозе графічных сімвалаў выбіралі, што яму трэба зрабіць. А потым на спецыяльнай пляцоўцы правяралі, наколькі машына «паслухмяная». Калі яна робіць усё так, як захацеў яе стваральнік, значыць, праграма зададзена правільна.
Віця Кіслы вучыцца ў 5-м класе, пра школу даведаўся пасля таго, як яе выкладчыкі паказалі дзецям прэзентацыю пра магчымасці робататэхнікі.
— Я прыходжу на заняткі два разы на тыдзень. Недзе на чацвёртым уроку ўжо мог запраграмаваць робата. Раней пра тое, каб стаць у будучыні праграмістам, не задумваўся, але цяпер мяне гэта сапраўды цікавіць.
Робататэхнікі забаўляюцца. Пакуль?
З цікавых праектаў Фёдар называе прататып робата-аўтамабіля, які абмяжоўвае хуткасць ноччу.
— Значная частка аварый здараецца менавіта ў гэты час, — адзначае Фёдар, — нягледзячы на тое, што ноччу колькасць машын на дарогах у 10 разоў меншая. І вось з дзецьмі мы спрабавалі вырашыць гэтую праблему такім чынам: калі святла становіцца менш, аўтамабіль аўтаматычна зніжае хуткасць.
Як прызнаецца Фёдар, пакуль што па-сапраўднаму сур'ёзных робатаў не стваралі: усё ж такі дзеці і года ў школе не правучыліся.
— Але часам сваволім — гуляем у «робатасумо», калі адна машына імкнецца выпхнуць другую з «рынга», — расказвае выкладчык школы.
У Маскве праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы па робататэхніцы. Пакуль што ад Беларусі ўдзельнікаў не было.
— Але да канца года мы разлічваем падрыхтаваць каманду з нашых вучняў — і таксама паказаць сябе на міжнароднай арэне, — дзеліцца планамі Фёдар. Гэта галоўная мэта на год.
Што цікава, амерыканскія эксперты спрагназавалі, што бліжэй да 2020 года робататэхніка будзе адным з прыярытэтных кірункаў тэхнічных навук, таму ўжо з пачатку 2000-х у амерыканскіх школах дзеці знаёмяцца з азамі робататэхнікі, а ў суседняй Расіі школьнікі займаюцца ёй з 2007 года.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Фота Юліі КІРЭЙЧЫК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.