«Праектаваць»… лад жыцця — гэтаму спрабуе вучыць сваіх пацыентаў малады ўрач агульнай практыкі Аксана Мурза
Дзяўчына ўпэўненая, што здароўе залежыць не столькі ад прапісаных лекаў, колькі ад змен, на якія чалавек здольны ў дачыненні да сябе і да ўласных звычак. Сама Аксана раней хацела стаць дызайнерам, але ўжо другі год працуе па размеркаванні загадчыкам амбулаторыі ў вёсцы Амяльная Івацэвіцкага раёна. Кажа, што пра свой выбар ніколькі не шкадуе. Пра будні сельскага доктара, які павінен быць гатовы да любых нечаканасцяў, дзяўчына распавяла нашым карэспандэнтам…
…«Тры дамы сярод лесу»… Менавіта так Аксана Мурза жартам называе месца, дзе нарадзілася. Гэта пасёлак Прыазёрскі, што ў Камянецкім раёне, на Брэстчыне. Раней у Прыазёрскім размяшчалася закрытая воінская часць, у якой служыў бацька Аксаны. Дзяўчына ў свой час скончыла мастацкую студыю, але перамагло татава меркаванне. Бацька сказаў: «Атрымай спачатку «нармальную» прафесію, а пасля рабі, што хочаш». Таму Аксана адправілася паступаць у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Стаць студэнткай удалося толькі з другой спробы. Дагэтуль давялося павучыцца на падрыхтоўчым аддзяленні. Менавіта за той год Аксана зразумела, што медыцына ёй падыходзіць і такія віражы лёсу — зусім не памылка. Як і ва ўсіх будучых медыкаў, вучоба не была лёгкай. Перш чым студэнтаў «пусцілі да людзей», на працягу трох гадоў ва ўніверсітэце давялося спасцігнуць бездань тэарэтычных ведаў і… шмат маляваць. Напрыклад, будучым дактарам даводзілася дэталёва адлюстроўваць на паперы мікраскапічную будову скуры ці ўнутраных органаў.
— Аднакурснікі часта жартавалі: «Хто ў нас тут збіраўся быць дызайнерам? Давай, Аксана, дапамагай!» — прыгадвае дзяўчына ўніверсітэцкія будні.
З чацвёртага курса пачалося самае цікавае: веды з «кніжнай» плоскасці перамясціліся ў бальнічныя палаты.
— У гэты час найбольшая ўдача для студэнта — адказны персанал бальніцы, які не адмахваецца ад будучых калег і дазваляе чамусьці навучыцца. Здараецца, што пускаюць толькі паглядзець. А вопыт браць адкуль? Мне, як будучаму ўрачу агульнай практыкі, патрабавалася яго вельмі шмат, і ў розных сферах, — распавядае дзяўчына. — На шчасце, мне шанцавала. Напрыклад, калі праходзіла інтэрнатуру ў Івацэвічах, загадчыца гінекалагічнага аддзялення паліклінікі за два тыдні зладзіла мне сапраўдны «інтэнсіўны курс навучання».
Да размеркавання Аксана ведала пра Івацэвічы і Івацэвіцкі раён толькі адно: чула, што гэтыя месцы… існуюць. А вёску Амяльная змагла знайсці толькі на вельмі падрабязнай карце. Хоць дзяўчына сама нарадзілася ў невялікім пасёлку, некалькі гадоў жыцця ў Гродне прымусілі нанова прызвычайвацца да вясковага рытму.
Але, па словах Аксаны, нязначныя бытавыя праблемы цяперашняга жыцця кампенсуе добры калектыў. Супрацоўніцы ў амбулаторыі ўсе досыць маладога ўзросту, разумеюць адна адну і дапамагаюць. Там, дзе не хапае сіл, ратуе пачуццё гумару.
Для мясцовых жа з'яўленне ў вёсцы маладога доктара стала сапраўдным падарункам: дагэтуль у Амяльной не было ўрача амаль чатыры гады. Спецыяліст у амбулаторыі прымаў раз на тыдзень. А колькі пацыентаў можна пракансультаваць за такі час? Нескладана ўявіць, якую палёгку адчулі жыхары, калі доктар у вёсцы, нарэшце, з'явіўся.
Дзяўчына адразу зразумела: працы тут хопіць. У першай палове дня — прыём пацыентаў у амбулаторыі, у другой — паездкі на выклікі. «Вандраваць» даводзіцца паміж пяццю вёскамі.
— Медсястру і фельчара я ўзяць з сабой не магу, бо ў амбулаторыі спыніцца ўся праца. Таму ў маёй доктарскай сумцы заўсёды ёсць медыкаменты і інструменты «на любы выпадак». Ніколі не ведаеш, што давядзецца сёння рабіць, — кажа Аксана.
Акрамя стаўкі ў амбулаторыі, дзяўчына мае яшчэ і «падпрацоўку» на станцыі «хуткай дапамогі» ў гарадскім пасёлку Целяханы. Такая праца вучыць не баяцца, загартоўвае і дае багатую практыку. Часам пра сябе не думаеш увогуле. Неяк Аксане разам з калегамі давялося несці ў машыну ва ўсіх сэнсах «цяжкага» пацыента. Пасля гэтага дзяўчына некалькі дзён адчувала боль у спіне, але праз вялікую колькасць спраў нават і не адразу ўзгадала, якая ж прычына...
Вясковыя пацыенты — асобная размова. Яны неканфліктныя, дабрадушныя, чулыя, паважаюць доктара. Але ёсць цікавы момант, які кардынальна адрознівае іх ад гараджан.
У горадзе доктар працуе да пэўнага часу. Нікому з хворых там у галаву не прыйдзе ўвечары, калі дзверы паліклінікі зачынены, пайсці дадому да свайго тэрапеўта. У вёсцы (у прыватнасці, там, дзе жыве Аксана) па дапамогу прыходзяць і ноччу, і з раніцы. Скаргі бываюць як сур'ёзныя, з якімі сапраўды лепш не зацягваць, так і зусім нечаканыя. Напрыклад, неяк пацыентка прыйшла да Аксаны дадому толькі таму, што... у амбулаторыі была вялікая чарга: «Я до вас не попала, то я до вас додому прыйду...» — патлумачыла жанчына.
— За два гады я пастаралася прывучыць людзей, што для ўсяго ёсць свой час, — гаворыць Аксана. — Спачатку гэта не ўсім падабалася, але цяпер, здаецца, мы знайшлі агульную мову.
Дарэчы, «моўнае» пытанне першым часам стварала дзяўчыне маленькія складанасці. Затое цяпер у галаве доктар трымае цэлы «слоўнік».
— Прыйшла неяк да мяне бабуля і скардзіцца, што ёй баліць «у крыжах». Неяк няёмка пытацца ў пажылога чалавека, што ж гэта за такія «крыжы» загадкавыя, — успамінае Аксана. — Тады я папрасіла паказаць. Высветлілася, што пацыентку непакоіць крыж (па-руску «крестец»). (Аксана ведала толькі рускі варыянт, таму адразу і не здагадалася. — Аўт.)
...Аксана кажа, што ў іх амбулаторыі праблем з медыкаментамі, абсталяваннем і інструментамі няма. Чагосьці не хапае — замаўляйце і атрымаеце, праз гэта хвалявацца не даводзіцца. А вось не прымаць чужы боль блізка да сэрца малады доктар яшчэ не навучылася. Калі невылечна хворы памірае, лічы, на руках, а ўсе родзічы глядзяць на ўрача і спадзяюцца, што іх блізкі пражыве яшчэ хоць дзень, спраўляцца з эмоцыямі надта цяжка.
Нягледзячы на тое, што з працай сваёй малады доктар спраўляецца, пацыенты ставяцца да яе добра, а жыве дзяўчына ў выдзеленай аднапакаёвай кватэры, дзе аплачвае толькі камунальныя паслугі, — у хуткім часе яна плануе перавесціся ў Івацэвіцкую цэнтральную раённую бальніцу. Будзе працаваць на «хуткай», атрымае пакой у інтэрнаце. У рашэння пераехаць у райцэнтр ёсць некалькі прычын. Іх дзяўчына зусім не ўтойвае: хочацца і асабістае жыццё наладзіць, і больш разнастайна бавіць вольны час, быць бліжэй да «цывілізацыі».
— Я не скарджуся: атрымліваю каля чатырох мільёнаў рублёў — у вёсцы на гэтыя грошы магу пражыць без праблем. Не задумваюся, колькі патраціла на бензін для машыны (дзякуй любімым бацькам за падарунак), магу купіць нешта родным і парадаваць сябе абноўкамі, ёсць дзе жыць, — кажа Аксана. — Толькі вось моладзь зараз не проста імкнецца мець самае неабходнае, а яшчэ і хоча сачыць за сваёй знешнасцю, цікавіцца спортам і апошнімі навінкамі кіно, мае шмат іншых захапленняў, якія не заўжды даступныя ў сельскай мясцовасці. Да райцэнтра адсюль крыху больш за сорак кіламетраў, а аўтобус ходзіць толькі тройчы на тыдзень, а свой аўтамабіль ёсць не ў кожнага...
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Мінск — Івацэвічы — Мінск.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.