Напэўна, амаль кожны чалавек марыць здзейсніць калі не кругасветнае падарожжа, дык хаця б невялікую вандроўку ў іншаземную краіну. Наўрад ці гэта можна зрабіць хутка і без пэўных праблем. Аднак пабываць у розных краінах можна і з дапамогай посткросінгу. Ён уяўляе сабой абмен паштоўкамі з людзьмі з усяго свету. Агульная колькасць удзельнікаў абмену даўно перавысіла мяжу ў 20 мільёнаў.
Гісторыя посткросінгу пачалася зусім нядаўна, у 2005 годзе. Партугалец Паола Магалес, які займаўся букросінгам (абмен кнігамі), вырашыў такім жа чынам адправіць паштоўку. Яго ідэя хутка захапіла ўвесь свет. Дарэчы, у сусветнай статыстыцы посткросінгу Беларусь знаходзіцца на шостым месцы і абганяе такія краіны, як Кітай, Украіна і Польшча. А лідарамі з'яўляюцца Германія, Расія і ЗША.
Дзякуючы посткросінгу пачалася не толькі новая хваля продажу паштовак, але і, напрыклад, значна пашырылася колькасць калекцыянераў марак, з'явіліся спецыяльныя інтэрнэт-крамы, дзе можна знайсці даволі рэдкія экзэмпляры.
Маё знаёмства з посткросінгам пачалося з сайта www.postcrossіng.com
. На яго я завітала невыпадкова: мне заўсёды хацелася атрымліваць пісьмы з розных куткоў свету.
Сайт поўнасцю на англійскай мове. Але цяжкасцяў з навігацыяй на інтэрнэт-старонцы ў мяне не ўзнікла: усё зразумела і даступна нават тым людзям, якія не валодаюць мовай дасканала. Каб я магла паўдзельнічаць у сусветным абмене паштоўкамі, мне прапанавалі зарэгістравацца. Пры рэгістрацыі самым цяжкім этапам быў увод паштовага адраса. Справа ў тым, што кожная краіна мае свае правілы яго напісання на пісьмах і паштоўках. Каб нічога не пераблытаць, можна скарыстацца спецыяльным узорам запаўнення, які размешчаны на сайце.
Пасля таго, як мяне занеслі ў міжнародную сетку посткросінгу, было прапанавана выбраць адрас для маёй першай паштоўкі. Вядома, «выбраць» — гэта залішне. Сайт сам прадстаўляе яго. Да слова, за адзін раз можна ўзяць пяць адрасоў і адправіць пяць паштовак. Але я вырашыла спынілася на адным.
Сайт прапанаваў мне адправіць прывітанне жыхарцы Галандыі. Акрамя адраса, на старонцы Рэйчал Варвалз, жанчыны з Амстэрдама, была прадстаўлена інфармацыя пра яе жыццё, захапленні. Я даведалася, што Рэйчал займаецца посткросінгам ужо два гады і ў яе мноства паштовак з усіх кантынентаў. Дарэчы, звычайна аматары посткросінгу на сваёй старонцы ўказваюць, якія менавіта паштоўкі яны хацелі б атрымаць.
Я вырашыла паслаць паштоўку з выявай Навагрудскага музея Адама Міцкевіча. Акрамя адраса і кароткага прывітання, на пасланні абавязкова трэба было змясціць спецыяльны ІD-нумар. Пасля таго, як адрасат атрымае паштоўку, ён рэгіструе гэты нумар, і мой адрас можа атрымаць іншы ўдзельнік посткросінгу.
Пасля адпраўлення паштоўкі чакаць адказу прыйшлося даволі доўга. Я нават забылася пра яе. Але аднойчы, вяртаючыся са школы, зазірнула ў паштовую скрыню і ўбачыла там пісьмо. Гэта была паштоўка з Кітая. Пасля рэгістрацыі я даведалася, што яна падарожнічала па свеце 67 дзён і «праехала» больш за дзве тысячы кіламетраў.
Дзякуючы посткросінгу я пазнаёмілася з дзяўчынай Джун з Кітая і атрымала ад яе паштоўку з выявай малюнка аднаго знакамітага кітайскага мастака.
Я вырашыла, што буду займацца посткросінгам і далей. Сапраўды, гэта збліжае людзей і мы можам падарожнічаць па свеце, не выходзячы са сваёй кватэры.
Вольга ПРАНКЕВІЧ, вучаніца
9 класа СШ № 4 г. Навагрудка.
Пра аўтара
Вользе 14 гадоў. Яна любіць рабіць сваімі рукамі прыгожыя паштоўкі, умее шыць і вышываць. Можа і на кухні дапамагчы. У вольны час вельмі любіць чытаць і захапляецца гісторыяй.
— Я лічу сябе творчым чалавекам. Пішу вершы і апавяданні. Зусім нядаўна вырашыла паспрабаваць сябе ў журналістыцы, і, думаю, у мяне гэта атрымліваецца, — кажа пра сябе дзяўчына. — Сваё жыццё ў далейшым я таксама планую звязаць з журналістыкай. Мне б хацелася працаваць на радыё ці ў газеце. А пакуль я наведваю «Школу юнага журналіста».
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.