Працягваем знаёміцца з сапернікамі зборнай Беларусі па хакеі на хатнім чэмпіянаце свету. На чарзе — зборная Германіі, адна з самых старых каманд Еўропы. На сёння Германія і Беларусь вельмі блізкія па ўзроўні, абедзве зборныя не патрапілі на Алімпіяду ў Сочы, немцы займаюць 10-е месца ў рэйтынгу ІІHF, за беларусамі пакуль замацаваны 15-ы радок. Каманды сустракаліся на чэмпіянатах свету ў мацнейшым дывізіёне ў 2001, 2007 і 2010 гадах. Статыстыка на баку нашых хакеістаў: у гэтых сустрэчах яны атрымалі дзве перамогі і адно паражэнне. На чэмпіянаце свету ў Мінску Беларусь і Германія сустрэнуцца 17 мая.
Першая афіцыйная гульня Германіі на ўзроўні зборных каманд адбылася ў Мантро 10 студзеня 1910 года са зборнай Швейцарыі. Усе гучныя поспехі хакеістаў Германіі датуюцца першай паловай ХХ стагоддзя. У той час немцы заваявалі два сярэбраныя і два бронзавыя медалі чэмпіянатаў свету, а таксама адну алімпійскую «бронзу». У 1976 годзе на Алімпіядзе ў Інсбруку быў заваяваны апошні «хакейны» медаль. Як вядома, у пасляваенны час існавалі дзве хакейныя зборныя — ФРГ і ГДР. Зборная Заходняй Германіі аказалася мацнейшай — менавіта яна заваявала бронзавыя алімпійскія медалі ў Інсбруку. У 1991-м абедзве каманды аб'ядналіся пад кіраўніцтвам Федэрацыі хакея Германіі.
Як ні дзіўна, пасля аб'яднання вынікі сталі пагаршацца. Пачынаючы з 1998 года, у нямецкім хакеі пачаўся зацяжны крызіс, які доўжыўся каля 10 гадоў. У 1998 годзе каманда не патрапіла на зімовыя Алімпійскія гульні ў Нагана, а ў 1999-м — на чэмпіянат свету. У 2009 годзе нямецкія хакеісты зноў вылецелі з вышэйшага дывізіёна. Але паколькі чэмпіянат свету 2010 года праходзіў у Германіі, то каманда на правах гаспадыні засталася ў эліце.
2010-ы наогул стаў знакавым для хакейнай зборнай гэтай краіны. Пасля таго, як на Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы каманда Германіі заняла 11-е месца, генеральны сакратар Федэрацыі хакея Германіі Франц Райндль заявіў, што ў нямецкім хакеі адбудуцца грандыёзныя рэформы. І яго словы апраўдаліся: ужо ў тым жа годзе, на хатнім чэмпіянаце свету, каманда прабілася ў паўфінал і заняла чацвёртае месца. У наступным 2011 годзе зборная зноў паказала годную гульню і добры вынік. Немцы занялі першае месца ў групе і прабіліся ў чвэрцьфінал, у бітве за бронзавыя медалі яны саступілі Швецыі. На чэмпіянаце свету 2012-га здарыўся чарговы правал: зборная заняла толькі 12-е месца. Адной з прычын такога выступлення стала адсутнасць лідараў, у каманду па розных прычынах не прыехалі 8 хакеістаў.
Перад чэмпіянатам свету 2013 года зборную ўзначаліў канадзец Пэт Карціна. Пад яго кіраўніцтвам яна зноў выступіла няўдала: заняла ў сваёй групе пятае месца і не выйшла ў чвэрцьфінал.
Dеutsсhlаnd Сuр і DЕL Lіgа
Немцы штогод праводзяць Кубак Германіі, пачынаючы з 1987-га. Першапачаткова ў турніры прымалі ўдзел зборныя Чэхаславакіі (пазней Чэхіі і Славакіі), СССР (пазней Расіі), Швецыі, Фінляндыі і Канады. У канцы 1990-х цікавасць да яго знізілася, і на некаторы час Кубак перастаў існаваць. Але ў 2000 годзе, пасля трохгадовай паўзы, напярэдадні хакейнага чэмпіянату свету ў Германіі, турнір адрадзіўся.
У гэтым сезоне ў Dеutsсhlаnd Сuр прынялі ўдзел зборныя Германіі, Швейцарыі, Славакіі і ЗША. Перамаглі амерыканскія хакеісты.
Нацыянальны хакейны чэмпіянат Германіі прадстаўляла Бундэсліга, але ў 1994 годзе з-за фінансавых цяжкасцяў яна была расфарміравана і з'явілася DЕL Lіgа, у якой на гэты момант гуляюць 14 каманд. Узровень DЕL-лігі з'яўляецца дастаткова сур'ёзным. Некаторыя спецыялісты, напрыклад, лічаць яе мацнейшай за АХЛ. У Нямецкай лізе выступае шмат паўночнаамерыканскіх хакеістаў. Не так даўно гуляў там і малады хакеіст з Беларусі Арцём Дзямкоў («Гамбург Фрызерс»).
«Нязорная» зборная
Большасць членаў зборнай Германіі гуляюць у сваёй краіне. Ёсць немцы і ў Нацыянальнай хакейнай лізе: Крысціян Эрхоф («Бафала»), Марцэль Гоч («Фларыда»), Томас Грайс («Фінікс»), Дэніс Зайдэнберг («Бостан»), Аляксандр Зульцэр («Бафала»), Карбініян Хольцэр («Таронта»).
Як бачыце, сярод гульцоў нацыянальнай зборнай няма «зорных» імёнаў. Перамог нямецкі калектыў дамагаецца за кошт працы і каманднай гульні. На мінскім лёдзе немцы будуць змагацца за выхад у чвэрцьфінал. Зборная, укамплектаваная гульцамі DЕL-лігі, можа спадзявацца на падмацаванне з-за акіяна, таму што толькі каманды Дэніса Зайдэнберга і Карбініяна Хольцэра маюць добрыя шанцы на траплянне ў лік лепшых каманд НХЛ сезона 2013/2014.
Нагадаем, Германія і Францыя рыхтуюцца прыняць чэмпіянат свету па хакеі ў 2017 годзе.
Дар'я Лабажэвіч.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.