Дыферэнцаваныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі будуць удасканальвацца
Трэба прапрацаваць пытанне аб удасканаленні дыферэнцаваных тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Такую думку выказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон на пасяджэнні рабочай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Аляксандра Якабсона, парадак фарміравання тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) — адна з самых складаных тэм, яснага разумення тут няма не толькі ў насельніцтва, але і ў мясцовых органаў улады. «Нам трэба будзе не проста дэталёва паглыбіцца ў гэтыя пытанні, але і літаральна выпакутаваць правільнае рашэнне, якое ляжа пасля ў праект адзінага дакумента па ўдасканаленні работы ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі», — падкрэсліў кіраўнік КДК.
Дырэктар дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін
адзначыў, што дзяржаўная палітыка цэнаўтварэння ў сферы жыллёва-камунальных паслуг накіравана на забеспячэнне даступнасці гэтых паслуг для насельніцтва і дасягненне балансу інтарэсаў спажыўцоў і вытворцаў ЖКП. Ігар Фамін акцэнтаваў увагу на тым, што ў апошнія гады адчувальна зніжаецца ўдзельная вага затрат на аплату жыллёва-камунальных паслуг у даходах сярэднестатыстычнай сям'і з трох чалавек (сёння такая сям'я плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі каля 3% ад свайго даходу). Пры гэтым, зыходзячы з разлікаў, у студзені—маі гэтага года насельніцтва пакрывае толькі 27,3% выдаткаў на тэхабслугоўванне, 14,6% — на цеплазабеспячэнне, 16,1% — на гарачае водазабеспячэнне, 13,7% — на каналізацыю, 75% — за вываз і перапрацоўку смецця (з улікам 100 % у Мінску), 17,8% — за карыстанне ліфтам, а ў цэлым па ЖКГ — толькі 14,3 %.
Рашэнні аб павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, што прымаюцца, не адбіваюцца ў значнай ступені на ўзроўні кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, падкрэсліў Ігар Фамін. Як вынік, пры фіксаваным бюджэтным фінансаванні на аказанне ЖКП пастаянна ўзрастае нагрузка на прадпрыемствы з-за перакрыжаванага субсідавання, што прыводзіць да зніжэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
У цяперашніх умовах дзяржава не можа датаваць усіх спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, гэта занадта стратна і нерацыянальна, паколькі кладзецца вялікім грузам на бюджэт і прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі і, што вельмі важна, не стымулюе насельніцтва да эканоміі. Фактычна атрымліваецца, што датацыямі на аплату жыллёва-камунальных паслуг — за кошт бюджэтнага і перакрыжаванага фінансавання — карыстаюцца літаральна ўсе спажыўцы паслуг, незалежна ад іх даходаў. Велізарныя фінансавыя сродкі «размазваюцца тонкім слоем» па ўсіх спажыўцах паслуг — і багатых, і бедных.
Найбольш вострыя дыскусіі выклікала пытанне аб дыферэнцаванні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і мэтазгоднасці вяртання да механізму прадастаўлення безнаяўных жыллёва-камунальных субсідый для найбольш уразлівых сацыяльных слаёў насельніцтва. Як паказала практыка, дыферэнцаваныя тарыфы стымулююць спажыўцоў паслуг да таго, каб кантраляваць узровень спажывання тых ці іншых паслуг, пазбягаючы неабгрунтаванага перарасходу звыш устаноўленых нарматываў. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да эканоміі рэсурсаў на вытворчасць паслуг.
Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы аб неабходнасці ўдасканалення механізму дыферэнцаванай аплаты ўсіх відаў жыллёва-камунальных паслуг. Мэтазгодна таксама ўстанавіць абгрунтаваныя тарыфы на цеплазабеспячэнне (за 1 кв.м агульнай плошчы жылых памяшканняў ) і падагрэў вады (за 1 куб.м) для жылых дамоў, не абсталяваных індывідуальнымі і групавымі прыборамі ўліку, — такога жылля ў рэспубліцы цяпер каля 8%.
Паступіла прапанова аб забеспячэнні поўнага пакрыцця насельніцтвам выдаткаў на такія паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў, карыстанне ліфтам. Магчыма, ужо ў 2014 годзе гэта будзе рэалізавана. Прычым рэалізацыя гэтай меры не адаб'ецца істотна на жыроўках, паколькі для асобнага плацельшчыка гэта складзе толькі некалькі дадатковых тысяч рублёў, але ў агульнарэспубліканскім маштабе вызваляцца сур'ёзныя фінансавыя сродкі. Дарэчы, у Мінску з гэтага года ўжо дзейнічае 100-працэнтнае пакрыццё насельніцтвам паслуг па зборы і вывазе бытавых адходаў. І гэтае павышэнне тарыфу не ўдарыла па кашальку мінчан.
Немалаважна, што рост тарыфаў будзе ісці ў адной звязцы з аптымізацыяй выдаткаў на аказанне паслуг — на гэтым зроблены асаблівы акцэнт. Калі ўжо спажыўцы плацяць за паслугу па яе сабекошце, то фарміраванне тарыфу павінна быць максімальна празрыстым, вызваленым ад няпрофільных і іншых нерацыянальных выдаткаў.
Дарэчы, дыферэнцыяцыя тарыфаў прымяняецца ў многіх краінах свету. Ды і нарматывы спажывання вельмі адрозніваюцца. Напрыклад, у Беларусі нарматыў спажывання вады складае 140 л за суткі, а ў Літве і Латвіі — 90 л. У дачыненні да карэкціроўкі нарматываў спажывання таксама трэба будзе правесці сур'ёзную работу, у тым ліку па ўвядзенні дадатковай градацыі ў аплаце за паслугі ў залежнасці ад аб'ёму спажывання.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.