Наша грамадзянская і чалавечая пазіцыя — у чым яна?
Днямі жыхар Баранавічаў Аляксей Шугаеў нечакана (мяркую, перш за ўсё для сябе самога) стаў адным з самых папулярных герояў байнета. Пра яго спачатку напісала мясцовая прэса, артыкул перадрукаваў адзін з вядомых парталаў — і вось ужо звычайны гараджанін і яго незвычайны ўчынак абмяркоўваюць дзясяткі інтэрнэт-карыстальнікаў. Што ж такога незвычайнага зрабіў Аляксей, спытаеце? У мінулыя выхадныя ён заўважыў, як насупраць супермаркета маладая маці ледзь не перакуліла каляску на роўнай, здавалася б, нядаўна заасфальтаванай дарожцы. Аказалася, асфальт прасеў і ўтварылася ладная яма, праваліўшыся ў якую, мог пакалечыцца любы. Надвор'е было сонечнае, вакол на роліках каталіся дзеці…
Карацей, Аляксей, доўга не думаючы, прывёз у багажніку ўласнай машыны каламажку, рыдлёўку, пясок, яму засыпаў і параўнаваў. Не чакаючы, што гэта зробяць адпаведныя службы, не наракаючы на мясцовую ўладу, якая проста павінна бачыць кожную ямку каля кожнага дома і кожную перагарэлую лямпачку ў пад'ездзе (прызнаемся самі сабе: менавіта так мы часцей за ўсё робім і думаем)… Зрэшты, Аляксею да падобнага геройства (пішу без двухкосся і без іроніі, бо па нашым часе яго ўчынак менавіта так і выглядае), здаецца, не прывыкаць. За некалькі тыдняў да гэтага ён сам зачыніў (наколькі гэта ў яго атрымалася) каналізацыйны калодзеж каля гімназіі, абгарадзіў небяспечны ўчастак саматужным «плотам». Дагэтуль усе хадзілі, глядзелі, абураліся, на мясцовых форумах у інтэрнэце разгарнулася бурнае абмеркаванне, сутнасць якога зводзілася зноў жа да таго, якія благія камунальнікі і якія абыякавыя чыноўнікі (а тыя, што, седзячы за камп'ютарамі, пішуць гнеўныя каментарыі, — свядомыя грамадзяне і барацьбіты за справядлівасць). І раптам знайшоўся чалавек, які не толькі жахнуўся ад уяўлення, што можа здарыцца, калі ў той люк упадзе чыёсьці дзіця, але і задумаўся пра тое, што асабіста ён можа зрабіць, каб трагедыі не здарылася…
Не будзем разважаць цяпер пра тое, чаму і сапраўды адпаведныя службы, якія за гэта адказваюць, своечасова не зачынілі той калодзеж, не засыпалі тую яму (гэта тэма для зусім іншай публікацыі, магчыма, нават па матэрыялах праверкі кантралюючых або праваахоўных органаў)… Лепш пра нас з вамі, такіх законапаслухмяных, правільных, прыстойных. Прычым усе гэтыя рысы нярэдка дзейнічаюць толькі ў межах нашай кватэры, нашай сям'і, нашага працоўнага месца. Усё, што адбываецца вакол (нават у нашым жа пад'ездзе, нават на вуліцы, па якой мы штодня ходзім), нас хвалюе толькі на ўзроўні эмоцый: паціснуць плячыма, абурана або пагардліва фыркнуць, або — і гэта ўжо вяршыня нашай чалавечай і грамадзянскай пазіцыі — набраць на камп'ютары злосны каментарый, самому пацешыцца пры гэтым уласнай дасціпнасцю і лёгкасцю стылю. І атрымліваецца ў выніку, што чалавек, які проста зрабіў нармальны чалавечы ўчынак, становіцца героем дня, сучасным Дон Кіхотам, дзіваком, якіх мала. Але чамусьці менавіта з вуснаў гэтага дзівака звычайныя зацяганыя свядомымі грамадзянамі словы гучаць як аксіёма: «Нам самім не трэба быць абыякавымі да праблем, нават калі гэта проста яма. Усе думаюць, што хтосьці іншы павінен выправіць недахопы нашага жыцця. А дастаткова проста спыніцца, патраціць колькі хвілін, дапамагчы сваім учынкам іншаму…»
Але ўсё не так сумна і змрочна, бо я ведаю, што гэтыя словы не проста пусты гук, а кіраўніцтва да дзеяння, жыццёвы прынцып для многіх людзей — знаёмых і зусім невядомых. У доме побач з нашым сусед кожную раніцу (балазе, працуе ў другую змену) вывозіць на прагулку маладога хлопца-інваліда, маці якога б'ецца на дзвюх работах, каб сын, у мінулым спартсмен, які падаваў надзеі, меў добрыя лекі і харчаванне. Сусед не бярэ за тое грошай, не просіць падзякі — ён проста па-чалавечы дапамагае. У невялікім гарадку Круглае 84‑гадовая бабуля пяты год жыве ў чужых людзей, як у роднай сям'і: гаспадыня проста прыняла яе і абагрэла, бо бабцы не было куды ісці. У вёсцы на Гомельшчыне (нядаўна пачула гэтую гісторыю ў аблсавеце) мужыкі сабраліся і паставілі новыя платы ўдовам, старым, нямоглым. Самі, сваімі рукамі, нарэзалі штыкеты, прывезлі з лесу жэрдкі. Не наракаючы на ўладу і адпаведныя службы, не чакаючы, што нехта зверху дасць указанне. Проста людзі дапамаглі людзям… І не толькі людзям, дарэчы. Варта зазірнуць на любы з сайтаў абароны бяздомных жывёл. Гэтыя валанцёры-дзівакі не толькі падбіраюць і даглядаюць кінутых іншымі людзьмі катоў і сабак, нярэдка знявечаных, — яны пішуць ім «візіткі» з фота, спадзеючыся, што ў няшчаснай жывёлкі знойдзецца клапатлівы гаспадар. Яны не лянуюцца, не шкадуюць траціць свой час на цёплыя прачулыя словы, якія знаходзяць для кожнага свайго выхаванца. Хаця, напэўна, маглі б гэты час заняць камп'ютарнымі гульнямі, пошуку вельмі патрэбных ануч у інтэрнэт-магазіне ці сядзеннем на форуме, дзе зноў лаюць чыноўнікаў і нейкія там службы за… (варыянтаў тут безліч)…
У
сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Францыі жыў вельмі цікавы персанаж. Франсуа Гізо, дваццаць другі прэм'ер-міністр Францыі, які, як сведчаць гісторыкі, быў чалавекам даволі жорсткім, прагматычным і зусім не сентыментальным (славуты дэвіз сярэдняга класа «Узбагачайцеся!» прыдумаў менавіта ён). Але пры гэтым ён быў выдатным гісторыкам і філосафам. Дык вось, менавіта ён напісаў гэтую фразу, якая ў перакладзе ці не на ўсе мовы свету — адна з самых вядомых цытат. «Пакуль чалавек адчувае боль — ён жывы. Пакуль чалавек адчувае чужы боль — ён чалавек».
Пакуль што на гэтай зямлі пераважаюць людзі. Прынамсі, вельмі хочацца ў гэта верыць.
Алена ЛЯЎКОВІЧ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.