Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька даручыў пракантраляваць тэрміны здачы мінскіх дамоў для шматдзетных сем'яў. Такое рашэнне мэр сталіцы агучыў падчас прамой тэлефоннай лініі з насельніцтвам Мінска.
Насамрэч пераважная большасць званкоў, якія паступілі на «прамую лінію», тычылася тэмы будаўніцтва жылля ў Мінску. Значная частка зваротаў паступіла ад шматдзетных сем'яў. Многія з іх прад'яўлялі прэтэнзіі па якасці жылля, тэрмінах яго здачы, кошце квадратнага метра і выдзяленні льготных крэдытаў.
Таму мэр сталіцы распарадзіўся ў бліжэйшы час склікаць нараду ў Мінгарвыканкаме па пытаннях жыллёвага будаўніцтва. На яго думку, асаблівай увагі патрабуюць дамы, якія будуюцца не ў панэльным выкананні. У цэлым ёсць вострыя пытанні, а многія праблемы могуць узнікнуць ужо ў бліжэйшы час. Ён акцэнтаваў увагу на тых дамах, дзе падчас будаўнічых работ цана была перагледжана ў бок павелічэння.
Жыхары сталіцы таксама пыталіся пра будаўніцтва новых школ і паліклінік у Мінску. У прыватнасці, жыхары мікрараёна Каменная Горка-3 цікавіліся планамі будаўніцтва школы. Спадар Ладуцька растлумачыў, што сёлета будаўніцтва такой школы не пачнецца. Тэрміны пачатку яе будаўніцтва — апошняя дэкада наступнага года. Што тычыцца новых устаноў аховы здароўя, то ў ліпені сёлета плануецца адкрыць паліклініку ў мікрараёне Дружба. Застаюцца пытанні і аб капітальным рамонце 15-й гарадской паліклінікі. Гэта звязана з тым, што фінансаванне было скарочана. Аднак камітэту па ахове здароўя Мінгарвыканкама будзе даручана даўкамплектаваць паліклініку дадатковым медыцынскім абсталяваннем, удакладніў пазіцыю мэрыі Мікалай Ладуцька.
Сяргей КУРКАЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.