ХХV рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ сярод вучнёўскай моладзі даказаў існаванне ў нашай краіне сапраўднай школы падрыхтоўкі будучых навукоўцаў. Да таго ж біёлага-экалагічныя веды становяцца пэўнай часткай культуры грамадства
Веды супраць экалагічных выклікаў
...Дзіўны свет прыроды прываблівае чалавека з маленства. Кожнаму хочацца паспрабаваць сябе ў ролі эксперыментатара — такі спакуслівы гэты смак пазнання навакольнага свету. Калі атрыманыя веды ўзбагачаюць аднаго чалавека, то навуковыя адкрыцці могуць перайначыць жыццё ўсяго чалавецтва. Чаму і беларусам не быць сярод праслаўленых навукоўцаў свету, дасягнуўшых за кошт сваіх адкрыццяў паляпшэння якасці жыцця на планеце?
Актуальнасць пытання мае і другі бок. Усеагульная біялагічная неграматнасць значнай колькасці насельніцтва планеты, а таксама спецыялістаў, ад якіх залежыць прыняцце рашэнняў у розных галінах, вядзе да пагрозы глабальнага антрапагеннага крызісу.
Плён ад намаганняў, прыкладзеных на распаўсюджванне інавацыйнай адукацыйнай тэхналогіі ў падтрымку юных аматараў прыроды ў Беларусі, аказаўся рознабаковым, і цяжка вызначыць, што з ажыццёўленага мае найбольш каштоўныя вынікі. За апошнія гады вучнямі падрыхтавана і заслухана на высокім узроўні вучоных-прафесіяналаў больш за 1000 дакладаў і навукова-даследчых праектаў. 12 педагогаў і 506 вучняў узнагароджаны прэміяй Фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
У скарбонцы лепшых юных біёлагаў-эколагаў краіны — 45 медалёў, прывезеных з міжнародных конкурсаў. Сваім поспехам навукоўцы-пачаткоўцы заявілі ў розных краінах свету аб багатым інтэлектуальным патэнцыяле Беларусі. Многія з удзельнікаў конкурсу звязалі свой далейшы лёс з навуковай, грамадскай экалагічнай дзейнасцю. Напрыклад, Алег Давыдзенка стаў адным з вядучых вучоных нашай краіны ў галіне генетыкі раслін і чалавека. Пад яго кіраўніцтвам працуе вялікі калектыў лабараторыі храмасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Многія з яго выхаванцаў атрымалі навуковыя ступені, сталі прызнанымі вучонымі, працуюць побач з настаўнікам у створанай ім лабараторыі.
Рэспубліканскі, а тым больш міжнародны конкурс, — гэта вяршыня, на якую трапляюць найбольш дасціпныя і мэтанакіраваныя ў сваім пошуку вынаходнікі. Для таго, каб узысці на яе, трэба прайсці раённы, абласны этапы конкурсу. А першая і, напэўна, найбольш важная прыступка да прызнання будучых заслуг — гэта схільнасць на ўроку да біялагічных ведаў, жаданне спазнаць існасць законаў навакольнага свету, быць перакананым у тым, што чалавек прыродныя багацці можа спажываць сабе на карысць, аднак ні ў якім разе не мае права наносіць прыродзе шкоду.
Можна з поўнай упэўненасцю гаварыць, што конкурс мае надзвычай шырокае кола ўдзельнікаў, кожны з якіх атрымлівае бясспрэчную перамогу — папаўняе рады адукаваных людзей.
Пе
раконваць у перамозе — па-англійску
Да ўдзелу ў сёлетнім рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ школьнікаў было прынята 97 праектаў. Як аберагаць прыроду і захоўваць усё жывое на зямлі, канкурсанты адлюстроўвалі ў сваіх дакладах і даказвалі ў шасці навукова-даследчых секцыях.
«Па сутнасці, кожная з работ з'яўляецца грунтоўным навуковым даследаваннем. Асобныя работы носяць прыкладны характар, і ўжо сёння іх можна выкарыстоўваць на практыцы», — такую ацэнку па выніках конкурсу даў старшыня журы кандыдат біялагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Аляксандр Хандогій. Сярод найбольш цікавых ён вызначыў даклады, якія датычыліся даследаванняў птушак, смаўжа вінаграднага, вывядзення чыстапародных сярэднееўрапейскіх пчол, выкарыстання аеру балотнага ў лячэбных мэтах.
Пераможцамі сёлетняга юбілейнага конкурсу сталі Дар'я Пашкевіч (Экалагічны цэнтр г. Белаазёрска, вучаніца гімназіі г. Белаазёрска), Ілья Саўчанка (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, вучань гімназіі № 1 г. Віцебска), Аляксей Радчанка (вучань 10 класа СШ № 1 г. Крычава), Ксенія Маслак, (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, вучаніца 11 класа гімназіі № 56 г. Мінска), Ілья Навасельскі, (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, вучань 10 класа гімназіі № 6 г. Мінска), Павел Татур (вучань 10 класа СШ № 3 г. Асіповічы).
На другі дзень конкурсу абарона праектаў вялася на англійскай мове — мове сусветнай навукі. Пераможцы конкурсу ўвойдуць у склад каманды, якая ў бліжэйшы час будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным узроўні.
--------
І ўсё ж такі, якія перавагі можа атрымаць чалавецтва ў недалёкай перспектыве ад біялагічнай навукі?
Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка вызначае тры кірункі, якія зробяць істотную рэвалюцыю ў развіцці чалавецтва:
— Гэта стане магчымым дзякуючы бурнаму развіццю малекулярнай генетыкі, малекулярнай біялогіі, біяхіміі.
Ёсць магчымасць вывучаць асабісты геном кожнага чалавека, што прынцыпова важна для медыцыны, якая стане лячыць хворых не агульна, а кожнага асобна. Да гэтага мы ўжо наблізіліся. Наша лабараторыя здольная рабіць дыягностыку, чаму лякарствы адным падыходзяць, а іншым — не. Гэта вельмі важна для развіцця індывідуальнай медыцыны.
Пакуль што не вядома, як чалавек думае, запамінае, захоўвае інфармацыю, як яна перадаецца ад нейрона да нейрона. У цэнтры вывучэння — мозг чалавека. Мая лабараторыя гэтым не займаецца, а ў сусветнай біялогіі вядуцца актыўныя даследаванні. Для гэтых мэт асабліва многа выдзяляецца сродкаў у ЗША, іншых краінах Захаду. Калі ўдасца даследаваць мозг глыбей, адкрыюцца новыя перспектывы ў лячэнні людзей, дапамозе ім у іншых кірунках. Пераносячы ўсё самае лепшае з біялогіі ў свет тэхнікі, можна будзе ствараць разумныя машыны. Для чалавецтва гэта стане каласальным прарывам наперад.
Дасягненні генетыкі здольныя паскорыць і селекцыйны працэс. Дзедаўскія метады адбору, ацэнкі і г.д. (хаця пэўным чынам не абысціся і без іх) замяняюць новыя інструменты, якія дазваляюць хутчэй удасканальваць пароды жывёлы. Генная інжынерыя, малекулярныя маркеры набліжаюць да таго, што мы бачыць не можам. Расліна відавочная знешне: яна высокая або нізкая, але немагчыма ўбачыць, ці ёсць там гены фотаперыядызму, высокага бялка. З дапамогай генетычных інструментаў пачынаем гэта бачыць, з тысячы формаў вызначаць тое, што важна для гібрыда. А з гібрыдаў адразу выбіраць гомазігоды, якія маюць патрэбны набор патрэбных генаў. Гэта не толькі істотна паскарае селекцыйны працэс, але і робіць яго больш эфектыўным.
Алена Стэльмах.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.