Сакрэт даўгалецця бабулі Каці
Кацярыне Якаўлеўне Курусавай, жыхарцы Гарадоцкага раёна, на днях споўнілася 100 гадоў! Цікава, што да Вялікай Айчыннай вайны яна працавала паштальёнам. Значыць, разносіла разам з іншымі газетамі і «Звязду». Што дзіўна, у сваім вельмі паважаным узросце бабуля працуе на агародзе, ходзіць у лазню і можа, як кажуць, падтрымаць кампанію падчас сямейных застолляў.
Але, на жаль, яна вельмі дрэнна чуе. Таму мне пра яе расказаў 58-гадовы сын Уладзімір Дзмітрыевіч Курусаў. Мужчына, які працуе механікам у гаспадарцы, апошнія некалькі гадоў жыве з мамай. Вядома, даглядае і нават уколы ёй робіць.
— Мы жывём у вёсцы, за 20 кіламетраў ад райцэнтра. Маме маёй 5 сакавіка споўнілася 100 гадоў. Так, яна нарадзілася ў Гарадоцкім раёне. Але той вёскі ўжо, на жаль, даўно няма. Я каля 5 гадоў жыву разам з ёю. Не хацела мама, каб да сябе ў дом «забраў», таму сам пераехаў да яе. Акрамя мяне, у мамы было яшчэ двое дзяцей. Старэйшы брат памёр, а сярэдні жыве ў Санкт-Пецярбургу.
Паводле слоў Уладзіміра Дзмітрыевіча, Кацярына Якаўлеўна скончыла толькі чатыры класы, працавала да вайны паштальёнам. Пасля Вялікай Айчыннай вайны дэмабілізавалі яе ў Германію, каб жывёлу, канфіскаваную ў немцаў, гнала праз Германію і Польшчу ў Беларусь...
Добра памятае Кацярына Якаўлеўна і як пачыналася калектывізацыя, і голад 1930-х гадоў. У 1933 годзе хлеба на стале вяскоўцаў не было.
Вядома ж, аўтар гэтых радкоў паспрабаваў больш дэталёва запытаць аб здароўі, сакрэце даўгалецця бабулі.
Высветлілася, што бачыць яна і цяпер добра. Яшчэ мінулым летам у агародзе лёгкую працу выконвала: градкі капала, праполвала, палівала. Працаваць на зямлі для яе — задавальненне. Раней бабуля трымала кароў, свіней. А цяпер у хатняй гаспадарцы толькі куры.
— Сакрэт даўгалецця ў чым? Просты ён: аптымізм і ўмеранасць у харчаванні! Ніколі шмат не ела, пераборлівая ў ежы... Шкодных звычак не было ніколі. Калі чарачку гарэлкі вып'ем разам — і ўсё... Не курыла, мужу верная была. А вось асноўны «сакрэт», — аптыміст яна! Хоць наглядзелася ў вайну многага... Здароўе ў яе моцнае. Толькі ад ціску лекі прымае. Бывае, суставы забаляць, дык укол зраблю, і лягчэй ёй становіцца. І ўрач, вядома ж, да нас наведваецца. Мама вельмі дрэнна ходзіць — метраў 100, не больш. Сэрца пры гэтым здаровае, аперацый ніколі ёй не рабілі. Ходзіць у лазню. У нас жа свой дом, дык як без лазні? Ды маму хоць у самалёт пасадзі, вытрымае, — смяецца сын юбіляркі.
Хочацца шчыра пажадаць Кацярыне Якаўлеўне яшчэ шмат гадоў. Упэўнены, што так яно і будзе!
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота Ганны Навумавай.
Гарадоцкі раён.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.