Удзельнікі трэцяга сезона рэаліці-шоу «Акадэмія талентаў» спаборнічаюць за 100 мільёнаў рублёў
«Гэта больш, чым школа выканаўцаў-пачаткоўцаў, больш, чым музычны праект. Гэта сапраўдны кірмаш славалюбства і барацьба самых уплывовых і прафесійных прадзюсараў беларускага шоу-бізнесу». Менавіта пад такой заманлівай фармулёўкай пачынаўся два гады таму тэлепраект «Акадэмія талентаў». Сёлета ў яго прыйшлі новыя вядучыя, новыя прадзюсары і «трэці курс» маладых артыстаў, якія хочуць прарэзаць сабе не тое каб акно, а пажадана нават парадны ўваход на вялікую сцэну.
Ахвотнікаў вучыцца ў «Акадэміі талентаў» было шмат — на адборах пабывалі больш за 2000 чалавек! Прычым, як пераканаліся карэспандэнты «Звязды», зазірнуўшы на кастынг, абсалютная большасць маладых артыстаў мае вопыт сцэнічных выступленняў і прафесійную адукацыю, таму спаборніцтва за месца пад сафітамі абяцае быць сур'ёзным.
Каманда тэлевізійнікаў, са свайго боку, пастаралася зрабіць праект яшчэ больш цікавым для гледачоў і ўдзельнікаў. Напрыклад, кандыдатам давялося прайсці не толькі творчы адбор з жывым гукам ад «Chіefs Band», але і псіхалагічную гутарку. Своеасаблівае выпрабаванне на стрэсаўстойлівасць падрыхтавалі і для прадзюсараў, якіх пазбавілі магчымасці перапыняць выступленні. Цяпер выказваць ацэнкі і заўвагі, а таксама выносіць канчатковы вердыкт можна будзе толькі даслухаўшы ўсіх да канца.
У прадзюсарскую «птушку-тройку» сёлета ўвайшлі кампазітар і гукарэжысёр Леанід Шырын, кампазітар і прадзюсар Павел Клышэўскі і прадзюсар дзявочага гурта «Las Vegas» Яна Станкевіч, прычым кожны са сваёй устаноўкай, якіх менавіта артыстаў жадаюць знайсці. «Для мяне галоўнае ва ўдзельніках — харызма, — зазначае Павел Клышэўскі. — Неабходна знайсці не толькі таго, хто ўмее спяваць, але і таго, хто зможа спяваць пасля завяршэння праекта, зробіць песні вядомымі. Хоць за 1,5 хвіліны, па шчырасці, вельмі цяжка зрабіць выбар». Леанід Шырын прызнаецца, што падчас адбору звяртаў увагу як на сцэнічны талент, так і на характар выканаўцы, каб з ім было камфортна супрацоўнічаць. А вось Яна Станкевіч лічыць, што вакал можа быць і недасканалым, але нават пачаткоўцам неабходна мець прафесійную базу, а не ісці ў шоу-бізнес «з вуліцы».
Дзеля справядлівасці заўважым, што выбіралі не толькі прадзюсары — калі той ці іншы ўдзельнік зацікавіў адразу некалькіх профі, ім таксама даводзілася канкурыраваць і распавядаць, што кожны з іх можа прапанаваць маладому артысту. «У мяне песень — як бруду, толькі спявай!» — спакушаў чарговую галасістую дзяўчыну Клышэўскі. — «А я думаю, што мы супадаем па характары і бачанні рэпертуару», — спакойна заўважала Яна Станкевіч. Да каго з іх у выніку запісалася ў вучні артыстка, убачым ужо зусім хутка: новы сезон «Акадэміі талентаў» стартуе з 15 сакавіка, і першыя 4 выпускі рэаліці-шоу якраз раскрыюць падрабязнасці адбору.
А яшчэ пастаянных гледачоў праекта чакае сюрпрыз — новы вядучы. Дакладней, вядучыя. Энергічны і дзёрзкі Андрэй Бонд, які змяніў на шоу Дзмітрыя Шуніна, з задавальненнем узяў на сябе ролю «дрэннага паліцэйскага», які за кулісамі праекта бязлітасна крытыкуе і абмяркоўвае выступленні ўдзельнікаў з іх групамі падтрымкі. Яго сувядучую — яна праваднік артыстаў на сцэну і цалкам станоўчы персанаж — гледачы таксама добра ведаюць, але крыху ў іншым амплуа і нават на іншым тэлеканале. Імя гэтага анёла-ахоўніка канкурсантаў, які адмыслова прыляцеў з ЗША на здымкі, тэлепрадзюсары вельмі прасілі не раскрываць да пачатку трансляцый. Але ўжо ў гэту суботу таямніца стане сакрэтам палішынеля…
Што сакрэтам не з'яўляецца, гэта галоўны прыз трэцяй «Акадэміі талентаў». І ён таксама змяніўся: цяпер гэта не аддаленая магчымасць зняць кліп для пераможцы, а цалкам адчувальныя на дотык 100 мільёнаў беларускіх рублёў, якія можна выдаткаваць хоць на кліп, хоць на новыя песні. Таксама лепшы выпускнік атрымае кантракт з вядомым беларускім прадзюсарам і права распачаць адкрыты фестываль жывой музыкі «Мост», які адбудзецца ўлетку на аэрадроме «Баравая» пад Мінскам. Трэба для гэтага ўсяго нічога — за 12 тыдняў годна прайсці шэраг творчых выпрабаванняў і даказаць сабе, прадзюсарам, калегам-канкурэнтам і гледачам, што ты — нумар адзін.
Простая мова
— У тэхнічным сэнсе гэта самы складаны праект з усяго, што мы рабілі, бо тут вельмі шмат жывога гука, — падзялілася кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжэліна Мікульская. — І шмат цікавінак. Напрыклад, мы запісваем «сакрэтныя перамовы» прадзюсараў, калі яны абменьваюцца ўражаннямі пасля выступлення чарговага кандыдата. Пры тым ні зала, ні ўдзельнікі гэтыя размовы не чуюць, яны з'явяцца ўжо толькі ў эфіры. Да таго ж у праекце новая студыя, новыя правілы, новыя вядучыя і прадзюсары — і, безумоўна, новыя, вельмі цікавыя ўдзельнікі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.