ўдалося карэспандэнту «Звязды»
«Міксы», «маркі», «спайсы»... Праваахоўнікі і ўрачы б'юць трывогу: хваля псіхатропных рэчываў літаральна захліствае Беларусь. Іх ужыванне стала фатальным за апошнія два месяцы ў Мінску для сямі маладых людзей, у якіх наперадзе было ўсё жыццё... Распаўсюджваецца гэтая атрута пераважна з дапамогай віртуальнай прасторы, у якой юнакі і дзяўчаты праводзяць усё больш часу. Таму карэспандэнт «Звязды» правёў эксперымент: а ці насамрэч так лёгка здабыць зелле?
Стаўлю сябе на месца чалавека, які жадае набыць допінг для падробкі шчасця... Апынуўшыся на старонцы папулярнага пошукавіка, пачынаю ўводзіць фразу, і ўжо на пятым сімвале ў вялікім спісе з'яўляецца патрэбны радок. Значыць, колькасць запытаў маленькай назваць не атрымліваецца. З дапамогай спецыяльнага сэрвісу, які дапамагае адсочваць папулярнасць запытаў, высвятляю, што агульная колькасць іх з такімі словамі ў месяц дасягае некалькіх тысяч...
Пошукавік выдаў дзясяткі старонак, на якіх рэкламуюцца спайсы, міксы, «маркі» і іншая падобная атрута. Адна са спасылак вядзе на сайт з просценькім, але «шматабяцальным» дызайнам. Стваральнікі яго абяцаюць «100‑працэнтную гарантыю якасці» і запэўніваюць, што «а галоўнае — усё легальна!» Для большага пераканання кліентуры на сайце змешчаны спіс забароненых рэчываў, а для паўнаты прадчування на сайце «красуецца» фота. Не ведаю, у каго як, але ў мяне гэты здымак чалавека пад «кайфам» выклікаў агіду…
Але на сайце белым па чорнаму сказана: «Часова не працуем». Затое стваральнікі яго па-ранейшаму шукаюць аптовых кліентаў па ўсіх гарадах Беларусі…
Знаходжу іншую спасылку. Яна прыводзіць на сайт, на галоўнай старонцы якога знаходзяцца нумары мабільных тэлефонаў дылераў. «Клюнула!» — падумаў і пайшоў да бліжэйшага таксафона: — «свяціць» без асаблівай патрэбы нумар уласнага мабільнага не хацелася… Але і тут спасцігла няўдача. Пасля набору што аднаго, што другога нумара ў трубцы гучала адно і тое ж: «Набраны вамі нумар не існуе»…
Аднак вернемся да вынікаў, якія выдаў пошукавік. Па адной са спасылак трапляю на партал аб'яў чамусьці ў рубрыку «Камп'ютары, аргтэхніка, канцтавары». Аб'ява гэтая, аднак, была добра замаскіравана пад продаж… марозіва. Гандляры псіхатропамі абяцаюць «добры сэрвіс, «закладкі» па ўсіх раёнах Мінска». І нават цэннік вісіць. Тут на памяць прыйшла недзе пачутая аб'ява трыццацігадовай даўніны «Набіраецца група для калектыўнага заплыву стылем прэферанс».
Тэлефаную па ўказаным нумары. І чую пытанне ў адказ: «А чаму вы падумалі, што я гэтым займаюся? І ўвогуле, хто вы такі?» Пасля чаго ў слухаўцы раздаліся кароткія гудкі…
Той жа пошукавік прывёў на інтэрнэт-форум, на якім ідзе абмеркаванне ўздзеяння на свядомасць разнастайных псіхатропных рэчываў. Адна з рэплік уразіла да дрыжыкаў. Аўтар апавядаў, як ён увечары цягаўся па кватэры, збіраў сваю галаву, бачыў якіхсьці людзей. Калі ж ён заплюшчваў вочы, то адчуваў, як яго збівае цягнік… На гэтым жа форуме ёсць шмат каментарыяў, у якіх змешчана рэклама віртуальных гандляроў зеллем.
Знайшліся на розных інтэрнэт-пляцоўках і кантактныя даныя прадаўцоў ядавітага «шчасця». З двума, аднак, праз сеціва звязацца не ўдалося. Скайп упарта маўчаў. Але вось прагучаў сігнал. Кантакт устаноўлены…
«Мы робім «закладку». Пералічы 150 тысяч на электронны кашалёк і праз тры гадзіны забірай тавар на лесвічнай клетцы дома… Нумар электроннага кашалька зараз дашлю».
Але пра гэты нумар я так і не даведаўся, бо тут жа экстранна спыніў перапіску. Фінансаваць дылераў, якія распаўсюджваюць псіхатропныя рэчывы, ахвоты не было ніякай з самага пачатку.
Такім чынам, па выніках эксперыменту можна зрабіць выснову: прадаўцы смяротна небяспечнага зелля настолькі адкрыта, як раней, ужо не працуюць. Але з чым гэта звязана? Мабыць, яны пасля хвалі смяротных выпадкаў, выкліканых спажываннем «спайсаў» і «марак», якая пракацілася па сталіцы, спалохаліся наступстваў і вырашылі сысці ў цень? А калі нават і так, то як доўга прадоўжыцца гэты перыяд? Спыняю таймер на гадзінніку: дылера ўдалося адшукаць у інтэрнэце ўсяго за нейкія чатыры гадзіны. І гэта «навічку».
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.