Учора Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кiраўнiком Рэспублiкi Мардовiя Расiйскай Федэрацыi Уладзiмiрам Волкавым. Беларускi кiраўнiк прапанаваў Мардовii прапрацаваць новыя варыянты кааперацыi для выпуску высокатэхналагiчнага канкурэнтаздольнага беларуска-расiйскага прадукту.
«Трэба прапрацаваць новыя варыянты кааперацыi, задзейнiчаўшы для гэтага не толькi наш вытворчы, але i навукова-тэхналагiчны i кадравы патэнцыял для выпуску высокатэхналагiчнага канкурэнтаздольнага беларуска-расiйскага прадукту», — сказаў Прэзiдэнт.
Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, развiццё ўсебаковага супрацоўнiцтва з рэгiёнамi Расii застаецца адным з важнейшых прыярытэтаў для Беларусi. «Нашы прамыя кантакты без перабольшання можна назваць асновай гандлёва-эканамiчных сувязей дзвюх краiн», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, эканомiкi Беларусi i Мардовii ў нечым падобныя i ў многiм дапаўняюць адна адну. «Таму, лiчу, не памылюся, назваўшы асноўнымi напрамкамi ўзаемадзеяння вытворчую кааперацыю, аграпрамысловы комплекс, будаўнiчую, iнавацыйную сферы», — сказаў Прэзiдэнт. Разам з тым ён канстатаваў, што аб'ёмы ўзаемнага гандлю Беларусi з Мардовiяй у мiнулым годзе знiзiлiся ў параўнаннi з 2012 годам больш чым у два разы i склалi каля $50 млн. А ў дакрызiсным 2008 годзе гэты паказчык складаў прыкладна $170 млн. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што неабходна пераадолець негатыўныя тэндэнцыi i аднавiць узровень гандлёва-эканамiчных адносiн. «Гэта наша галоўная з вамi задача», — сказаў Прэзiдэнт.
Беларусь гатова забяспечваць мардоўскiх партнёраў шырокiм спектрам аўтамабiльнай, дарожна-будаўнiчай, сельскагаспадарчай, пасажырскай, камунальнай тэхнiкi, у тым лiку з выкарыстаннем узаемапрымальных фiнансавых iнструментаў i ў рамках вытворчай кааперацыi.
Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што Мардовiя, як i Беларусь, мае развiтую прамысловасць, а гэта добрая база для развiцця кааперацыi. «Пры прапрацоўцы новых варыянтаў кааперацыi, дзе плануецца задзейнiчаць навукова-тэхналагiчны i кадравы патэнцыял, трэба пашыраць супрацоўнiцтва ВНУ i навукова-даследчых арганiзацый», — сказаў Прэзiдэнт.
Як вядома, у маi 2014 года ў Мiнску пройдзе чэмпiянат свету па хакеi, а Мардовiя рыхтуецца да арганiзацыi матчаў чэмпiянату свету па футболе ў 2018 годзе, які пройдзе ў Расіі. Як лiчыць Аляксандр Лукашэнка, мардоўскi бок можа выкарыстоўваць вопыт беларускiх будаўнiкоў. Акрамя таго, у Беларусi вырабляюць будматэрыялы, лiфтавае абсталяванне i гатовы забяспечыць патрэбнасцi мардоўскiх будаўнiкоў.
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму развiцця сувязей у гуманiтарнай сферы. «Вы нам не чужыя людзi — нас трывала звязвае агульная культура i гiсторыя», — сказаў кiраўнiк дзяржавы. На яго думку, шмат аб чым сведчыць той факт, што юбiлейнымi медалямi «70 гадоў вызвалення Рэспублiкi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў» будуць узнагароджаны больш за 120 жыхароў Мардовii, якiя прымалi ўдзел у баявых дзеяннях i вызваленнi Беларусi.
Прэзiдэнт падкрэслiў, што на перагаворах беларускi бок гатовы максiмальна аператыўна разгледзець усе прапановы i выйсцi на канкрэтныя дамоўленасцi ў мэтах пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўнiцтва з Мардовiяй.
Паводле матэрыялаў БЕЛТА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.