За «круглым сталом» у Савеце Рэспублікі сенатары, дэпутаты парламента, эксперты, прадстаўнікі цэнтральнага банка, буйных кампаній і міністэрстваў шукалі спосабы прыцягнення ў беларускую эканоміку замежнага капіталу. Нагодай для размовы сталі прамежкавыя вынікі маніторынгу ў практыцы прымянення законаў, якія рэгулююць інвестыцыйныя працэсы ў краіне. Падобны маніторынг — новы кірунак дзейнасці верхняй палаты парламента. Яго мэта — абмеркаванне і своечасовая карэкціроўка надзвычай важных для краіны заканадаўчых актаў. Тэма, якую Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах вынесла на абмеркаванне, вельмі актуальная яшчэ і таму, што сёння ў парламенце знаходзіцца закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, які павінен актывізаваць удзел прыватных інвестараў у беларускай эканоміцы.
Гарантыі, празрыстасць і зручнасць
Разам з тым, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Анатоль РУСЕЦКІ заклікаў пытанне прыцягнення інвестыцый не разглядаць вузка. «Недастаткова казаць толькі пра законы», — сказаў ён.
Удзельнікі «круглага стала» не абмяркоўвалі і саму неабходнасць прыцягнення ў Беларусь замежнага капіталу. Яны пагадзіліся з тым, што ў краіне недастаткова сродкаў, каб стварыць і развіць новыя вытворчасці, новыя галіны ў эканоміцы, таму вельмі важна, каб замежныя інвестары ўкладвалі сродкі ў Беларусь. Задача такая ўзнікла не ўчора. За апошнія гады было прынята некалькі законаў і іншых прававых дакументаў, якія павінны былі павысіць прывабнасць Беларусі для замежных інвестараў. Аднак дабіцца такога прытоку капіталу ў нашу краіну, які відавочна забяспечыў бы яе эканамічны рост, пакуль не ўдаецца.
— Прыйшоў час крытычна ацаніць нашы пажаданні і магчымасці, каб змяніць сітуацыю, — паведаміў мадэратар пасяджэння Уладзімір ПАНЦЮХОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па бюджэце і фінансах.
Ён расказаў пра вынікі праведзенага Пастаяннай камісіяй маніторынгу. Сенатары атрымалі 70 заўваг ад суб'ектаў інвестыцыйнага працэсу і вучоных, з іх 50 — з прапановамі па рэалізацыі. Асноўнымі перашкодамі для росту інвестыцый названы высокія падаткі, дарагія крэдыты і энергарэсурсы.
На фарміраванне прывабнага для ўкладання грошай іміджу краіны ўплываюць стабільнасць умоў інвеставання, наяўнасць гарантый абароны правоў уласнасці, зразумелыя правілы гульні на рынку. Таму адной з галоўных прапаноў стала замацаванне на ўзроўні закона парадку вызначэння памеру і ўмоў кампенсацый у дачыненні да ўсіх інвестыцый у Беларусі пры правядзенні нацыяналізацыі.
Інвестары таксама скардзяцца на складанасць пошуку і атрымання зямельных участкаў для стварэння вытворчых плошчаў. Праблемнай для рэалізацыі праектаў яны называлі галіну альтэрнатыўнай энергетыкі: з-за недасканаласці нарматыўна-прававой базы і адсутнасці механізму рэалізацыі прадугледжаных заканадаўствам ільгот.
— Асаблівая тэма — пазіцыя рэгіёнаў, — заўважыў Уладзімір Панцюхоў. — У мясцовых улад адсутнічае матывацыя шукаць інвестыцыі, бо паказчык прыцягнення інвестыцый улічваецца не па месцы прыкладання інвестыцыйнага капіталу, а па месцы рэгістрацыі інвестара.
Прамежкавы аналіз дзеючага заканадаўства паказаў неабходнасць паправак у законы аб канцэсіях, аб аднаўляльных крыніцах энергіі, аб архітэктурнай, горадабудаўнічай дзейнасці ў Беларусі, рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах. Неабходна таксама ўдасканальваць заканадаўства, якое рэгулюе інвестыцыйную дзейнасць у рэгіёнах. Шэраг прапаноў мае на ўвазе змены ў заканадаўстве, якое звязана з маёмасцю.
— Наша задача — зрабіць усё, каб інвестар зразумеў, што ўкладанні ў Беларусь выгадныя і надзейныя, — лічыць сенатар. — Прапаную кіравацца пры гэтым наступным прынцыпам: умовы для інвестыцыі калі і змяняць, то толькі ў лепшы бок.
Тэмп ёсць, плёну мала
Калі азірнуцца назад, то можа падацца, што Беларусь у сферы інвестыцый зрабіла сапраўдны прарыў. Такое ўражанне склалася ад агучаных прадстаўніком Міністэрства эканомікі лічбаў. У 2001—2013 гг. тэмп інвестыцый у асноўны капітал у два разы перавышаў тэмп росту валавога ўнутранага прадукту. 3 2008 па 2013 год у эканоміку ўкладаліся сумы $15—20 млрд штогод. Колькасць камерцыйных арганізацый з замежнымі інвестыцыямі за апошнія 7 гадоў павялічылася амаль удвая. На 1 студзеня 2014 года заключана і дзейнічае 1248 інвестыцыйных дагавораў на суму каля $35 млрд.
Аднак усе лічбы адносныя. Гэта можна сказаць і пра чытырохкратнае скарачэнне адрыву Беларусі ад краін Еўрапейскага саюза па ўзроўні назапашаных замежных інвестыцый без уліку запазычанасці. У 2006 годзе мы адставалі ад аб'яднанай Еўропы ў 42 разы, а цяпер толькі... у 10 разоў.
Такім чынам, рух наперад відавочны, але да таго, каб быць задаволенымі, нам пакуль далёка. З гэтым звязаны і перамены ў інвестыцыйнай палітыцы нашай краіны. Яе мэта цяпер не тэмпы росту, а эфектыўнасць укладання грошай.
— Ва ўмовах недахопу ўнутраных крыніц фінансавання асноўнай задачай стала прыцягненне сродкаў замежных інвестараў. Пры гэтым маюцца на ўвазе не толькі грошы, але і ноу-хау ў тэхналогіях, менеджменце, маркетынгу, якія дазваляюць дасягнуць больш высокага ўзроўню вытворчасці працы з меншымі тэрмінамі і выдаткамі, — паведаміў Сяргей ВАЙЦЯХОЎСКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Беларусі.
Укладваюць туды, дзе стабільна
Пра залежнасць прамых замежных інвестыцый (якія дазваляюць рэалізаваць буйныя і важныя праекты) ад макраэканамічнай стабільнасці (стабільнасці цэн, абменнага курсу нацыянальнай валюты і іншых умоў) казаў за «круглым сталом» Савета Рэспублікі Дзмітрый Калечыц, начальнік Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Беларусі.
— У Беларусі сярэдні паказчык інфляцыя за апошнія 12 гадоў склаў каля 38%. Адпаведна, мы займаем адно з апошніх месцаў па ўзроўні прыцягнення прамых замежных інвестыцый у адносінах да ВУП, — сказаў ён. — Адсутнасць макраэканамічнай стабільнасці перашкаджае рэалізацыі доўгатэрміновых праектаў з удзелам замежных інвестыцый і, як следства, запавольвае тэмп эканамічнага росту краіны.
У краіне саспеў пераход да палітыкі падтрымання макраэканамічнай стабільнасці як самай важнай умовы ўстойлівага эканамічнага развіцця, паведаміў Дзмітрый Калечыц. У сувязі з гэтым галоўная мэта грашова-крэдытнай палітыкі ў 2014 годзе — запавольванне інфляцыі з леташніх 16,5% да 11%. Прадстаўнік цэнтральнага банка папярэдзіў, што жорсткая манетарная палітыка будзе захоўвацца, і хоць узровень працэнтных ставак зменшыцца, але аб'ём крэдытаў застанецца абмежаваным. Таму вельмі важна павысіць эфектыўнасць іх выкарыстання.
«Калі нам стварыць такія ўмовы, мы і без інвестара справімся»
Пра паспяховы вопыт прыцягнення замежных інвестыцый праз выхад на фондавую біржу расказаў былы кіраўнік буйнейшага вытворцы жаночай бялізны ва Усходняй Еўропе — кампаніі «Мілавіца» — Дзмітрый Дзічкоўкі:
— Выхад на фондавую біржу дае кампаніі некалькі ключавых пераваг. Па-першае, гэты інструмент прымушае пераходзіць на міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці. А гэта — цалкам іншы погляд на эканоміку прадпрыемства. Другое, што вельмі важна для дзяржавы як асноўнага ўладальніка актываў (70% эканомікі ВУП ствараецца дзяржаўным сектарам), — рэальная ацэнка кошту кампаніі. Трэцяя перавага — доступ да рынку замежнага капіталу.
«Мілавіца» праз выхад на фондавыя рынкі прыцягнула на першым этапе 10 млн еўра, на другім — 5 млн еўра. Дзякуючы атрыманым грошам было адкрыта 600 магазінаў па ўсім свеце, створаны лагістычны цэнтр. Але самае галоўнае, лічыць былы кіраўнік, кампанія можа прагназаваць сваю будучыню.
На іншыя праблемы ў пошуку замежных інвестараў звярнула ўвагу сенатар і намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Гродна Азот» Тамара Паследняя.
— Наша прадпрыемства ўжо 10 гадоў спрабуе знайсці інвестара. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але — беспаспяхова, — сказала яна. — На наш погляд, вельмі значна стрымлівае інвестыцыйную актыўнасць дзяржаўнае рэгуляванне. Прадстаўнікі Міністэрства эканомікі з патэнцыйным інвестарам пагаджаюцца, выказваюць гатоўнасць ісці на ўступкі, інакш ён больш не прыйдзе. Але калі для нашага прадпрыемства стварыць такія ўмовы, то мы і без інвестара справімся, ён нам не патрэбны.
Галоўны рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід ФРЫДКІН казаў пра супярэчнасць паміж нашымі чаканнямі эфекту ад замежных інвестыцый і цікавасцю саміх інвестараў. «Прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі ствараюцца як спосаб прасоўвання сваіх тавараў на рынкі Адзінай эканамічнай прасторы, — казаў ён. — У значна меншай ступені замежныя інвестары заклапочаны тым, каб прывесці сюды новыя тэхналогіі і сучасны менеджмент. Крэдыторская запазычанасць перад замежнымі інвестарамі ў вялікай ступені і стварыла нам адмоўнае сальда ў знешнім гандлі. Пры гэтым беларускае заканадаўства значна менш стымулюе прыцягненне рэальных замежных інвестыцый у статутныя фонды, чым процідзейнічае такой сістэме».
Ключавое пытанне ў тым, лічыць эксперт, каб даць магчымасць замежным інвестарам тут зарабляць. «Не толькі праз прыбытак па даных бухгалтарскага ўліку, але і праз павышэнне кошту саміх беларускіх прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца аб'ектамі іх інвеставання». Аднак гэта ўпіраецца ў неразвітасць фондавага рынку ў Беларусі.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.