Якія міфы перашкаджаюць нам разумець адно аднаго, каб стаць сексуальна шчаслівымі?
— Наогул пад сексуальнасцю маюць на ўвазе прыроджаную патрэбу арганізма ў захаванні віду, — расказвае ўрач-сексолаг Мінскага гарадскога псіхіятрычнага дыспансера Мікалай ХВАШЧЫНСКІ. — Для фізічнага жыцця канкрэтнага чалавека сексуальнасць не такая ўжо і важная. Гэта не такая жыццёвая патрэба, як харчаванне, дыханне, адпачынак і г. д. Незадаволеныя сексуальныя патрэбы не прыводзяць да гібелі індывіда. Аднак сексуальнасць мяняе якасць жыцця, робіць яе больш яркай і насычанай радасцю ад знаходжання побач з іншым чалавекам.
Сексуальныя адносіны — гэта не толькі працяг роду, але і развітанне з адзінотай, магчымасць зліцца з партнёрам у адзінае цэлае. Гэта асаблівая форма стасункаў, наймацнейшая прывязанасць, калі можна сказаць не «Я хачу жыць з ім», а «Я не магу жыць без яго!». Ці гэта не каханне?
Яшчэ сексуальнасць дазваляе перажыць ні з чым не параўнальную пачуццёвую асалоду ад блізкасці. Яе недарма называюць інтымнай (глыбока асабістай, задушэўнай). У сексуальных стасунках мы самасцвярджаемся ў вачах партнёра, выказваючы яму сваё каханне. У інтымнай блізкасці чалавек адкрываецца поўнасцю, дазваляе пазнаць сябе такім, які ён ёсць, адкідвае страх быць непрынятым.
Не варта забывацца аб значэнні сексуальнасці як сродку пераадолення стрэсаў, дасягнення стану фізічнага і псіхічнага камфорту. Інтымная блізкасць — гэта адносіны не толькі цел, але і асоб.
Ёсць людзі, якія аб'яўляюць сябе асексуаламі — а значыць, абыходзяцца без сексу. Гэта свядомы выбар ці вымушаны стан «утаймавання плоці» пад уздзеяннем нейкіх абставін? Ці збядняюць такія людзі сваё жыццё? Па-першае, нельга назваць абсалютна асексуальным жыццё людзей, якія адмаўляюцца толькі ад палавых кантактаў, але пры гэтым могуць падтрымліваць рамантызм і эротыку ў адносінах з процілеглым полам. Часткова можна задаволіць сваю сексуальнасць і такім чынам, без фізічнага кантакту. Вось калі нехта любыя стасункі абмяжоўвае выключна фармальнымі або дзелавымі рамкамі, то іх хочацца пашкадаваць. Бо нешта вельмі… чалавечае пройдзе міма.
Сексуальнасць — гэта дар, якім кожны можа скарыстацца, каб напоўніць сваё жыццё. Хоць яна ўласцівая ўсім людзям, яе праяўленне звязана не толькі з асаблівасцямі асобы, але і з палавымі адрозненнямі. Калі не ўлічыць адрозненні паміж мужчынскай і жаночай сексуальнасцю, гэта можа стаць прычынай сексуальнай дысгармоніі ў пары.
Для мужчын характэрна больш выражанае сексуальнае жаданне. Мужчыны часцей выступаюць ініцыятарамі сексуальнай блізкасці, праяўляюць сексуальную напорыстасць і нястрыманасць. Па выніках даследаванняў, маладыя людзі ва ўзросце 12–19 гадоў практычна пастаянна думаюць пра секс, а мужчыны ад 40 да 49 гадоў — раз у паўгадзіны.
Мужчынам традыцыйна чамусьці прыпісваюць універсальнае жаданне сексуальнай разнастайнасці і кароткатэрміновых сувязяў, меншае эмацыянальнае ўцягванне ў інтымныя адносіны. Аднак тут ёсць з чым паспрачацца. Падобнае «прыпісванне» грунтуецца на некалькіх міфічных пастулатах:
Сапраўдны мужчына правяраецца найперш у сексе.
Мужчына заўсёды жадае сексу і заўсёды гатовы да яго.
У сапраўднага мужчыны няма сексуальных праблем.
Добры секс адбываецца сам сабой, без падрыхтоўкі і лішніх размоў.
Секс і палавы акт — адно і тое ж.
У сексе мужчына не павінен слухацца жанчыну.
Адмовіцца ад сексу — распісацца ў няздольнасці як мужчыны.
Секс — гэта работа.
Добры секс абавязкова завяршаецца аргазмам.
Мужчына павінен «давесці» партнёрку да аргазму.
Чым больш жанчын і палавых актаў, тым лепш.
Інтымная блізкасць — працяглы палавы акт, пяшчоты і ласкі другасныя.
Мужчыны, якія становяцца заложнікамі падобных міфаў, губляюць сваю індывідуальнасць і расплачваюцца страхам перад магчымай сексуальнай няўдачай. Так званая «выканаўчая трывожнасць» — яшчэ адна асаблівасць мужчынскай сексуальнасці. Мужчынам уласціва зацыклівацца на тэхнічным баку сексу і ператвараць кожны палавы акт у экзамен сваёй «баяздольнасці».
З іншых адрозненняў трэба прыгадаць адставанне палавога выспявання ў мужчын ад жанчын на 1–2 гады, але больш ранні пачатак палавога жыцця.
Пік сексуальнай актыўнасці ў мужчын прыпадае на 20–25 гадоў. У гэтым узросце яны з гатоўнасцю аддадуць перавагу сексу перад іншымі заняткамі і ахвяруюць любымі рэсурсамі дзеля яго.
Сексуальнасці жанчыны ўласцівая большая псіхалагічнасць. У гэтым выпадку сексуальная задаволенасць залежыць у асноўным ад узроўню стасункаў з партнёрам і ў меншай ступені звязана з аргазмам. Вядучую ролю ў палавых паводзінах жанчын адыгрывае не імкненне да палавога акту, а ацэнка асобы мужчыны. Асноўны матыў палавой блізкасці для жанчыны — любоў да партнёра. Прыярытэт для жанчыны мае мацярынскі інстынкт.
Росквіт жаночай сексуальнасці надыходзіць не адразу пасля пачатку палавога жыцця. Вось вынікі даследаванняў: у першыя 3 месяцы пасля замужжа аргазм перажылі каля 20 працэнтаў жанчын, праз 1 год — каля 40 працэнтаў, праз 5 гадоў — каля 70, пасля 10 гадоў — каля 90.
Пік сексуальнай актыўнасці назіраецца пасля 30 гадоў.
Для ілюстрацыі жаночай і мужчынскай сексуальнасці можна прыгадаць такія радкі: «Яны закаханыя і шчаслівыя. Ён: «Калі цябе няма, мне здаецца, што ты проста выйшла ў суседні пакой». Яна: «Калі ты выходзіш у суседні пакой, мне здаецца, што цябе больш няма».
Адрозненні ў сексуальнасці мужчын і жанчын нічога не кажуць пра іх маральнасць або інтэлект. Кідацца прымітыўнымі фразамі кшталту «Усе мужчыны жадаюць толькі аднаго» або «Жанчынам патрэбны толькі кашалёк» — па меншай меры, несур'ёзна. На тое нам і дадзены розум і пачуцці, каб кожны мог пракладваць сваю дарогу.
Аднак сексуальнасць сама па сабе не з'яўляецца нечым статычным. Яна паддаецца ўплыву сацыяльных працэсаў. У сучасным грамадстве — свае тэндэнцыі развіцця сексуальнасці.
Па-першае, адбываецца ломка традыцыйных стэрэатыпаў размеркавання мужчынскіх і жаночых сацыяльных роляў. Сыходзіць у мінулае падзел прафесій на мужчынскія і жаночыя. Правіла «трох К» (з нямецкай — «дзіця», «царква», «кухня») ужо не актуальнае. Умацоўваецца матэрыяльная незалежнасць жанчын. Нават пытанне зачацця жанчыны могуць вырашаць без мужчынскага ўдзелу.
Па-другое, кардынальныя змены адбыліся ў інстытуце сям'і і шлюбу. Патрыярхальны ўклад не ў модзе. Больш сем'яў арыентуецца на роўнасць партнёраў. Змяншаецца памер сям'і. З'яўляецца ўсё больш няпоўных сем'яў. Распаўсюджанне атрымалі альтэрнатыўныя формы шлюбу (сужыцельства, пробны шлюб, серыйная манагамія, сексуальна адкрытыя шлюбы).
Па-трэцяе, назіраецца крах многіх антысексуальных установак. Грамадства стала больш талерантным да дашлюбнай і пазашлюбнай сексуальнай актыўнасці. Аслабеў «двайны стандарт», калі мужчынам у сексуальным сэнсе дазвалялася намнога больш, чым жанчынам. Звузілася сфера забароненага ў культуры, назіраецца цярпімасць да адхіленняў у праяве сексуальнасці.
Тым не менш, мы па-ранейшаму застаёмся мужчынамі і жанчынамі і па-ранейшаму адчуваем патрэбу ў блізкасці. Мы жадаем поўнасцю даверыцца іншаму чалавеку, набыць узаемаразуменне і ўзаемную павагу. Мы жадаем поўнасцю пагрузіцца ў стан кахання, пры якім шчасце партнёра становіцца абсалютна неабходным для нашага існавання. І ўсяму гэтаму дапамагае наша сексуальнасць!
Святлана БАРЫСЕНКА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.