Міхась Краснабаеў пра тое, што забываць не варта
Ідэю стварыць пастаноўку паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатр імя Якуба Коласа Міхась Краснабаеў выношваў на працягу дзесяцігоддзя.
Нарэшце віцебскі глядач можа паглядзець гэты яркі, кранальны па сваёй драматургіі спектакль, і гэта добры знак у сучасным нацыянальным мастацтве.
Пасля спектакля мы сустрэліся з рэжысёрам, каб пагаварыць пра тое, як ішла работа над пастаноўкай і чаму менавіта гэты спектакль з'явіўся на коласаўскай сцэне.
— Ваш творчы шлях на гэтай сцэне пачынаўся менавіта з нацыянальнай драматургіі, першай роляй быў Сымон-музыка ў аднайменнай пастаноўцы па паэме Якуба Коласа. Коласаўскі тэатр заўсёды вылучаўся сваім падыходам да нацыянальнай драматургіі. Як доўга вы ішлі да сцэнічнага ўвасаблення рамана Караткевіча?
— Гэта мая чацвёртая пастаноўка паводле творчасці Караткевіча. Пісьменнік прываблівае мяне тым, што яго Беларусь — не край мужыкоў у лапцях, а краіна замкаў, з глыбокімі каранямі. У яго вельмі інтэлігентная мова. Першы спектакль — «Вераб'іная ноч», пралог да рамана «Нельга забыць», выйшаў у 1997 годзе. Затым — «Ладдзя роспачы», якая атрымала трэцюю прэмію ў рэспубліканскім конкурсе п'ес для тэатра ў намінацыі «Інсцэніроўка па творах беларускай літаратуры». Гэта быў музычны спектакль, які доўгі час ішоў на нашай сцэне. За спектакль «Леаніды не вернуцца на Зямлю» атрымаў падзяку міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
У працы над інсцэніроўкай «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» разумеў, што гэты раман — энцыклапедыя беларускага жыцця. У ім столькі цудоўных дыялогаў, гумару. Але трэба было адсякаць лішні матэрыял, які можа перашкаджаць цэласнасці спектакля.
— Як вы наладзілі супрацоўніцтва з вядомым беларускім кампазітарам Сяргеем Картэсам?
— З Сяргеем Альбертавічам мяне пазнаёміў наш дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Данілавіч Анісенка. Картэс прачытаў раман і пазваніў мне: вязі інсцэніроўку. Яму спадабалася. У адносінах да Караткевіча мы сталі аднадумцамі, нашы стасункі аказаліся даволі плённымі. Кампазітар нават прызнаўся, што ні ў адным спектаклі яго музыку так дакладна не выкарыстоўвалі, як у нашай пастаноўцы.
— Наколькі вам удалося дасягнуць узаемапаразумення з акцёрамі?
— Акцёр заўсёды адчувае, калі мае справу з добрым літаратурным матэрыялам. Мы разам ставілі спектакль пра сваю краіну. Адчуваецца, калі акцёру ёсць што дадаць ад сябе для паўнаты ролі. Галоўную ролю Юрася Братчыка, учарашняга шкаляра, сыграў малады акцёр Дзіма Каваленка. І гэта стала добрым адкрыццём і для мяне, і для тэатра. Чаму ў яго атрымалася? Для выканання гэтай ролі важна было ўмець адчуць чужы боль, каб свядома пайсці на смерць. Час сярэднявечча, пра які распавядае спектакль, звяртае нас да вечнай тэмы: хто мы, адкуль, чаму і навошта. Дарэчы, мне падабаецца тое маладое папаўненне, што прыйшло да нас з Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў: акрамя Дзмітрыя назаву яшчэ Рамана Салаўёва, Арцёма Герака, Антона Мінчыка. Пасля акадэміі да нас далучыўся акцёр Арцём Блахін. Змена расце. Але, як казала славутая Стэфанія Станюта, нам, выпускнікам тэатральнага інстытута, сваю галоўную адзнаку адпаведнасці майстэрству ставіць жыццё. На самой справе, мастак ніколі не можа быць задаволены сваёй працай.
— Што трэба сёння рабіць, каб вяртаць гледача да нацыянальнай класікі?
— Чалавек разумее любы твор мастацтва на ўзроўні свайго развіцця. Пакуль мы з гледачом размаўляем на розных мовах. Гэта нонсэнс, калі мова тытульнай нацыі адштурхоўвае чалавека ад паходу ў тэатр, ад размовы пра адвечнае. Са старажытнасці інтарэсы чалавека мала змяніліся. Барацьба за сферу інтарэсаў толькі ўзмацняецца, а чалавек удасканальвае сваю «пячору» і зброю забойства...
Мы наўмысна мінімізавалі расходы на дэкарацыі ў спектаклі, бо разумелі: калі палезеш у побыт, не вылезеш з яго. Варта абазначыць тэатральны працэс і захапіць гледача жывой ігрой і жыватворнай ідэяй.
---------
Прыгадваюцца словы са спектакля: «Добра, людзі! Будзе вам цуд і хлеб». Юрась Братчык з тых, пра каго слушна кажа пісьменнік: «Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем і чысцінёй думак».
Увасабленне гістарычнага рамана Караткевіча на сцэне Беларускага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа дае шанц нашым сучаснікам задумацца пра тое, наколькі багатая гісторыя Беларусі — краіны замкаў і палацаў, блакітных азёр і суровых пушчаў. Таму верыцца, што спектакль «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» чакае доўгае жыццё на сцэне.
Святлана Дзядзінкіна,
Фота з архіва тэатра.
г. Віцебск
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.