Днямі Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб старце рэспубліканскага конкурсу «Песня для Еўрабачання», у фармаце якога ўжо традыцыйна праходзіць нацыянальны адбор на дзіцячы песенны конкурс. Згодна з палажэннем, удзельнічаць у ім змогуць артысты, якім на дзень міжнароднага фіналу (ён пройдзе 15 лістапада на Мальце) споўніцца не менш за 10 і не больш за 15 гадоў.
На конкурс запрашаюцца як таленавітыя беларускія падлеткі, так і замежнікі — пры ўмове іх пражывання ў Беларусі як мінімум 2,5 года. Спяваць жа трэба на беларускай ці рускай мовах, з абавязковым удакладненнем: конкурсныя песні нельга публічна выконваць, выкарыстоўваць у тэле- і радыёэфіры, а таксама распаўсюджваць праз інтэрнэт да 1 мая гэтага года.
«Заяўкі ад артыстаў і іх прадстаўнікоў трэба адпраўляць каштоўнымі бандэролямі на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай «На рэспубліканскі конкурс «Песня для Еўрабачання»,
— паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. — Зрабіць гэта трэба да 9 чэрвеня ўключна. Да 17 чэрвеня ўключна журы падвядзе вынікі адборачнага тура і вызначыць ад 7 да 10 фіналістаў нацыянальнага адбору. Фінальны ж канцэрт адбудзецца 29 жніўня, і на ім гледачы і журы сумесна выберуць прадстаўніка нашай краіны на дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне‑2014».
Для Беларусі, якая ўдзельнічае ў дзіцячым конкурсе з моманту яго заснавання ў 2003 годзе, гэтае творчае спаборніцтва складваецца, без перабольшання, шчасліва. У скарбонцы нашых юных артыстаў дзве перамогі — Ксеніі Сітнік (2005) і Аляксея Жыгалковіча (2007), 2‑е месца Андрэя Кунца (2006) і два 3‑я месцы — Ліды Заблоцкай (2011) і Ільі Волкава (2013).
Тым часам
15 сакавіка ў сталіцы «Еўрабачання‑2014» Капенгагене адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дэлегацый краін — удзельніц конкурсу. Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні БТРК Маратам Маркавым прадставіць арганізатарам увесь пакет матэрыялаў, неабходны для ўдзелу спевака Тэа (Юрыя Вашчука) у конкурсе. Арганізатары ж, як чакаецца, падчас сустрэчы паведамяць, калі будзе вызначаны канчатковы парадак выступленняў усіх 37 удзельнікаў «Еўрабачання». Пакуль што вядома толькі, што прадстаўнік Беларусі выступіць 8 мая, у другой частцы 2‑га паўфіналу, а канкурэнцыю яму складуць выканаўцы з Аўстрыі, Грузіі, Грэцыі, Ізраіля, Ірландыі, Літвы, Македоніі, Мальты, Нарвегіі, Польшчы, Румыніі, Славеніі, Фінляндыі і Швейцарыі.
Дарэчы, убачыць на свае вочы конкурс і ўласна выступленне Тэа зможа яшчэ нехта з беларусаў. Дакладней, той, хто пераможа ў конкурсе кавер-версій песні «Сhееsесаkе». 20 сакавіка ў эфіры «Радыус-FM» будзе названа імя аўтара лепшай аранжыроўкі, які, акрамя білета на другі паўфінал «Еўрабачання», зможа таксама выканаць свой варыянт еўрахіта ў прамым эфіры праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!».
Між тым са сваімі дэлегатамі на дарослы конкурс не вызначыліся яшчэ 5 краін-удзельніц: Нарвегія, Партугалія, Малдова, Бельгія і Расія. Нашы суседзі сёлета праводзяць закрыты адбор, фаварытамі якога, па непацверджаных пакуль чутках, з'яўляюцца колішнія пераможцы дзіцячага «Еўрабачання‑2006» сёстры Талмачовы (на фота).
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.