Сёлетняя паводкавая сітуацыя — пакуль што адна з самых спакойных за апошнія некалькі гадоў.
— На гідралагічны ўзровень рэк вясной моцна ўплывае зімовае надвор'е. Сёлета зіма была адметнай сваімі павышанымі тэмпературамі і частымі адлігамі, — расказала журналістам падчас прэс-канферэнцыі начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Марына Нагібіна
.
Па яе словах, лютаўская адліга паспрыяла таму, што ўзровень вады ў рэках пачаў падымацца яшчэ напрыканцы зімы. Прычым паказальнікі пад'ёму былі аднымі з самых нізкіх за апошнія гады. Напрыклад, на Бярэзіне ў раёне Барысава максімальны ўзровень паводкі пабіў рэкорд гістарычнага мінімуму, зафіксаванага ў 2003 годзе. Марына Нагібіна адзначыла, што пакуль вялікага разліву рэк чакаць не даводзіцца.
Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, тым не менш, да ліквідацыі паводкі падрыхтаваныя.
— Быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў па кантролі паводкавай сітуацыі. Так, напрыклад, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі працуюць спецыялізаваныя аператыўныя штабы, вядзецца ўлік населеных пунктаў і дамоў, якія ў выпадку паводкі рызыкуюць быць падтопленымі, — распавёў начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Андрэй Юржыц.
Таксама ён паведаміў пра стварэнне 15 атрадаў, якія ў стане весці ўсе неабходныя работы па ліквідацыі паводкі. Пакуль што такія захады не патрэбны.
Тым не менш, сіноптыкі раяць «не расслабляцца», бо ў хуткім часе на Беларусь адзін за адным прыйдуць тры магутныя цыклоны, якія прынясуць з сабой узмацненне ветру і ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Паляпшэння надвор'я варта чакаць не раней, чым напрыканцы наступнага тыдня.
Ганна ГАРУСТОВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».