Магілёўшчына славіцца гаючай вадой, а калодзежы Фядоры Конюхавай рэкламуе нават афіцыйны сайт Бялыніцкага райвыканкама
Сёння аграэкатурызм — галоўная цікавінка беларускай глыбінкі. Гэта вельмі актуальна ў Год гасціннасці. Экзатычных сядзіб цяпер шмат, таму, каб зацікавіць кліента, трэба мець нейкую «разыначку». Здаецца, у Бялыніцкага раёна яна ёсць. Тая самая знакамітая знахарка Фядора, да якой у 90-я гады мінулага стагоддзя стаялі вялікія чэргі.
Цяпер яна, акрамя лячэбных паслуг, аказвае яшчэ і... турыстычныя. Іншымі словамі, Фядора для райцэнтра не толькі лекарка, да якой у пошуках цуду звяртаецца народ, але яшчэ і прадпрымальніца, якая робіць для роднай спадчыны карысную справу — плаціць у мясцовую казну падаткі. Яе сядзіба так і называецца «У Фядоры Данілаўны». На афіцыйным сайце райцэнтра нават ёсць спасылка на гэты «аб'ект адпачынку і вольнага часу». З невялікага каментарыя можна даведацца пра тое, што «гаспадыня мае значныя веды ў галіне народнай медыцыны». А аматараў цішыні і фотапалявання чакаюць прагулкі па лесе, дзе шмат грыбоў і ягад, а таксама багаты жывёльны і раслінны свет. Да паслуг адпачывальнікаў — дыхтоўны двухпавярховы дом, які знаходзіцца на ўскрайку лесу.
Ад Бялынічаў да вёскі Пільшычы, дзе жыве Фядора, каля 25 кіламетраў. Гэты куток нават не кранула радыяцыя. Мясціны тут і насамрэч маляўнічыя. Але з транспартам — праблемы. Дзякуй, выручыў выканаўца абавязкаў старшыні Цяхцінскага сельсавета Аляксандр Цыбульскі.
Пакуль едзем, ён распавядае пра зямлячку: «У яе — дар, моцная энергетыка. Яна лечыць бескантактавым масажам, вадой і глінай. Цяпер ажыятажу няма, але людзі звяртаюцца. Магчыма, ёсць і такія, хто вылечыўся, але яны не прызнаюцца. Казаць, што гэтае лячэнне — панацэя, нельга. Адны людзі вераць, што ім яно дапамагае, іншыя — не».
Машына ў апошні раз вынырвае з лесу, і перад вачыма паўстае вёска Пільшычы — каля дзясятка хат, раскіданых паабапал дарогі. Двухпавярховы катэдж — тая самая Фядорына гасцініца — адразу кідаецца ў вочы. На падворку шмат гаспадарчых пабудоў. «Прыехалі!» Навокал — цішыня і, на дзіва, ніякіх чэргаў. Гукаем гаспадыню. Аб візіце карэспандэнта ёй ужо загадзя паведамілі па тэлефоне. Вось і яна. Нягледзячы на свае амаль 88 гадоў, выглядае маладжава. І апранута, як гараджанка: у прывабную сукенку па фігуры. Валасы акуратна пастрыжаны і завіты. Адчуваю на сабе ўважлівы позірк карых вачэй. «Толькі праўду напішыце, — патрабуе яна. — А то былі тут да вас... Усякае глупства напрыдумвалі».
«Маці майго бацькі валодала гіпнозам»
У чырвоным куце вялікага светлага пакоя, куды нас запрашае гаспадыня, — абразы ў некалькі ярусаў. Пасярэдзіне — вялікі абраз святой Матронушкі, Багародзіца, Ісус. Побач са святымі — партрэты сваякоў. Каля Мікалая Цудатворца — фотаздымак ваеннага ў кепцы. Пра яго Фядора кажа з павагай: «Гэта мой дзед Філіп — анёл-ахоўнік». Ён загінуў падчас рэвалюцыйных хваляванняў у пачатку ХХ стагоддзя ў Кіеве. Менавіта ён «наказаў» унучцы ў сне лячыць калодзежнай вадой. Яго «загады» Фядора выконвае, чаго б ёй гэта ні каштавала. Кажа, што можа праігнараваць прапанову жывога чалавека, а вось дзедаву — ніколі. Нават яго партрэтаў зрабіла столькі, каб былі ў кожным пакоі. Паважаць продкаў — гэта святы абавязак кожнага, настаўляе яна. Як і зямлю, на якой яны жылі. Фядора адчувае моц зямлі сваіх продкаў і гэта натхняе яе.
— А яшчэ мы пакутуем ад таго, што шмат дрэнных слоў ведаем, — павучае Фядора. — Напрыклад, нельга казаць «спасибо», трэба — «Спасі Бог». Тады будзе дапамога. Я гэта бачыла ў сне. А яшчэ, калі просіш у Бога здароўя, трэба яму яшчэ і падзякаваць за дапамогу.
...Незвычайныя здольнасці Фядоры яе бацька заўважыў яшчэ тады, калі ёй было 3 гады. Аднойчы ён ляжаў у бальніцы, і, калі да яго прывялі дзяўчынку, адчуў, як раптам боль адступіў. Пакуль яна сядзела побач і гладзіла па руцэ, было добра, а калі выходзіла за дзверы, зноў пачынала ўсё балець. Мужчына быў упэўнены: гэтая гаючая сіла ў дачкі — ад яго маці. Яна валодала гіпнозам і працавала лекаркай у мясцовага памешчыка. Памерла ў 1914 годзе ад чумы. Здаецца, нейкім незразумелым чынам бабуля перадала дар унучцы, якая з'явілася на свет роўна праз 13 гадоў пасля яе смерці — у 1927 годзе. Фядора памятае, як бацька вадзіў яе ў цырк «развіваць талент». Дзе яшчэ можна было ўбачыць, як працуюць ілюзіяністы? А потым была вайна, з якой ён не вярнуўся...
Калодзежы Фядоры
Сон, які, па сутнасці, вызначыў яе лёс, Фядора ўбачыла пад канец вайны, калі разам з роднымі была ў эвакуацыі. У ім дзед «патрабаваў», каб яна вярталася ў родную вёску і працавала з вадой. Яна так і зрабіла.
— Вёска была спалена, а на тым месцы, дзе стаяла хата, за 4 гады вырасла вярба, з-пад якой выцякаў ручай, — успамінае лекарка. — Гэтая вярба мне і прыснілася. Я нават чула голас: «Пад ёй і капай». Разам з маці ўзяліся за работу і на глыбіні амаль 3 метры наткнуліся на старадаўні зруб. Гэта быў першы наш калодзеж. Цяпер іх — шэсць.
Фядора кажа, што менавіта гэтая вада дапамагла ёй аднойчы вярнуцца з таго свету. Жыццё склалася такім чынам, што яна разам з мужам і дзецьмі доўгі час жыла ў Казахстане. Там яна трапіла ў цяжкую дарожную аварыю, пасля якой цудам засталася жыць. Урачы нават не спадзяваліся, што пацыентка ачуняе. Яна — таксама. Таму і вырашала ехаць паміраць на радзіму. Піла ваду і, на здзіўленне ўсім, выжыла.
— У мяне нават ёсць дакументы, што гэтай вадзе няма роўных у свеце, — кажа яна і працягвае пажоўклы фірменны бланк... Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы з заключэннем «па даследаванні метаду біяэнергетычнай індукцыйнай актывацыі донара Фядоры Конюхавай для вывучэння магчымасці лячэння хворых хірургічнага профілю». У ім і сапраўды даецца навуковая адзнака і пільшыцкай вады, і лекавых здольнасцяў Фядоры. Бянтэжыць толькі... адсутнасць пячаткі на дакуменце і нумар яго рэгістрацыі.
Фядора, між тым, знаходзіць сярод сваіх паперак яшчэ адзін «доказ» — засвечаную фотакартку з адбіткамі сваіх пальцаў, ад якіх быццам зыходзіць ззянне. Яна ўдакладняе: «Гэта мае рукі. Энергія, якая з іх выходзіць, — жывое іголкаўколванне». Кажа, што здымак зроблены ў медінстытуце ў канцы 1970-х гадоў.
— Гэта тут для мяне няма гонару, а ў Маскве ўсе акадэмікі вакол мяне танцавалі, — абураецца яна. — Магла б нядрэнна ўладкавацца ў Расіі, але ж на радзіму пацягнула. 25 гадоў таму вярнулася дадому і лячу людзей. У тым ліку і безнадзейных. Калі не верыце, магу даць тэлефоны тых, каму дапамагла.
— А вы за лячэнне грошы бераце? — пытаюся я.
— А хто без грошай жыве? Вядома, бяру. Колькі даюць — столькі і бяру. Гасцініцу ж трэба неяк утрымліваць.
Гасцініца чакае наведвальнікаў
Яна знаходзіцца побач з домам, дзе жыве сама Фядора. Для турыстаў тут створаны ўсе ўмовы: ёсць душ, санвузел, пакой для ежы. Унутры ўсё аздоблена дрэвам. З мэблі — толькі неабходнае. Напрыклад, у двухмесным нумары 2 ложкі, стол, тумбачка, шафа. І ў кожным пакоі — абразы святых і ... сваякоў Фядоры. Пакуль кліентаў няма, у адным з нумароў стаіць таз з перцамі. Фядора радуецца: расада добра ўзышла. Побач з гасцініцай — агарод, дзе Фядора з дапамогай дачкі вырошчвае бульбу і агародніну. Ураджаю хапае і сабе, і пастаяльцам. Фядора нават свой хлеб выпякае, а ў краме купляе толькі самае неабходнае.
— Шкадую аб адным, — кажа яна напаследак. — Памру — і гэтае месца без догляду застанецца. Вада тут вельмі каштоўная, такой нідзе не знойдзеш. Яна — жывая. Нездарма ў савецкія гады сам міністр аховы здароўя Яўген Чазаў рэкамендаваў тут санаторый пабудаваць. Добра яшчэ, што знайшліся памочнікі, якія дапамаглі мне гасцініцу ўзвесці. Усё ж такі людзям зручней.
Калі развітваліся з Фядорай, да сядзібы пад'ехалі некалькі машын. Пацыентаў у жанчыны ўсё яшчэ хапае.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара.
Меркаванне ў тэму
Аляксандр Плятнёў, настаўнік фізікі Магілёўскага ліцэя БРУ:
— Людзі, якія кажуць пра свае энергетычныя магчымасці, проста добрыя псіхолагі. У медыцыне такі феномен называецца «эфект плацэба». Увесь сакрэт у тым, што «пацыент» проста верыць у тое, што яму такое «лячэнне» дапаможа. Але пакуль навуковых доказаў гэтаму няма, гарантыі на станоўчы вынік ніхто даць не зможа.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».